Паводле Сяргея Ціханоўскага, у першыя ж дні пасьля ягонага вызваленьня ў чэрвені 2025 году жонка сказала яму, што больш не кахае яго, ня мае да яго ніякіх пачуцьцяў і хацела разьвесьціся зь ім яшчэ ў сьнежні 2019 году.
Сяргей Ціханоўскі сказаў, што пасьля ягонага зьняволеньня ў 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты пад уплывам іншых людзей і праз страх «нешта зрабіць ня так».
Ён таксама расказаў, што яшчэ да 2020 году яны са Сьвятланай Ціханоўскай некалькі разоў разыходзіліся на даволі доўгі час, да году-паўтара. Паводле Ціханоўскага, сам ён забыўся пра гэта і прыгадаў толькі тады, калі жонка нагадала яму пра гэта пасьля вызваленьня.
«У мяне, напэўна, нейкая выбарчая памяць, я кепскія моманты не запамінаю, я памятаю толькі добрае».
Ціханоўскі таксама расказаў, што доўгі час у адносінах ня быў верным сем'янінам, але ў 2015-16 годзе прыйшоў да хрысьціянскай веры і памяняў свае паводзіны.
Паводле Ціханоўскага, прадстаўнікі офісу Сьвятланы Ціханоўскай у ліпені прасілі яго хаця б паўгода публічна не казаць пра іх разыход з жонкай, «бо гэта будзе кепска для беларусаў».
Раней Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньні «Нашай нівы», яны тычыліся й сямейных стасункаў зь Сяргеем Ціханоўскім. Тады яна сказала пра няўпэўненасьць, што сям’ю ўдасца ўратаваць.
«Я ня ўпэўненая, што пасьля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за ягоныя стрымы, ёсьць магчымасць вярнуцца да нармальных адносінаў. Я маю на ўвазе сямейных. Бо палітычна, калі ёсьць агонь, калі ёсьць пэўны паважлівы тон, то можна, канечне, працаваць. Сяргей мае талент даносіць пазыцыю, мае талент размаўляць зь беларусамі. І калі б гэта было ў канструктыўным рэчышчы ў рамках агульнай стратэгіі, дык гэта магчыма. А што тычыцца асабістага, то я ня ўпэўненая».
Далей Ціханоўская працягнула гаварыць пра адносіны з мужам і сказала пра тое, што яны зь Сяргеем дамаўляліся ўзяць перапынак, каб разабрацца ў адносінах.
«Я аднойчы зь ім пагаварыла, што ня бачу, як мы можам працягваць адносіны, калі ты сябе так паводзіш. Ён прапанаваў узяць перапынак, вызначыць пэрыяд у шэсьць месяцаў, каб паглядзець, як мы зможам далей рухацца. Я маю на ўвазе ў рамках сям'і, у асабістых адносінах.
А потым здарыўся жнівень, ці калі ён там пачаў тыя абразы ў мой бок… То-бок тут ужо зразумела, што гэтыя паводзіны ня толькі не зьмяніліся, яны, можа, нават пагоршалі».
Сьвятлана Ціханоўская згадала таксама задуму Сяргея пра стварэньне адзінай арганізацыі беларускай апазыцыі за мяжой. Паводле яго, Офіс Ціханоўскай выступіў супраць прапановы. Сьвятлана адзначыла, што агулам яна якраз ня супраць і перамоваў, і супольных стратэгічных сэсій. Пытаньне ў стаўленьні да іншых асобаў.
«Але калі я разумею, што людзі туды прыйдуць і будуць чуць абразы, я так працаваць не змагу. Нават калі гэта мой муж».
Ціханоўская ўспомніла, пра што думала, калі Сяргей сядзеў у турме і як уяўляла сямейную будучыню.
«Я вельмі-вельмі чакала яго з турмы, і калі ён выйшаў, я думала, што мы станем побач, мы разам будзем працаваць на супольныя мэты. Я разумею, што ён кажа, што яму ніхто нічога не прапаноўваў і гэтак далей. Я ня буду ў гэтым капацца, бо заўжды ёсьць у кожнага свая праўда».
Яшчэ Сьвятлана заявіла, што праблемы ў сям’і былі й да 2020 году, у якім пара стала вядомай усім беларусам.
«Па фактах ён пачаў аддаляцца. Ён не хацеў са мной інтэрвію даваць, маўляў, „ну я асобны“ — добра, ты асобны. Потым ён вырашыў паехаць у Амэрыку для ўдасканальваньня мовы, вучыцца — добра. Але ж, ведаеце, што я заўважыла? Што тыя патэрны паводзінаў, якія ў яго былі ў нашай сям'і да 2020 году, паўтараюцца. А з такім я ўжо мірыцца не магу».
Хто такі Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцьця», былы палітвязень, муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая брала ўдзел у выбарах 2020 году.
Улады Беларусі пачалі яго перасьледаваць, калі ён у 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі супраць Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК Беларусі адмовіў Ціханоўскаму ў рэгістрацыі, а беларускія сілавікі неўзабаве затрымалі яго нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (беспарадкамі прызналі збор подпісаў у падтрымку Ціханоўскага).
У сьнежні 2021 году, пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў, Ціханоўскага пакаралі на 18 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «перашкодзе працы ЦВК», а таксама «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У турме ў Беларусі яго трымалі ў цяжкіх умовах бяз сувязі з сваякамі. Ягоную жонку, Сьвятлану Ціханоўскую, пасьля выбараў прымусілі зьехаць з краіны.
21 чэрвеня 2025 году Ціханоўскі быў вызвалены разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам. Яго, як і астатніх вызваленых палітвязьняў, выслалі зь Беларусі.