Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гастарбайтэры: “Мы былі ў расейскіх працоўных канцлягерах...”


Віталь Сямашка, Слаўгарад – Верамейкі Паводле незалежных экспэртаў, з прычыны масавага беспрацоўя ад 70 да 80% працаздольных мужчынаў пасьля трыццаці гадоў езьдзяць з Магілёўшчыны ў заробкі ў Расею. Толькі афіцыйна ў Маскве працуе ад 5 да 10 тысяч беларусаў. Колькасьць гастарбайтэраў цяжка палічыць, бо яны ня маюць рэгістрацыі. Практыка сьведчыць, што беларусы ў суседняй дзяржаве зусім бяспраўныя. Нярэдка здараюцца і трагічныя выпадкі. На Магілёўшчыне карэспандэнт Свабоды сустрэўся з тымі, хто нядаўна вярнуўся з заробкаў у Расеі.

У Слаўгарадзе на кірмашы я сустрэўся з 40-гадовым былым афіцэрам Віктарам. Пасьля расфармаваньня палку зьмяніў форму лётчыка на робу гастарбайтэра. Толькі вярнуўся з-пад Масквы, дзе паўтара месяца працаваў на ўсталяваньні дарожных знакаў. Лічыць, што яму пашанцавала – вярнуўся. Прозьвішча не называе, бо зьбіраецца туды ізноў.

“Хлопцы езьдзяць – прывозяць забітымі нават, – распавядае Віктар. – Ёсьць гаспадары, якія набіраюць людзей, тыя адпрацоўваюць. Потым аддае гэтым рабацягам грошы, і ён сам жа праз рэкеціраў гэтыя грошы вяртае. Бывае, тут і забіваюць. Ёсьць дзяржаўныя структуры – там рэгіструюць, плацяць мэдычную страхоўку, але такіх няшмат. Яны ж ня хочуць гэтыя грошы выкідваць на падатак. Заробак, калі ты токар, зваршчык, складае ў месяц па паўтары-дзьве тысячы даляраў. А калі рабацяга з рыдлёўкай – пад 800 тысяч нашымі. Зьяжджаюць туды не за доўгім рублём, пакуль для нашых цэнаў гэта ўсё ж нейкія грошы. Што будзе далей? За 1000 даляраў утрымліваць сям’ю цяжкавата нават у Слаўгарадзе. Калі жонка не працуе, дзеці вучацца ня ў школе, а вышэй – ужо цяжка...”

30-гадовы Раман Раждзественскі зь вёскі Верамейкі Чэрыкаўскага раёну сваё прозьвішча не хавае: кажа, хай усе ведаюць, што чакае “у брацкай Расеі”. У Маскву Раман паехаў пасьля масавых скарачэньняў на мясцовым жывёлагадоўчым комплексе. Пасьля другой спробы зарабіць цудам застаўся жывым. Вось ягоная гісторыя.

Верамейкі, 11.09.2007. Раман Раждзественскі зь Верамеяк

“Па Беларусі вярбуюць людзей, абяцаюць добрыя грошы, умовы, але патрапіць, на самой справе, туды нашмат лягчэй, чым вырвацца. Працоўны дзень пачынаўся а 8 раніцы, заканчваўся аб 11 увечары. І тое не заўжды: бывала і ў 2-3 ночы. Пры гэтым без выходных. Умовы пражываньня антысанітарныя. У невялікім вагончыку нас жыло па 8-9 чалавек. Узводзілі маналітны будынак унівэрсытэту ў Адзінцове пад Масквой. Заробак быў нашмат ніжэйшы, чым у мясцовых будаўнікоў. У нас выходзіла “бруднымі”, пры тым, што вылічвалі за ежу, каля 500 даляраў за 15 гадзін працы 31 працоўны дзень. Я патрапіў у расейскі канцлягер, створаны спэцыяльна для беларусаў – “бульбашоў”. Нас лічылі проста за рабочую скаціну. Адносіны масквічоў зьняважлівыя. На пытаньні пра заробак ці працягласьць працы, быў адказ: “Качаць правы – на сваю гістарычную Радзіму!”

Злавіўшы момант прыезду гаспадара фірмы, Раман у прысутнасьці зноў набранай партыі беларусаў, што яшчэ толькі ўладкоўваліся на працу, запатрабаваў даць разьлік і пашпарт, які ў “лягеры” забіраюць. Начальнік, каб не распальваць жарсьці, пагадзіўся. Раман некалькі дзён хаваўся ў лесе, пасьля злавіў мікрааўтобус зь беларускімі нумарамі. Кажа, што ў Расеі нарадзіўся беларусам другі раз.

“Я вырашыў дабівацца, каб Беларусь была свабоднай, каб маглі працаваць на сваёй зямлі, зарабляць грошы і быць гаспадарамі. Будзем змагацца за сваю Радзіму!”

• “Паехалі на заробкі ў Расею — ледзь ацалелі й вярнуліся бяз грошай” , 14.03.2007 • У Расеі згарэлі 4 гастарбайтэры зь Беларусі, 25.10.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG