Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА АБСЭ будзе і заўтра займацца сытуацыяй у Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Больш за дзьве гадзіны абмяркоўвалі сёньня ў Кіеве праект рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ “Сытуацыя ў Беларусі”. Дакумэнт разглядаў камітэт у палітычных пытаньнях і бясьпецы. А прадставіў яго сябра рабочай групы ў справах Беларусі парлямэнтар з Даніі Крыстыян Піль Лёрэнстэн.

Адразу пасьля ўступнага слова старшыні камітэту, парлямэнтара з Манака Жана-Поля Гардэты, кіраўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Сяргей Забалоцец прапанаваў зьняць гэты дакумэнт з разгляду.

Ён казаў, што сытуацыя ў Беларусі ў асноўным адпавядае дэмакратычным стандартам.

Аднак сябры камітэту з гэтым падыходам не пагадзіліся. І дакладчык па Беларусі спадар Лёрэнстэн выказаў сваё бачаньне беларускай сытуацыі.

Сяргей Калякін: “Ён выклаў недахопы, што існуюць цяпер у Беларусі ў выкананьні тых абавязкаў, якія яна ўзяла на сябе, калі ўступала ў АБСЭ”
Сустаршыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін, якога разам з калегамі запрасілі на паседжаньне, гаворыць, што дакладчык даў такую ацэнку:

“Даволі жорсткую, на погляд афіцыйнага беларускага боку. А на наш погляд, вельмі рэалістычную і вельмі канструктыўную. Ён выклаў недахопы, што існуюць цяпер у Беларусі ў выкананьні тых абавязкаў, якія яна ўзяла на сябе, калі ўступала ў АБСЭ, у галінах правоў чалавека, выбарчага заканадаўства. І пры гэтым паказваюцца канкрэтныя кірункі, якімі трэба ісьці беларускім уладам, каб выправіць сытуацыю”.

Натальля Андрэйчык з Савету Рэспублікі выклала пазыцыю афіцыйнага беларускага боку. Прынамсі, яна асабліва падкрэсьлівала, што прэзыдэнцкія выбары летась і мясцовыя сёлета назіральнікі з СНД ацанілі як дэмакратычныя. І таму, маўляў, якія могуць быць прэтэнзіі да Беларусі?

Паводле Сяргея Калякіна, у спрэчках выступілі дванаццаць парлямэнтароў. Адносна нэўтральную пазыцыю заняў дэпутат з Казахстану, які казаў, што АБСЭ мае ўлічваць спэцыфіку постсавецкіх рэспублік.

Астатнія выступоўцы, з Італіі, Аўстрыі, Францыі, Швайцарыі, Чэхіі ды іншых краінаў, крытыкавалі беларускія ўлады.

Яшчэ адзін сустаршыня Палітрады, Анатоль Лябедзька, тлумачыць, што ён з калегамі знаходзіцца ў Кіеве як назіральнікі. Таму ўдзельнічаць у дыскусіі парлямэнтароў ня маюць права:

“Канечне, у прызначаных Лукашэнкам дэпутатаў ёсьць магчымасьці выкладаць свае пазыцыі. А ў нас ёсьць мажлівасьць (і гэта трэба прызнаваць) пакуль працаваць у кулюарах. Я думаю, нашы пазыцыі выглядаюць больш моцнымі — проста з фактамі вельмі цяжка змагацца”.

Парлямэнтары з АБСЭ вырашылі працягнуць абмеркаваньне праекту рэзалюцыі на камітэце заўтра. 7 ліпеня яны зьбіраюцца і правесьці галасаваньне па гэтым дакумэнце.

Анатоль Лябедзька: “Калі спадар Забалоцец падышоў да людзей сталага веку, падобна, прыхільнікаў левых поглядаў, моладзь запатрабавала ад яго тлумачэньня”
Сёньня прадстаўнікі некалькіх моладзевых дэмакратычных арганізацыяў зь Беларусі разам з сваімі ўкраінскімі калегамі наладзілі пікетаваньне будынку Вярхоўнай Рады, дзе праводзіць паседжаньні Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ. Мэта іх дзеяньняў — прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі.

Анатоль Лябедзька апавядае, што ён назіраў наступную карціну:

“Калі спадар Забалоцец падышоў да людзей сталага веку, падобна, прыхільнікаў левых поглядаў, моладзь запатрабавала ад яго тлумачэньня. На сэсіі ён выступіў і казаў, што ў нас няма праблемаў з дэмакратыяй, што ў нас праходзяць дэмакратычныя выбары, што ў нас няма палітвязьняў. Моладзь запатрабавала тлумачэньняў. І ён спачатку пачаў нешта гаварыць, а потым проста зьбег з гэтага пікету”.

У суботу адбудзецца і круглы стол у справе Беларусі, які традыцыйна ладзіць дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф. Летняя сэсія ПА АБСЭ пачалася ўчора ў Кіеве і скончыцца ў панядзелак 9 ліпеня.

• АБСЭ мае прыняць рэзалюцыю па Беларусі , 05.07.2007 • Лідэраў апазыцыі запрасілі на сэсію ПА АБСЭ , 02.07.2007 • Ута Цапф верыць у збліжэньне Беларусі з Эўропай, 21.03.2007 • Ута Цапф: “Пазытыўныя зьмены могуць ісьці вельмі нялёгка й павольна”, 5.07.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG