Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма забараніць паліць у грамадзкіх месцах?


Іна Студзінская, Менск Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожныя шэсьць з паловай сэкундаў ад хваробы, выкліканай паленьнем, памірае адзін чалавек. Увесь сьвет змагаецца з паленьнем забаронамі. Эўрапейская камісія сёлета прадставіла грамадзкасьці “Зялёную кнігу” – стратэгію праекту “Эўропа без тытуню”. Першай дзяржавай, у якой забаранілі паленьне ў грамадзкіх месцах, стала Ірляндыя. За яе прыкладам пайшлі многія іншыя, уключна з Італіяй, дзе раней курыць было дазволена нават у кінатэатрах. Сёлета ў Францыі забаранілі паліць у офісах і на дварэ. Якая сытуацыя ў Беларусі, ці можна перамагчы паленьне жорсткімі забаронамі?

У Беларусі паляць 33 % насельніцтва

Кожны другі мужчына і кожная пятая жанчына. Самая вялікая доля тых, хто паліць, сярод беспрацоўных (каля 60 %), рабочых, будаўнікоў, працаўнікоў транспарту (да 55 %), прадпрымальнікаў і працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Найменш паляць хатнія гаспадыні і пэнсіянэры.

У Беларусі ўва ўсіх установах адукацыі, культуры, шпіталях, паліклініках, адміністрацыйных будынках, у многіх рэстарацыях, барах, кавярнях паленьне катэгарычна забаронена. Нельга паліць і на тэрыторыі навучальных установаў і паркаў.

12 верасьня міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў падпісаў пастанову, у якой прадугледжана адказнасьць за ўжываньне тытуню ў грамадзкіх месцах і гаворыцца аб недапушчэньні паленьня супрацоўнікамі ў форме па-за межамі спэцыяльна адведзеных месцаў.

“Міністар паклапаціўся пра здароўе супрацоўнікаў органаў”

Гутару з начальніцай упраўленьня інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Кацярынай Самусенкавай-Шэлегавай: “Меры дысцыплінарнай адказнасьці прадугледжаныя дысцыплінарным статутам”.

Карэспандэнтка: “Але гэта ці не парушэньне іх права на свабоду? Быццам бы сваё ж здароўе губяць...”

Самусенкава-Шэлегава: “Вось міністар і паклапаціўся пра здароўе супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і здароўе атачэньня. Усё ж залежыць ад культуры самога чалавека. Калі для аднаго – норма ісьці па вуліцы і атручваць цыгарэтай, то для другога гэта недапушчальна. І ня толькі міліцыя павінна гэта рабіць, але і ўсё грамадзтва”.

З Новага году цалкам забароняць рэкляму тытуню

У Беларусі дзейнічае шмат нарматыўных актаў і дакумэнтаў па забароне альбо абмежаваньні паленьня: два дэкрэты прэзыдэнта (2002 і 2005 году), пастановы Савету Міністраў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бясьпекі.

Беларусь далучылася да Рамачнай канвэнцыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя для барацьбы супраць тытуню. 21 сьнежня пачне дзейнічаць новы закон “Аб рэкляме” – з новага году будзе поўная забарона рэклямы тытуню.

Што да новых заканадаўчых забаронаў, паслухаем намесьніцу старшыні парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях аховы здароўя, фізкультуры, справаў сям''і і моладзі Ніну Федарук:

“Я не магу сказаць, што ў плянах у нас ёсьць нейкі праект ці ініцыятыва дэпутацкая. Такога няма. Але я лічу, што неабходная больш актыўная пазыцыя грамадзтва, у тым ліку й заканадаўчая база. Я па прафэсіі доктар і ведаю, да якіх сумных наступстваў прыводзіць нікатын: і анкалёгія, і судзіны, і сэрца. На жаль, чалавек пачынае разумець, калі ўжо позна”.

Вядучы спэцыяліст Міністэрства аховы здароўя Вольга Бартман кажа, што актыўна абмяркоўваюцца абмежаваньні ў правах тых, хто паліць:

“Ёсьць такія прапановы – прымаючы на працу, перавагу аддаваць тым, хто ня курыць. Але з пункту гледжаньня парушэньня правоў чалавека так жа нельга! Таму вельмі шмат юрыдычных аспэктаў – як найбольш карэктна ўвесьці гэтыя забароны”.

Забаронамі наўрад ці можна вырашыць праблему, лічыць і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ніна Федарук:

“Гэта ж свабода чалавека, і мы яе не павінны абмяжоўваць. Але мы павінны пераканаць чалавека, што гэтага ня варта рабіць”.

Падначаленыя кінулі паліць – у начальніцы алергія на дым

Усе мае суразмоўцы адназначна кажуць, што ўсё залежыць ад самога чалавека, ад усьведамленьня ім шкоды паленьня, ад унутранай культуры чалавека. Кацярына Самусенкава-Шэлегава распавяла, што яшчэ да пастановы міністра ўнутраных справаў Навумава ў яе падразьдзяленьні кінулі курыць тры супрацоўнікі:

“Таму што начальнік ня паліць і не ўспрымае паху дыму – у яго на дым алергія. Самі кінулі, гэта іх уласная ініцыятыва, я іх не прымушала. Гэта павага адзін да аднаго, перш за ўсё. Іх сем''і проста сказалі мне “дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG