Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёра КДБ падазраюць у дачыненьніі да віцебскіх выбухаў 2005 году


Радыё Свабода, Віцебск Супрацоўнік Віцебскай абласной управы КДБ Андрэй Дзямідаў уваходзіў у групу для расьсьледаваньня выбухаў, якія 14 і 22 верасьня 2005 году адбыліся ў Віцебску ў раёне плошчы Свабоды. Два месяцы таму Дзямідаў са сьледчага зрабіўся падазраваным і цяпер знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары.

На маёра КДБ Андрэя Дзямідава завялі справу паводле 3-й часткі артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу. Яго падазраюць у незаконным распаўсюдзе выбуховых рэчываў і прыстасаваньняў.

Калі ягоную віну дакажуць, супрацоўніку КДБ пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або турэмнае зьняволеньне ад 2 да 8 гадоў, з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Маёр Дзямідаў трапіў у сьледчы ізалятар паводле даносу аднаго з сваіх пазаштатных інфарматараў, у гаражы якога знайшлі выбуховыя рэчывы. Інфарматар паведаміў, што атрымаў іх ад куратара з КДБ.

Ад 19 ліпеня Андрэя Дзямідава трымаюць пад вартай. Сям’я лічыць, што расьсьледаваньне ягонага дачыненьня да выбухаў ідзе з шматлікімі парушэньнямі. Кажуць, што ператрусы праводзілі без адпаведных дакумэнтаў, да справы доўга не дапускалі адваката, сустрэчы і нават ліставаньне з затрыманым забароненыя.

Жонка падазраванага, Натальля Дзямідава (дарэчы, супрацоўніца юрыдычнага аддзелу Віцебскага гарвыканкаму), гаворыць, што ўжо не шукае справядлівасьці ў дзяржаўных структурах і спадзяецца толькі на дапамогу журналістаў.

“Ужо пяць тыдняў мы ня маем ніякае сувязі з мужам, толькі ведаем праз адваката, што ён жывы. Але як ён там? У яго ж ёсьць хранічныя захворваньні.

Я некалькі разоў запісвалася на прыём да генэральнага пракурора, і штораз прыходзяць адказы без усялякіх тлумачэньняў: “У вашай просьбе Генэральная пракуратура вам адмаўляе”.

Я паўсюль з сабой важу мужавы граматы, падзякі... Дык, можа, камусьці выгадна абвінаваціць чалавека ў тых выбухах? У такой установе высокай вядзецца гэтая справа, і вядзецца з такімі парушэньнямі, што проста ганьба!”, – гаворыць Натальля Дзямідава.

Жонка затрыманага маёра Дзямідава не выключае, што справу супраць ейнага мужа ініцыявалі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка пазбавіў пасады былога кіраўніка КДБ Беларусі Сьцяпана Сухарэнку. Тады прэзыдэнт выказаўся пра неабходнасьць упарадкаваць гэтую структуру.

Калегі Андрэя Дзямідава, афіцэры віцебскага КДБ, склалі ліст у Генэральную пракуратуру. Яны ўзялі на сябе адказнасьць за тое, што затрыманы ня будзе хавацца ад сьледзтва. Аднак Дзямідава з ізалятару не адпусьцілі.

Ягор Лівай, пракурор у сувязях з грамадзкасьцю Генпракуратуры Беларусі заявіў:

“Што да “віцебскай справы”, то Генэральная пракуратура працягвае расьсьледаваньне. Ня ведаю, што там можа казаць жонка, але расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы працягваецца”.

Два гады таму віцебская міліцыя паабяцала выплаціць 4 мільёны рублёў таму, хто дапаможа знайсьці арганізатараў выбухаў, але вінаватых шукаюць і дагэтуль.

Падазраваныя ў гэтым злачынстве браты Юры і Віталь Мурашкі знаходзіліся пад вартай у Менскім сьледчым ізалятары максымальна магчымы паводле заканадаўства тэрмін — шэсьць месяцаў. Доказаў супраць іх так і не знайшлося.

Год таму падазраваным у справе выбухаў быў і жодзінскі моладзевы актывіст Павал Красоўскі. Ягоная віна таксама не была даказаная.

Нагадаем, што ў верасьні 2005-га пасьля выбухаў самаробных прыстасаваньняў, замаскаваных пад піўныя бляшанкі, больш за паўсотні віцяблянаў з асколачнымі й чэрапна-мазгавымі траўмамі зьвярнуліся да мэдыкаў.

• Сьледчы едзе ў Віцебск дапытваць Паўла Красоўскага, 10.10.2006 • Савет бясьпекі: віцебскі выбух ня быў тэрарыстычным актам, 23.09.2005 • Выбух у Віцебску: каля 40 чалавек атрымалі раненьні, 23.09.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG