Трох беларусаў затрымалі ў Польшчы за кантрабанду цыгарэт на аўтамабілі Tesla

Пошук кантрабанды ў легкавіку беларусаў
Пошук кантрабанды ў легкавіку беларусаў

Акрамя таго, беларусаў абвінавацілі ў парушэньні закону аб «супрацьдзеяньні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны».

Пра затрыманьне трох грамадзян Беларусі ў справе аб кантрабандзе цыгарэт паведаміла 27 лістапада Памежная ахова Польшчы.

Яна адзначае, што 24 лістапада ў час ператрусу дома і электрамабіля Tesla на яго тэрыторыі сілавікі знайшлі 820 пачкаў цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі агульным коштам амаль 17 тыс. злотых (каля 4,2 тыс. даляраў).

Кантрабанду зьмясьцілі ў знарок абсталяванай для гэтага схованцы ў раёне акумулятарнай батарэі электрамабіля.

Tesla, на якой правозілі кантрабанду
Tesla, на якой правозілі кантрабанду

Беларусаў затрымалі з доказамі злачынства ў гаспадарчай пабудове, куды тыя прыйшлі забраць цыгарэты са схованкі.

Затрыманым выставілі абвінавачваньні ў тым ліку паводле закону аб «супрацьдзеяньні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны».

Камэндант пляцоўкі Памежнай варты Польшчы ў Баброўніках ужо выдаў пастанову адносна затрыманых. Іх вернуць у краіну паходжаньня з забаронай на ўезд у дзяржавы Шэнгенскай зоны тэрмінам на 7 гадоў.

Паліцыя наклала арышт на грашовыя сродкі фігурантаў справы — 2,5 тыс. даляраў і 23 тыс. злотых (каля 5,6 тыс. даляраў). Акрамя таго, электрамабіль забралі ў якасьці рэчавага доказу.

Што гэта значыць

Кантрабанда, нягледзячы на тое, што ёй моцна процістаяць літоўскія, польскія, латыскія памежнікі, усё адно рэгулярна трапляе на тэрыторыю Эўразьвязу зь беларускай. Пры гэтым спосабы дастаўкі тавараў церазь мяжу пастаянна ўдасканальваюцца. Напрыклад, сёлета балёны, якімі цыгарэты перакідалі на польскую тэрыторыю, былі ўжо больш трывалымі.

У суседняй Літве таксама часта адбываюцца суды над беларускімі кантрабандыстамі і іхнымі літоўскімі памагатымі. Сёлета беларусы, якія працавалі ў польскай кампаніі, атрымалі каардынаты месца скіду і на аўтамабілі Volkswagen Passat за некалькі рэйсаў адвезьлі каробкі на склад. Там цыгарэты перагрузілі ў мікрааўтобус, які літоўскія памежнікі спынілі на дарозе Вільня — Уцена. Абодвух мужчын затрымалі і ўзялі пад варту. Яны прызналі віну і расказалі пра абставіны сваёй незаконай дзейнасьці.

​
XS
SM
MD
LG