Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алей зьявіўся – напалову даражэйшы, чым раней


14 красавіка ў Маскве пачаліся кансультацыі прадстаўнікоў міністэрстваў фінансаў і цэнтральных банкаў Расеі і Беларусі. Для беларускай дэлегацыі ключавое пытаньне — як мага хутчэй атрымаць расейскі крэдыт у памеры 1 мільярд даляраў для падтрымкі фінансавай сыстэмы. А тым часам у гандлёвых сетках па-ранейшаму назіраюцца перабоі з пастаўкамі некаторых відаў спажывецкіх тавараў, а свабодна набыць у банках валюту немагчыма.

У многіх абменных пунктах валюты чэргаў цяпер няма, бо стаяць у іх бессэнсоўна: даляры і эўра ніхто не здае, а самі банкі іх не прадаюць. Расьце колькасьць банкаў, якія абмяжоўваюць валютныя апэрацыі па дэбэтовых картках за межамі Беларусі. Да ранейшага ўнушальнага сьпісу далучыліся і найбуйнейшыя ў краіне "Беларусбанк" і "Белаграпрамбанк": дзённы ліміт на валютныя апэрацыі пры зьняцьці наяўных усталяваны на адзнацы 200 даляраў.

Па-ранейшаму захоўваецца множнасьць курсаў беларускага рубля да асноўных валют. Ня маючы магчымасьці набыць валюту, легальна кампаніі-імпартэры вымушаныя праз розныя спосабы дамаўляцца з банкамі і набываць яе па 4—4,5 тысячы рублёў за даляр. На прамысловых і аўтамабільных рынках курс пераліку крыху меншы — пачынаючы ад 3,5 тысячы рублёў за даляр. Расказвае прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка:

Алесь Таўстыка
"Буду гаварыць за свой радыёрынак, але ёсьць зьвесткі і з аўтарынкаў, і з рынкаў бытавой тэхнікі. Курс зьмяняецца амаль кожны дзень, першапачатковы — 3500 рублёў за даляр. Ведаю, што на аўтарынку лічаць ужо і па 4000. Людзі амаль нічога не набываюць, але калі камусьці ёсьць пільная патрэба, то, канечне, яны набываюць тавар па завышаным курсе — і па 3500, і па 3600. Мы ім распавядаем, што магчымасьць нам набыць валюту — выключна празь сяброў, знаёмых альбо празь сяброў знаёмых, якія невядома дзе бяруць валюту. Ці па 2—3 сутак па запісе стаяць у абменьніках, набываюць валюту, магчыма, па курсе абменьнікаў і перапрадаюць на рынку па 3500—3600. Вось у гэтых умовах мы і працуем. Але зараз не хапае ня толькі валюты — адпаведна, і беларускіх рублёў. Становішча, канечне, жудаснае, мы ўжо каторы дзень стаім, размаўляем толькі пра гэтую сытуацыю…".

Экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Кацярына Барнукова лічыць, што ўлады маглі б аблягчыць пакуты ўсіх удзельнікаў рынку, абвясьціўшы нарэшце і без таго непазьбежную дэвальвацыю рубля. Такая працяглая адтэрміноўка вядзе да таго, што крызіс толькі абвастраецца і выйсьці зь яго будзе нашмат цяжэй, чым магло быць пры іншым раскладзе:
любы беларус, выбіраючы паміж сытуацыяй, у якой ён ня можа набыць алей, і сытуацыяй, пры якой ён сабе гэта можа дазволіць, але задорага, абярэ другі варыянт ...

"Так, мне здаецца, што дэвальвацыя некаторыя вострыя моманты вырашыла б на раз. Але мы баімся дэвальвацыі чаму? Таму што яна вельмі моцна ўздыме кошт імпарту. А на дадзены момант імпарт і так вельмі моцна цярпіць, таму што валюту папросту ўвогуле немагчыма набыць. Фактычна імпарт нават некаторых мэдыкамэнтаў ужо ўвогуле заблякаваны. Таму, зыходзячы нават з гэтага, дэвальвацыя была б лягічным крокам. Няхай яна і зрабіла б даражэйшым імпарт, але зрабіла б яго прынамсі магчымым. Мяркую, што любы беларус, выбіраючы паміж сытуацыяй, у якой ён ня можа набыць алей, і сытуацыяй, пры якой ён сабе гэта можа дазволіць, але задорага, абярэ другі варыянт".

Чыноўнікі ледзь ня штодня абвінавачваюць у адсутнасьці валюты і некаторых прадуктаў апазыцыю — маўляў, гэта апанэнты рэжыму правакуюць насельніцтва набываць даляры ды харчы ў запас.

Нягледзячы на запэўніваньні чыноўнікаў, што сытуацыя на рынку ўзятая пад кантроль і ніякай панікі не існуе, ажыятажны попыт на асобныя таварныя пазыцыі захоўваецца. Напрыклад, сёньня ўдзень я зайшоў у некалькі крамаў гандлёвай сеткі "Рублёўскі" на вуліцы Талбухіна. Абяцанага сланечнікавага алею няма дагэтуль, а бутэлька замежнага аліўкавага ёмістасьцю 0,75 літра каштуе 35 тысяч рублёў. Цукар — толькі рафінад кавалкамі, амаль што па 4 тысячы рублёў за кіляграмовы пакунак. Насупраць, у гастраноме "Зарына", алей зьявіўся – па 9 310 рублёў за літровую бутэльку (напалову даражэй, чым яшчэ тыдзень таму). І гэты пры тым, што старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька публічна заявіў: з цукровым ды алейным дэфіцытам у сталіцы "скончана", цэны застаюцца ранейшымі.

У сваю чаргу, імпартэры ўжо папярэдзілі: пры цяперашнім стане рэчаў, калі валюта пад набыцьцё прадукцыі па-ранейшаму будзе недаступная, кошт бальшыні харчоў самым бліжэйшым часам падскочыць на 50%. Да таго, як стала вядома, на шэраг тавараў рыхтуецца шматразовае павелічэньне акцызаў. Прыкладам, на піва — адразу ўтрая, што прывядзе сама меней да 20-працэнтнага падаражэньня напою. Акцыз на цыгарэты прапануецца падняць у 2,5 раза, у выніку чаго некаторыя маркі вырастуць у цане ўдвая.

Экспэрты мяркуюць, што спадзявацца на цудадзейную сілу расейскіх грошай асабліва не выпадае — амаль столькі ж у 2011 годзе Беларусі давядзецца патраціць на абслугоўваньне ранейшых крэдытаў, якімі краіна абрасла за апошнія два гады. Да таго ж Расея ўжо дала разумець, што крэдыт гэты мэтавы і мусіць пайсьці на аплату прыроднага газу, які істотна падаражэў для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG