Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, заявы змогуць падаваць беларусы для наведваньня толькі сваіх дзяцей, унукаў, бацькоў, бабуль і дзядуляў. Сёстры, браты, цёткі, дзядзькі, стрыечныя сёстры і браты ў гэты пералік не ўваходзяць.
Беларусы могуць з 10 лістапада накіроўваць свае заявы на электронны адрас Minsk.Visa@mzv.gov.cz. У лісьце павінны быць зьвесткі аб асобах, якая падае на візу і запрашае, мэта візыту, кантакты, нумар пашпарту, а таксама копіі дакумэнтаў — пашпарту, запрашэньня, пасьведчаньня аб нараджэньні або аб шлюбе, разводзе, зьмене прозьвішча, а для сваякоў Чэхіі — копія старонкі пашпарту, на якой асоба, якая запрашае, павінна пазначыць дату і напісаць асобны тэкст аб згодзе выкарыстаньня гэтай копіі.
У выпадку наведваньня грамадзян Беларусі заяўнік павінен надаць копію доўгатэрміновай візы або дазволу на пражываньня, а таксама фота старонкі пашпарту з фатаздымкам.
Што папярэднічала
Урад Чэхіі на сваім пасяджэньні 5 кастрычніка прыняў рашэньне дазволіць некаторым грамадзянам Беларусі рабіць запрашэньні для сваіх родных на кароткатэрміновыя чэскія візы.
Дэталі рашэньня тады не публікавалі. Прапанова тычылася беларусаў, якія маюць грамадзянства Чэхіі альбо доўгатэрміновы дазвол на жыхарства. На паседжаньні ўраду не было пярэчаньняў супраць гэтай прапановы.
Магчымасьці для беларусаў атрымаць чэскія візы былі абмежаваныя як частка мераў чэскага ўраду пасьля расейскага маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Тады Расея скарыстала для нападу тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі.
Зьмякчэньня візавых абмежаваньняў для беларусаў ужо доўгі час дамагаліся беларускія арганізацыі Чэхіі, у тым ліку Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, супольнасьць беларускіх студэнтаў у Чэхіі і суполка «Беларуская салідарнасьць» у горадзе Брно.
Форум