Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды 2007: Онлайн-рэпартаж


Радыё Свабода 15:45 Удзельнікі акцыі пакідаюць урочышча Курапаты. Па пагорку працягваюць дзяжурыць міліцыянты. <embed src="http://www.respectsoft.com/onlineclock/onlineclock.swf?timezone_id=33&ccolor=red" quality="high" wmode="transparent" bgcolor="#ffffff" width="88" height="31" align="left" allowScriptAccess="sameDomain" type="application/x-shockwave-flash" pluginspage="http://www.macromedia.com/go/getflashplayer" />

15:35 Удзельнікі акцыі ўсталявалі 16 крыжоў. У гэты момант цесьляр Анатоль Рыбкавец фарбуе іх. Людзі запальваюць ля крыжоў сьвечкі.





15:30 Жалобны мітынг скончыўся. Удзельнікі акцыі працягваюць усталёўваць крыжы.







15:25 У сваім выступе адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі падзякаваў усім, хто дапамагаў аднаўляць Крыж пакутнікам Беларусі. А.Чахольскі заклікаў ахвяраваць грошы на новыя крыжы ў Курапатах.

15:15Сяргей Папкоў у сваім выступе заявіў, што сёньняшні мітынг носіць антыімпэрскі характар. Ён заклікаў шанаваць беларускую мову, культуру і гісторыю. Спадар Папкоў таксама прапанаваў усім прысутным прыйсьці ў нядзелю 4 лістапада ў 12:00 у Лошыцкі яр, каб ушанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

15:00 Моладзь пачала ўсталёўваць крыжы. Мітынг працягваецца.

14:45 Перад удзельнікамі жалобнага мітынгу выступае Юрась Беленькі.

14:20 Валеры Буйвал чытае зварот Зянона Пазьняка:

“Нішто ня спыніць Беларусі. Дарагія землякі! Дарагія беларусы! Сёньня мы тут, у трагічным і знакавым месцы, дзе прышлыя чужынцы расстрэльвалі наш народ. Курапаты – гэта брацкая магіла, сымбаль нашага нацыянальнага вынішчэньня. Але ў 1988 годзе, калі былі адкрытыя Курапаты, гэты знак адчыніўся нанова, стаўся сымбалем народнага Ўваскрашэньня. Менавіта з адкрыцьця праўды пра Курапаты пачалося новае беларускае Адраджэньне, якраз адсюль і з гэтага часу пачаўся Беларускі Народны Фронт. Беларусь ўваскрэсла, паўстала з магілы, куды яе ўжо амаль загнаў маскоўска-бальшавісцкі вораг чалавецтва. Курапаты – месца сьмерці – стала прадметным месцам беларускага Ўваскрашэньня. Найперш гэта адлюстроўвае беларускі крыж пакуты, сымбаль аднаўленьня і вечнага жыцьця, сымбаль, які народ стварыў сам. А сымбалі, як вы ведаеце, незьнішчальныя...”

Слухаць:



14:15 У Курапатах пачаўся жалобны мітынг.



14:10 На пляцоўцы перад Крыжам пакутнікам Беларусі людзі сьпяваюць “Магутны Божы” і моляцца:



14:00 У гэтыя хвіліны перад удзельнікамі акцыі выступае Юрась Беленькі.

Перадае Ганна Соўсь:



13:55 Калёна дайшла да Курапатаў.





13:40 У Курапатах – міліцыянты ў форме і пераапранутыя ў цывільнае. Людзі рыхтуюць 20 крыжоў, якія сёньня плянуюць усталяваць у Курапатах.



13:30 Адзін з арганізатараў акцыі Юрась Беленькі заявіў “Свабодзе”, што на гэты момант у калёне ідзе паўтары тысячы чалавек.

13:20 Калёна крочыць па вуліцы Гамарніка.

13:19 Пётар Шашкель - малалетні вязень ГУЛАГу. З 1988 года штогод ён бярэ ўдзел у шэсьці на Курапаты:

“Я 1944 года нараджэньня. У 1946 годзе разам з маці і двухмесячным малодшым братам мы былі асуджаныя на 5 гадоў высылкі. Спачатку гэта была турма КДБ "Крывое кола" у Баранавічах, потым перасыльная турма ў Воршы, потым - Сыбір. Рэабілітаваныя мы толькі ў 1996 годзе - праз 50 гадоў. Хоць рэабілітаваныя мы афіцыйна, ніхто не папрасіў прабачэньня, няма і афіцыйнай паперы. Пра рэабілітацыю я даведаўся з кнігі "Памяць" пра Клецкі раён, там ёсьць старонкі пра палітычныя рэпрэсіі".

