Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Казуліна выпусьцяць, сытуацыя ў апазыцыі ўскладніцца”


У інтэрвію гішпанскай газэце “El País” Аляксандар Лукашэнка сярод іншага заявіў, што можа памілаваць Аляксандра Казуліна, калі той пра гэта папросіць. Ці ня склаліся ў Беларусі пад уплывам замежнапалітычных чыньнікаў умовы для вызваленьня палітычных вязьняў? Калі Аляксандру Лукашэнку было б найбольш палітычна выгадна выпусьціць Аляксандра Казуліна? Гэтыя ды іншыя пытаньні у перадачы “Экспэртыза “Свабоды” абмяркоўваюць палітоляг, выканаўца абавязкаў кіраўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: “Апошняе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі гішпанскай газэце “El País” варта выкарыстаць як нагоду пагаварыць пра тое, ці не зьмянілася цяпер сытуацыя – унутрыпалітычная і найперш замежнапалітычная – для таго, каб нарэшце выпусьціць палітычных вязьняў? Ці дазваляюць апошнія крокі беларускіх уладаў, зацікаўленасьць афіцыйнага Менску ў перамовах з аб’яднанай Эўропай гаварыць пра тое, што беларускія ўлады могуць пайсьці пры пэўных умовах на вызваленьне палітычных вязьняў?”

“Сыгналы Менску эўрапейцам – надта ціхенькія”

Гулак: “Я думаю, што пра гэта варта гаварыць увесь час, бо пакуль ёсьць палітычныя вязьні. Трэба дабівацца іх вызваленьня. Але мяркую, што ў наc пакуль што малавата падставаў на гэта разьлічваць.

Вядома ж, варта адзначыць, што пэўныя сыгналы – мяккія і асьцярожныя, ціхенькія такія – быццам бы сыходзяць ад беларускіх уладаў. Я маю на ўвазе тое, што апошнія палітычныя справы закончваліся не пасадкамі, а штрафамі, маю на ўвазе неразгон апазыцыйных акцыяў, – але гэта надта ціхенькія сыгналы. Бо, напрыклад, той закон аб амністыі, які цяпер прыняты, ня ёсьць шляхам да вызваленьня палітычных вязьняў”.

Чавусаў: “Я б не пагадзіўся з Алегам. На мой погляд, на гэты момант гэтыя “сыгналы” ўжо канчаткова затухлі. Яшчэ ўвесну, падчас пэўнай “адлігі”, калі зь вязьніцы выйшлі Садоўская, Статкевіч, Севярынец, была надзея, што гэта лінія на выкананьне патрабаваньняў аб вызваленьні палітычных вязьняў. Тым больш што сярод усяго спэктру эўрапейскіх патрабаваньняў гэта было тое, якое можна было выканаць хутка, лёгка і безь вялікай страты для аблічча рэжыму.

Аднак цяпер, на пачатку зімы, мы бачым, што гэтая “адліга” скончылася. Ня толькі не выпускаюцца наяўныя палітвязьні (Дашкевіч, Фінькевіч, Казулін), але й зьяўляюцца новыя. Падчас таемнага працэсу асуджаны па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта Андрэй Клімаў, цяпер у сьледчым ізалятары знаходзіцца праваабаронца зь Нясьвіжу Аляксандар Круты, які абвінавачаны па артыкуле “Абраза прэзыдэнта”.

Цыганкоў: “Вы сказалі, што выпусьціць палітычных вязьняў рэжым мог бы “хутка, лёгка і безь вялікай страты для аблічча”. Але што да пэрсанальнага “аблічча” беларускага прэзыдэнта, то яму якраз выпусьціць Казуліна – вельмі цяжкае рашэньне. Ён можа прыняць такое рашэньне толькі калі Казулін папросіць памілаваньня, а Казулін, выглядае, ня будзе гэтага рабіць...”

Чавусаў: “Ведаеце, я не люблю займацца развагамі на тэму “псыхааналіз беларускага лідэра”, бо гэта ня справа палітоляга. Хутчэй я бачу тэхнічныя магчымасьці для таго, каб палітвязьняў выпусьціць. Гэта і амністыя, і ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. У Дашкевіча і Фінькевіча цяпер ідзе лінія на тое, каб зрабіць немагчымым такое вызваленьне. У дачыненьні да Казуліна такая магчымасьць яшчэ існуе, і, што цікава, час ягонага ўмоўна-датэрміновага вызваленьня прыпадае на час парлямэнцкіх выбараў у 2008 годзе. Так што такая магчымасьць яшчэ існуе”.

Цыганкоў: “Ці існуе ўвогуле нейкая лягічная неабходнасьць для ўлады мець палітычных вязьняў, ажыцьцяўляць пэўныя палітычныя рэпрэсіі?”

Гулак: “Палітычныя рэпрэсіі – гэта вельмі моцны (у разуменьні ўладаў) і амаль што апошні інструмэнт захаваньня палітычнай улады і барацьбы з тымі, хто гэтую ўладу хоча памяняць. Таму й такія жорсткія падыходы да тых людзей, якіх мы называем палітычнымі зьняволенымі”.

“У зьняволеньні Казулін успрымаецца як маральны аўтарытэт”

Цыганкоў: “Ці не было б палітычна выгадна для Лукашэнкі выпусьціць Казуліна цяпер, калі да прэзыдэнцкіх выбараў вельмі далёка, а таму імідж Казуліна як нязломнага змагара можа за час да выбараў паблякнуць у рутыннай партыйнай працы?”

Чавусаў: “Калі ўявіць, што сёньня спадар Казулін выходзіць на волю, то сапраўды сытуацыя ўнутры аб’яднанай апазыцыі робіцца вельмі складанай. Мы будзем ізноў мець два моцныя цэнтры прыняцьця рашэньняў – гэта рух “За Свабоду” на чале з Аляксандрам Мілінкевічам і тыя партыі, што будуць гуртавацца вакол Казуліна.

Будзе вельмі цікава, якім чынам лідэрскія амбіцыі сутыкнуцца на гэтай стадыі. І гэта пэўным чынам зблытае карты аб’яднанай апазыцыі напярэдадні выбарчай парлямэнцкай кампаніі.

Я пагаджуся з вамі, што трымаць у вязьніцы палітычнага лідэра – гэта (як бы цынічна ні гучала) азначае даваць яму дадатковыя палітычныя балы. Бо цяпер спадар Казулін бясспрэчна ўспрымаецца як маральны аўтарытэт у асяродзьдзі сёньняшняй апазыцыі. Імідж апазыцыйных партыяў вельмі невысокі, а імідж палітычнага вязьня вялікі, і гэта грае сваю ролю”.

Гулак: “Калі Казуліна выпусьціць зараз, то за час, што застаўся да прэзыдэнцкіх выбараў, няпростая сытуацыя ў апазыцыі, што створыцца ў сувязі з гэтым, можа і вырашыцца. А вось калі яго выпусьцяць беспасярэдне перад выбарамі, то будуць якраз тыя працэсы, пра якія казаў Юры”.

Чавусаў: “Яшчэ варта дадаць, што калі разглядаць варыянт умоўна-датэрміновага вызваленьня (пры канцы наступнага году, пасьля парлямэнцкіх выбараў), то трэба ўлічваць, што асоба, вызваленая такім чынам, ня можа вылучацца на пасаду прэзыдэнта”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG