Бязьвізавы рэжым для наведваньня Беларусі падданымі і грамадзянамі 38 краін працягнуты на 2027 год.
Умовы бязьвізавага ўезду застаюцца ранейшымі. Грамадзяне гэтых краін могуць перасякаць дзяржаўную мяжу Беларусі праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя міжнародныя пункты пропуску, выкарыстоўваючы сапраўдныя дакумэнты для выезду за мяжу.
Тэрмін знаходжаньня ў Беларусі складае ня больш за 30 содняў з дня ўезду, а для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і асоб, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі, — ня больш за 90 содняў.
Правам бязьвізавага ўезду можна карыстацца неабмежаваную колькасьць разоў, пры гэтым агульная колькасьць дзён знаходжаньня па бязьвізе не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе.
Захоўваецца таксама бязьвізавы парадак уезду праз аэрапорты Беларусі.
Што гэта значыць
Улады Беларусі на тле міжнародных санкцый вырашылі паказаць адкрытасьць краіны да турызму і ўстанавілі бязьвізавы рэжым уезду ў краіну ў 2022 годзе ў дачыненьні грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы. У 2024 годзе правілы распаўсюдзілі яшчэ на 35 эўрапейскіх краін.
За гэты час Беларусь наведалі больш за 1,4 млн грамадзянаў гэтых дзяржаў.
У той жа час, беларусам за мяжою становіцца горш. Праз спыненьне абмену пашпартоў у замежных дыпляматычных прадстаўніцтвах краіны шэраг грамадзянаў краіны ня можа абнавіць пашпарт. У краіну шмат хто вярнуцца ня можа, бо на радзіме ёсьць пагроза палітычна матываванага крымінальнага перасьледу і катаваньняў.
Акрамя таго, шэраг краінаў за сёлета зьмяніў візавыя патрабаваньні для беларусаў, і цяпер бязь візы беларусы ня могуць езьдзіць у Чарнагорыю, Каба-Вэрдэ і некаторыя іншыя краіны, куды раней мелі бязьвізавы ўезд. Пры гэтым Чэхія аднавіла выдачу шэнгенскіх візаў.
Форум