Дваіх беларусаў асудзілі ў Літве за кантрабанду цыгарэт дронамі

Мяжа Беларусі. Архіўнае фота
Мяжа Беларусі. Архіўнае фота

Віленскі акруговы суд аштрафаваў дваіх грамадзян Беларусі на 50 тысяч эўра кожнага за кантрабанду цыгарэт.

Як паведаміла Генэральная пракуратура Літвы, у ноч на 27 траўня 2026 году яны пераправілі зь Беларусі ў Літву з дапамогай дронаў 36 каробак з цыгарэтамі. Груз скінулі ў Сьвянцянскім раёне. У пакунках было 35 тысяч пачкаў цыгарэт NZ Gold і 500 пачкаў Minsk Capital QS зь беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі ацанілі ў 194.580 эўра.

Паведамляецца, што беларусы, якія працавалі ў польскай кампаніі, атрымалі каардынаты месца скіду і на аўтамабілі Volkswagen Passat за некалькі рэйсаў адвезьлі каробкі на склад. Там цыгарэты перагрузілі ў мікрааўтобус, які літоўскія памежнікі спынілі на дарозе Вільня — Уцена. Абодвух мужчын затрымалі і ўзялі пад варту. Яны прызналі віну і расказалі пра абставіны.

Гэта ня першы такі выпадак. 19 лістапада «Позірк» паведамляў, што за кантрабанду цыгарэт з Беларусі на паветраных балёнах суд аштрафаваў траіх жыхароў Літвы агулам на 28,9 тыс. эўра. У верасьні 2025 года двое зь іх па ўказаньні арганізатара забралі каля Віленскага аэрапорту 1,5 тыс. пачкаў цыгарэт.

Чаму гэта важна

Аб затрыманьні кантрабандных цыгарэт з Беларусі Польшча, Літва і Латвія паведамляюць рэгулярна.

Напрыклад, 23 сакавіка 2026 году паведамлялася, што з пачатку 2026 года Падляскі атрад памежнага ведамства выявіў кантрабанду, перапраўленую з Беларусі ў Польшчу з дапамогай мэтэазондаў, на агульную суму больш за 3,3 млн злотых (917 тыс. даляраў).

30 сакавіка гэтага году паведамлялася, што перавозку каля 1,8 млн кантрабандных цыгарэт спынілі супрацоўнікі Надбужанскага аддзела Памежнай аховы і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы. Кошт кантрабанды перавысіў 1,5 млн злотых (417 тыс. даляраў). Частка цыгарэт была беларускай вытворчасьці.

31 сакавіка паведамлялася аб затрыманьні 10 грамадзянаў Беларусі ў складзе «міжнароднай тытунёвай злачыннай групы». Група ў складзе 12 чалавек дзейнічала на тэрыторыі Паморскага і Мазавецкага ваяводзтваў. Апроч беларусаў, затрымана па адным грамадзяне Латвіі і Польшчы. Было канфіскавана амаль 17 тон тытунёвай сыравіны і рэзанага тытуню, больш за 4,1 млн цыгарэт. Кошт канфіскаваных падакцызных тавараў склаў больш за 9 млн злотых (2,5 млн даляраў).

У Літве кантрабанда цыгарэт паветранымі балёнамі выклікае збоі ў працы Віленскага аэрапорту, ад чаго церпяць авіякампаніі і пасажыры. Гэта выклікала палітычны крызіс у адносінах Менска і Вільні, паколькі літоўскі ўрад разглядае гэта як гібрыдную атаку і на некаторы час закрываў мяжу зь Беларусью.

Сілавым структурам Польшчы і Літвы ўдалося затрымаць некаторых падазраваных у арганізацыі такой кантрабанды, іх справы ўжо даходзяць да суду.

​
XS
SM
MD
LG