Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Целякі: “Калі дзед на Каляды захоча выпіць, атрымае па лбе!”


Ягор Маёрчык, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Мужыкоў на возе я перахапіў на выезьдзе зь вёскі. Пад сенам яны хавалі бітоны з брагай. Уся кампанія скіроўвалася ў блізкую Белавескую пушчу, каб выгнаць да сьвятаў самагону. Сьпярша спадарства падумала, што я міліцыянт, які паводле антыалькагольнага дэкрэту за незаконны выраб сьпіртовых напояў штрафане іх на пару мільёнаў рублёў. Калі я прадставіўся, вяскоўцы з палёгкай уздыхнулі. Пагутарыць пагадзіўся толькі адзін з трох.

(Спадар: ) “Летась пэнсіянэрам далі два мяхі збожжа кожнаму, а цяпер зусім не далі, кажуць, што няма. Як беднаму саўгасьніку жыць?”

(Карэспандэнт: ) “А чым вы сваіх курэй корміце?”

(Спадар: ) “Бохан хлеба набудзеш, ці бульбу пакрышыш”.

(Карэспандэнт: ) “Як прайшоў 2005-ты?”

(Спадар: ) “Бульба добрая ўрадзіла — гэта адзінае шчасьце”.

(Карэспандэнт: ) “А што хочацца набыць, але няма грошай?”

(Спадар: ) “Хочацца набыць нечага смачнага паесьці, балычка якога. Як парася заб’еш, скварка ляжыць увесь год”.

(Карэспандэнт: ) “А вы перад самым сьвятам сьвінчо каліце — і будзе сьвежае”.

(Спадар: ) “Сьвінчо трэба трымаць да вясны, каб хапіла на цэлы год”.

(Карэспандэнт: ) “Як будзеце сьвяткаваць?”

(Спадар: ) “Вельмі проста: бяру чарку з бутэлькай і сядаю за стол”.

(Карэспандэнт: ) “А ў касьцёл ці царкву пойдзеце на Каляды?”

(Спадар: ) “Абавязкова. У Поразаве ёсьць і царква, і касьцёл — маліся, хоць лоб расшыбі”.

(Карэспандэнт: ) “Кажаце, хочацца смачненькага... Трымайце ў падарунак цукерку”.

(Спадар: ) “О, шакаляд! Вялікі дзякуй!”

Ужо праз пару хвілінаў на іншым канцы вёскі я наведваюся ў хату да бабы Ядзі. Пара дзясяткаў насельнікаў гэтага паселішча ў Сьвіслацкім раёне Гарадзеншчыны амаль роўна дзеліцца на каталікоў і праваслаўных. Баба Ядзя ходзіць да касьцёлу, а гэта значыць, што Каляды яна адсьвяткуе раней за сваіх суседзяў.

На самым ганку хаты я апранаю на сябе чырвоны капялюш і белую бараду Дзеда Мароза.

(Ядзя: ) “О-о-о! Які Дзед Мароз!”

(Карэспандэнт: ) “Так, Дзед Мароз да вас. Як пражылі 2005-ты?”

(Ядзя: ) “Звычайна. Жывем, хлеб жуем, і ўсё тут”.

(Карэспандэнт: ) “Як будзеце сьвяткаваць?”

(Ядзя: ) “Як Бог дасьць, так і адсьвяткуем. Ніякіх такіх прысмакаў ня будзе, згатуем тое, што і звычайна”.

(Карэспандэнт: ) “Бульба? Хлеб? Сто грамаў?”

(Ядзя: ) “Сто грамаў на Каляды нельга! У першы дзень сьвята сто грамаў ня дам, хай сабе як хочуць!”

(Карэспандэнт: ) “А калі ваш дзед захоча выпіць?”

(Ядзя: ) “Атрымае па лбу!”

(Карэспандэнт: ) “Вы яму падарунак падрыхтавалі?”

(Ядзя: ) “Хай ідзе да касьцёлу і моліцца да сябе і за мяне — вось і будзе яму падарунак”.

(Карэспандэнт: ) “А сыну нешта падарыце?”

(Ядзя: ) “Падары яму літар гарэлкі — будзе прыемна. Але я не хачу такога рабіць. Дзякуй богу , што ён адмовіўся і да Калядаў ня п’е. Мне ўжо вялікая радасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Хай бы ўжо і пасьля Калядаў ня п’е”.

(Ядзя: ) “Каб ён так вытрымаў, але гэта цяжкая справа”.

(Карэспандэнт: ) “Што хочаце, каб у наступным годзе адбылося?”

(Ядзя: ) “Каб сын кінуў піць — гэта была б радасьць. Тады б і жыцьцё стала цікавейшым. У кожнага чалавека ёсьць свая сіла волі. У яго сіла волі ёсьць, але бракуе веры”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам гадоў?”

(Ядзя: ) “75. І мне старасьць ня радасьць. Як бы дажыць? Прыяжджала да мяне дачка. Я ёй загадала пашыць на сьмерць сукенку. А яна яе не прывязла. Цяпер мяне і доўбняю не заб’еш!”

Тое, што для гарадзкога чалавека можа быць прысмакам, для вяскоўца — штодзённая ежа. І наадварот. Стары самагоншчык марыць пра кавалачак балыка, а ў мяне разьбегліся вочы, калі я зайшоў у хату да пэнсіянэра Альфонса Ўласа. Уявіце, праз увесь пакой пад стольлю вісіць жардзіна, на якой сушацца дзясяткі абаранкаў пальцам пханай каўбасы.



Я пасьпяшаўся выказаць гаспадару сваё захапленьне:

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас каўбасаў!”

(Улас: ) “Будзе з чым сустрэць Новы год! Каўбаска свая, сальца сваё, на Каляду яшчэ і аплатка будзе. А дванаццатай ночы пойдзем у касьцёл, пасьля прыйдзем адпачнем і будзем гатаваць сьняданак”.

(Карэспандэнт: ) “Вы, можа, да каго ў госьці пойдзеце ці да вас нехта прыйдзе?”

(Улас: ) “У мяне сястра ў Заполічах жыве, запрашала. Але мне ўжо цяжка ісьці: сьлізка, я яшчэ і паваліцца магу”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэты год прайшоў: болей было добрага ці дрэннага?”

(Улас: ) “Добрае: пэнсію павялічылі і грошай хапае. Было і дрэннае — я пацярпеў ад алькаголікаў. Мяне зьбілі. Я зьвяртаўся да ўчастковага, каб дапамог. Але з такім участковым мы нікога не знайшлі. Каб Лукашэнка ўзяўся, і гэтую самагонку выдалілі. Бяда адна толькі ад яе. У вёсцы засталося толькі пару маладых. Яны гоняць самагонку і гэтым жывуць”.

(Карэспандэнт: ) “Маленькі падарунак— частуйцеся цукеркамі! Каб у наступным годзе ўсё было добра!”

(Улас: ) “Дзякуй!”

Гастранамічную тэму мы працягваем у размове з састарэлай пэнсіянэркай Зінаідай Петруневіч. Паводле веравызнаньня, яна праваслаўная. Адпаведна, Каляды будзе сьвяткаваць пасьля Новага году.

У хату спадарыні Петруневіч я зайшоў у строі Дзеда Мароза. Скручаная ад узросту і хваробаў кабета паглядзела на мяне, як на рабаўніка ў масцы. Тут я быў вымушаны зьняць бараду і патлумачыць, што ды як. І толькі тады старая супакоілася.

(Петруневіч: ) “Ёсьць парсюк. Заколем. Я каўбасу раблю. Нажом парэжу мяса. Дадам крыху часныку і каляндры, перцу. Перамешваю, заліваю гарэлкай. Напіхваю і кішкі і засушваю. Пасьля іх абсмажыць і пакласьці ў рондаль і заліць тлушчам. Так яны добра прастаяць, не папсуюцца. А калі яе пакінуць, каўбасы высахнуць”.



(Карэспандэнт: ) “Вы можаце згадаць, як раней сьвяткавалі, калі вы былі маленькая?”

(Петруневіч: ) “Я некалі з татам паехала ў царкву. Але ў нас у хаце не было гадзіньніка. І мы туды вельмі рана прыехалі, яшчэ царква была зачыненая”.

(Карэспандэнт: ) “Дачакаліся?”

(Петруневіч: ) “А чаму не? Хутка яе адчынілі, пачалі зьбірацца людзі. Тата прыносіў у хату сена, накрывалі яго абрусам і правілі вячэру”.

Мілая бабуля Ларыса з драпежным прозьвішчам Воўк амаль не ўстае са свайго ложка. А калі й падымаецца, то перасоўваецца, абапіраючыся на два кіёчкі. Кожны крок даецца вялікім болем. Адрозна ад Зінаіды Петруневіч, няпрошаныя госьці выклікалі ў спадарыні Воўк толькі радасьць. Яе адрэкамэндавалі як пявуньню, і, уласна кажучы, прыйшоў я па калядную песьню. Забягаючы наперад, скажу, што атрымалася зусім ня тое.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Да вас Дзед Мароз!”

(Воўк: ) “Ну і добра, што не забываюць старых! Я ўжо праз акно бачыла, што Дзед Мароз па вёсцы ходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Як год прайшоў?”

(Воўк: ) “Ногі адабрала. Кульгаю. Улетку сяджу на лаўцы, а як становіцца холадна, нікуды не выходжу”.

(Карэспандэнт: ) “Пераехалі б да дачкі”.

(Воўк: ) “Яны ўсё забіраюць, а я да іх не хачу ехаць. Я тут да каго-небудзь выпаўзу і весялей будзе, а ў горадзе нікога знаёмага ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сваім дзецям і ўнукам падарункі робіце?”

(Воўк: ) “Грошы дам — і хай набываюць, што заўгодна. Некалі я сама набывала, а яны мне казалі: “Ты, мама, ня ведаеш, што нам набываць”. Тое ўжо яны ня носяць, а гэтае ўжо ня модна”.

(Карэспандэнт: ) “Як будзеце сьвяткаваць Каляды і Новы год?”

(Воўк: ) “У мяне сёстры блізка жывуць. Яны па мяне прыедуць, забяруць. За сталом выпіваем і закусваем. А пасьля сьпяваем песьні”.

(Карэспандэнт: ) “Калядныя?”

(Воўк: ) “Якія ўмеем”.

(Карэспандэнт: ) “Прасьпявайце што-небудзь!”

(Воўк: ) “Людзі скажуць, што здурнела старая!”

(Карэспандэнт: ) “Ніхто нічога ня скажа”.

(Воўк: ) “Каб горла прамачыць, можна было б і пасьпяваць”.

(Карэспандэнт: ) “А ёсьць чым прамачыць?”

(Воўк: ) “Каб было, адразу б на стол паставіла. А нічагуткі няма!”

(Карэспандэнт: ) “Я ня ў сэнсе выпіць. Калі хочаце, магу вады даць”.

(Воўк: ) “О не! Вада — лухта. Ні чорта не дапаможа, яшчэ горш стане ад халоднага”.



Пасьля доўгіх угаворваньняў Ларыса Воўк засьпявала. У скароце я перакажу зьмест. Аповед вядзецца ад першай асобы, якая закаханая ў маладога афіцэра. Дзяўчына пайшла на танцы. І ў адным з пакояў клюбу пабачыла, што найлепшая сяброўка спакушае яе каханага чалавека. Пасьля пабачанага галоўная гераіня больш ня верыць асобам мужчынскага полу.

Хворая Ларыса Воўк застанецца ў Целяках, а Марыя Кладкевіч пад самыя сьвяты пакіне родную хату і перабярэцца на зіму да сына. Адрозна ад бальшыні сваіх суседзяў, спадарыня заклапочаная не Калядамі, а хуткім пераездам. Па розныя бакі ад хаты бабы Марыі закінутыя сядзібы. Старая заўважае, што калі яна выедзе, ладны кавалак вуліцы зусім абязьлюднее.



(Кладкевіч: ) “Людзей няма. Дзе што дапамагчы, няма каго папрасіць. Вясною думаю, як згараць агарод. Перад самым Новым годам я паеду да сына ў Горадню. Стаў ён скуліць, каб перабралася на пару месяцаў, пакуль будуць вялікія маразы. Сабаку прыстроіла, а каты прападуць, няма каму аддаць катоў”.

(Карэспандэнт: ) “Вам хочацца ехаць, альбо лепей тут застацца?”

(Кладкевіч: ) “Натуральна, што лепей тут, але там угаворваюць: прыедзь-прыедзь!”

(Карэспандэнт: ) “2005-ты заканчваецца. Як прайшоў год? Якія вынікі?”

(Кладкевіч: ) “Сын атрымаў кватэру. Зноў ляжала на апэрацыі. Мне цяжка ўжо дровы прынесьці і вады. Шаснаццаты год ужо гіпэртанія душыць”.

(Карэспандэнт: ) “Як будзеце сьвяткаваць Каляды і Новы год?”

(Кладкевіч: ) “Хто яго ведае, як там у горадзе сьвяткуюць. У вёсцы цяпер пост, а хто яго ведае, як у тым горадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Падарункі сыну падрыхтавалі?”

(Кладкевіч: ) “Закалолі парсюка, усё туды забралі. Вось і ўвесь падарунак. А што я яшчэ магу даць?”

(Карэспандэнт: ) “А што яны вам падараць?”

(Кладкевіч: ) “Нічога мне ня трэба. Сёньня званіў старэйшы сын. Кажа, што ня ведае, ці аддадуць да Новага году грошы. Як няма грошай, то і падарункі будуць адпаведныя”.

Марыю Кладкевіч, як і іншых жыхароў Целякоў я пачаставаў цукеркамі і пры гэтым пажадаў, каб жыцьцё яе было салодкім і прыносіла прыемнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG