На пачатку лістапада Youtube заблякаваў чатыры відэа «Краіны для жыцьця», у якіх скарысталі кавалкі старога відэа зь Мікітам Мелказёравым — папулярным блогерам, які памёр у сьнежні 2025 году.
На тым відэа праекту «Жыцьцё-маліна» з 2023 году, Мелказёраў заклікаў падтрымаць Ціханоўскага, які на той час быў у турме, і падпісацца на ягоны канал. Каманда «Жыцьцё-маліна» на пачатку лістапада патлумачыла, што заклікі былі ў іншым кантэксьце і невядома, ці згодны быў бы Мікіта Мелказёраў на іх выкарыстаньне ў іншых відэа. Таму канал «Жыцьцё-маліна» падаў скаргі ў Youtube на парушэньне аўтарскага права.
Цяпер у чатырох відэа па ранейшаму ёсьць 6-сэкундныя фрагмэнты зь Мікітам Мелказёравым.
Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтары да Сяргея Ціханоўскага і да каманды «Жыцьцё-маліна». Ціханоўскі ў адказ напісаў наступнае:
«Youtube нічога не прасіў выдаляць — проста было часовае блякаваньне пакуль праходзіла праверка. Відэа ўсе на месцы».
Тым часам канал «Жыцьцё-маліна» пракамэнтаваў сытуацыю наступнай заявай:
«Паводле правілаў, YouTube разглядае скаргу на парушэньне аўтарскіх правоў цягам некалькіх працоўных дзён, пасьля чаго прымае рашэньне выдаляць відэа або не. У нашым выпадку YouTube прыняў рашэньне выдаліць відэа, хаця наша мэта была толькі прыбраць кавалкі зь Мікітам.
Пасьля гэтага ў парушальніка ёсьць час, каб падаць апэляцыю. І ў нашым выпадку апэляцыя была пададзеная з боку Сяргея Ціханоўскага ад імя яго аўтарызаванага прадстаўніка — Дзьмітрыя Наскаўца. Пасьля гэтага ўжо нам далі 10 дзён на тое, каб падаць у суд, бо сам YouTube не вырашае спрэчкі, а кіруецца рашэньнем суду. У дадзены момант мы прапрацоўваем юрыдычныя аспэкты далейшай абароны, якія абапіраюцца на правілы YouTube, але гэта патрабуе часу.
Наша пазыцыя застаецца нязьменнай: выкарыстаньне вобразу Мікіты ў такім фармаце недапушчальнае».
Форум