Пра гэта кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк напісаў у сваім тэлеграм-канале.
«Брыдкі канфлікт, які навязаны для прагляду беларусам у Сеціве, не зьяўляецца сямейным канфліктам Ціханоўскіх. Гэта мэтадалягічна сыстэмнае зьнішчэньне палітычнага вобразу С. Ціханоўскай і элемэнтаў беларушчыны з боку „рускага міру“ ў адмыслова прымітыўнай, грубай і зьневажальнай манэры».
Пры гэтым цалкам на бок Сьвятланы Ціханоўскай Пазьняк ня стаў, назваўшы яе «напалову прарасейскай». Ён адзначыў, што яны ўсё адно ворагі для так званага «рускага міру», якому, настане час, ня будзе патрэбны й Лукашэнка.
Пазьняк зноў заявіў, што ОСЦ «апанаваны прамаскоўскай агентурай» і «ёсьць залежным грантавым „проксі“ брусэльскай палітыкі». Пры гэтым, аднак, вонкава «выяўляе нацыянальную рыторыку, карыстаецца збольшага беларускай мовай і аб’ектыўна сьведчыць сваёй імітацыяй дзейнасьці пра існаваньне Беларусі ў міжнароднай прысутнасьці».
Далей кіраўнік «Вольнай Беларусі» прыгадаў, што «рускі мір» у прынцыпе не дапускае нічога беларускага ні па зьмесьце, ні па форме. Таму «два рускамірцы беларускага паходжаньня» на YouTube-канале «зьдзекуюцца зь Ціханоўскай і яе беларускай мовы, на якой Ціханоўская добра гаворыць».
Падобна, Пазьняк меў на ўвазе відэа на канале «Страна для жизни», на якім Сяргей Ціханоўскі жорстка крытыкаваў ОСЦ разам з былым кандыдатам у кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Валерам Цапкалам. Абодва прынцыпова размаўляюць на расейскай мове і неаднаразова праяўлялі адмоўнае стаўленьне да выкарыстаньня беларускай мовы.
«Крытыка супраць Ціханоўскай з агрэсіўнай пазыцыі „рус-міра“ — гэта зьява антыбеларускага паходжаньня. Базавыя асновы нацыі (тое, што датычыць існаваньня ўсіх) — гэта нацыянальная мова, нацыянальная дзяржава, нацыянальная незалежнасьць. Супраць гэтых асноў вольных народаў у першую чаргу накіраваная агрэсія „рускага міра“ і ў цэлым Расеі», — працягвае Пазьняк.
Што папярэднічала
Сяргей Ціханоўскі, які пакуль жыве ў ЗША, за апошнія тыдні шмат разоў жорстка крытыкаваў ОСЦ. Ён вінаваціў сваю жонку Сьвятлану і ейных падначаленых з Офісу, у першую чаргу Франка Вячорку, у нежаданьні супрацоўнічаць і адказваць згодай на ягоную прапанову стварыць аб'яднаныя дэмакратычныя сілы. Таксама ў іх стварэньні Ціханоўскі разьлічвае на Віктара Бабарыку і Марыю Калесьнікаву, якія працавалі ў адным штабе ў 2020-м. Але яны пакуль не адказалі на прапанову канкрэтна.
Акрамя палітычных закідаў супраць ОСЦ, Ціханоўскі зьвярнуўся да сямейнага жыцьця са Сьвятланай, публічна выказаўшы незадаволенасьць шэрагам дзеяньняў жонкі. Таксама ён гучна абурыўся тым, што яна пасьлядоўна карыстаецца беларускай мовай, хоць бальшыня беларусаў сёньня размаўляе па-расейску.
Далей Сьвятлану пачалі заўважаць бяз шлюбнага пярсьцёнка на пальцы, а ў гутарцы з «Нашай нівай» яна расказала, што заўважыла ў Сяргея прыкметы паводзінаў, якія праяўляліся да 2020 году, і яна гатовая размаўляць на палітычныя тэмы, а вось аднаўленьня сямейных адносінаў пасьля абвінавачаньняў Сяргея можа не адбыцца.
Зянон Пазьняк, пачынаючы ад самага прыходу Сьвятланы Ціханоўскай у палітыку, крытыкуе яе з атачэньнем з розных прычынаў. Пры гэтым ён адзначаў пэўную важнасьць для беларусаў тых міжнародных сустрэч, якія праводзіць Ціханоўская. Пры гэтым агулам працу ОСЦ ён лічыць шкоднай для беларусаў.
Форум