Слухаць:



13:15 Натальля Адамовіч, дачка пісьменьніка Алеся Адамовіча, у інтэрвію Ганьне Соўсь тлумачыць, чаму ўдзельнічае ў сёньняшняй акцыі.

Соўсь: “Уладзімер Юхо - сталы ўдзельнік "талокаў" у Курапатах сьпявае беларускія песьні. А я іду ў калёне побач з Натальляй Адамовіч. Вуліца Гамарніка - гэта таксама сымбалічны шлях да Курапатаў, бо Гамарнік таксама пацярпеў ад палітычнага тэрору.

Адамовіч: "Сёлета шэсьце на Курапаты супадае з 70-годзьдзем палітычнага тэрору. Пра маю бабулю таксама казалі, што яна з кулакоў і на яе пісалі даносы. Мой прадзед быў вывезены зь сям''ёй ў 1929 годзе ў Якуцію. Сам ён, Мітрафан Тычына, там і застаўся, загінуў. Сям''я, дзякуй Богу, вярнулася. Таму ў гэты дзень я таксама далучылася да гэтага шэсьця".

Слухаць:



13:00 Калёна выйшла на скрыжаваньне Лагойскага тракту і вуліцы Кальцова. Людзі рухаюцца па ходніках. Кіроўцы аўтамабіляў сыгналяць на знак падтрымкі. Час ад часу моладзь скандуе «Жыве Беларусь!»

12:55 Мая Кляшторная:



12:53 Моладзевы актывіст Зьміцер Федарук чацьвёрты раз бярэ ўдзел у шэсьцях на Дзяды. Ён падкрэсьлівае, што сёлетнія Дзяды асаблівыя, бо ў гэтыя дні беларусы адзначаюць сумную дату -- 70-годзьдзе сталінскага тэрору.

12:50 У калёне актыўна ідзе збор сродкаў на аднаўленьне крыжоў у Курапатах. Як паведаміла зборшчыца Ангеліна Масюта, людзі вельмі ахвотна ахвяруюць грошы. Прычым, даюць ахвяраваньні ня толькі ўдзельнікі шэсьця, але і мінакі.

12:40 Зараз калёна ў раёне вуліцы Карбышава. Нягледзячы на ўзрост, у калёне ідзе Мая Кляшторная, якая 18 гадоў правяла ў лягеры, а таксама малалетнія вязьні ГУЛАГу Пётар Шашкель і Вячаслаў Станішэўскі.

12:35 Калёна рухаецца ля гатэлю «Агат». Удзельнікаў акцыі суправаджае міліцыя. Супрацоўнік ДАІ заявіў «Свабодзе», што ня ведае, колькі людзей у калёне.

12:30 У калёне ідуць моладзевыя актывісты Павал Севярынец і Іван Шыла.

Севярынец: "Сёньня вельмі шмат моладзі, і гэта выгодна адрозьнівае сёньняшні дзень ад 2001 году, калі было вялікае расчараваньне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. А зараз пасьля плошчы адчуваецца вельмі моцная моладзевая хваля. Вось тут побач -- адзін з самых яркіх прадстаўнікоў маладога пакаленьня Іван Шыла з Салігорску.

Шыла: "Мы прыехалі з Салігорску, бо ўсьведамляем важкасьць гэтай падзеі, важкасьць ушанаваньня памяці ахвяраў, бязьвінна закатаваных нашых продкаў. Мы разумем, што ня ведаючы мінулага, немагчыма будаваць будучыню, не памятаючы пра ахвяраў, немагчыма будаваць нацыянальную дзяржаву".

Слухаць:



12:00 Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч бярэ ўдзел у шэсьцях на Дзяды ўжо 18-ы раз:

"Першы раз удзельнічаў у 1988 годзе, калі я і быў арганізатарам. І з таго часу - кожны год удзельнічаю, акрамя 2003 года, калі адбываў пакараньне на "хіміі". А сёлятнія Дзяды адметныя ў тым сэнсе, што вельмі шмат стала нацыянальнай сымболікі, бел-чырвона-белах сьцягоў. Людзі перасталі баяцца і прыходзяць са сьцягамі. Гэта сьведчыць пра тое, што страх паціху адыходзіць".

Слухаць:



12:00 Калёна дайшла ўжо да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Каліноўскага. Сярод удзельнікаў шэсьця - валянтэры, якія абаранялі Курапаты ў 2001-2002 гадах. Ідуць моладзевыя актывісты Яўген Афнагель, Яраслаў Грышчэня.

11:41 Зараз калёна праходзіць ля Нацыянальнай бібліятэкі.



11:40 Сваімі ўражаньнямі ад акцыі ў інтэрвію Ганьне Соўсь дзеліцца мастак Аляксей Марачкін:

"Гэта шэсьце яшчэ раз сьведчыць пра наша сакральнае духоўнае Адраджэньне, таму што і моладзь, і людзі старэйшага ўзросту ідуць на гэта пакутнае месца - Курапаты - каб ачысьціцца, ачысьціцца ад вандалізму, які быў на Курапатах".

Слухаць:





11:35Супрацоўнікі ДАІ патрабуюць ад удзельнікаў шэсьця выконваць правілы дарожнага руху:



11:25 На скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Валгаградзкай ўзьнік невялікі канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі. Міліцыя патрабавала, каб ўдзельнікі шэсьця пераходзілі вуліцу па падземным пераходзе, але Юрась Беленькі адказаў, што апасаецца цісканіны ў пераходзе. Калёна прайшла па праезнай частцы.

11:20 Юрась Беленькі ў інтэрвію Ганьне Соўсь пра сёньняшнюю акцыю:

“Ідзем Дзядоўскім шэсьцем, ідзем на Курапаты. Галоўнае, што настрой ва ўдзельнікаў цьвёрды, упэўнены, натхнёны. Гэта выдатна, што выйшлі свабодныя людзі на сваёй зямлі з духоўнымі сымбалямі, адпаведным настроем. І разумееш: калі з табой столькі людзей ідуць на Курапаты, то Беларусь жыве і будзе жыць”. Слухаць:



11:12 Шэсьце пачалося. Наперадзе калёны - дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная. Паводле аднаго з арганізатараў акцыі Валера Буйвала, у калёне ўдзельнічае каля тысячы чалавек. Такую самую лічбу назваў і Віктар Івашкевіч.

11:05 Юрась Беленькі перад пачаткам шэсьця:



11:00 Плякаты і расьцяжкі: “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “1937-2007”, “Камунізм пад трыбунал”, “Ніякага саюзу з імпэрскай Расеяй”, “Свабоду Дашкевічу”, “Свабоду Казуліну”.







10:50 На месцы збору – некалькі сотняў чалавек. Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі з гербам Менску. Сярод іх кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка.



10:45 Прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал: адметнасьць сёлетняй акцыі ў тым, што бальшыня ўдзельнікаў – моладзь.

10:40 Вольга Казуліна з плякатам «Свабоду Казуліну!» стала ля праезнай часткі. Некаторыя кіроўцы машынаў сыгналяць на знак салідарнасьці.



10:35 Удзельнікі акцыі рыхтуюць крыжы, якія панясуць у Курапаты. Крыжы зрабіў цясьляр з Жодзіна Анатоль Рыбкавец.





10:32 На месцы збору – з паўсотні чалавек. У асноўным гэта моладзь. Тут дачка Аляксандра Казуліна Вольга са сваім сынам Уладзіславам. Яна паведаміла, што панясе плякат “Свабоду Казуліну”.





10:30 Сярод удзельнікаў таксама можна пабачыць намесьніка кіраўніка Партыі БНФ Віктара Івашкевіча.

10:25 На бульвары Талбухіна – 2 міліцэйскія аўтазакі і аўтобусы.





Сёньня ў Менску адбудуцца шэсьці і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў «Дзяды». Акцыя дазволеныя ўладамі.

10:30 – збор удзельнікаў на пляцоўцы перад заводам "Луч" (станцыя мэтро "Парк Чалюскінцаў"). 11:00 – пачатак руху. Маршрут: праспэкт Незалежнасьці – вуліцы Каліноўскага – Сядых – Карбышава — Гамарніка — Мірашнічэнка – урочышча Курапаты. 14:30-17:00 – жалобны мітынг.



Станьце карэспандэнтам "Свабоды"!

Зрабіце фота

Здыміце відэа*

Дашліце на адрас svaboda@rferl.org і rferl.minsk@gmail.com

Прышліце СМС на нумар 391 22 24

Пазваніце на тэлефон у Менску 266 39 52

* Калі вы маеце відэа, напішыце нам на адрас svaboda@rferl.org, і мы ўдакладнім спосаб дасланьня матэрыялаў



Сёлета беларуская грамадзкасьць адзначае жалобную гадавіну 1937 году – кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Асноўныя мерапрыемствы будуць адбывацца ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1939-41 гадах былі расстраляныя паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысячаў чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG