Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі за кантрабанду цыгарэт затрымалі машыніста цягніка зь Беларусі і ягонага памочніка

Кантрабандыя цыгарэты зь Беларусі ў Латвіі
Кантрабандыя цыгарэты зь Беларусі ў Латвіі

Беларускія чыгуначнікі выкідалі кантрабандныя цыгарэты зь цягніка падчас руху.

Як паведаміў сайт Дзяржаўнай паліцыі Латвіі, дваіх грамадзян Беларусі затрымалі ў Даўгаўпілсе за кантрабанду ў буйным памеры.

Паліцыя Латвіі паведамляе, што гэта машыніст і памочнік машыніста, якія выкідвалі цыгарэты з цягніка, што рухаўся.

4 лістапада 2026 года ў Даўгаўпілсе іх затрымалі супрацоўнікі крымінальнай паліцыі па падазрэньні ў кантрабандзе ў буйным памеры.

Усяго праваахоўнікі канфіскавалі 140 000 цыгарэт «NZ Gold» з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь.

Супрацоўнікі крымінальнай паліцыі Латвіі дзейнічалі на падставе апэратыўнай інфармацыі. Цягнік уехаў у Даўгаўпілс зь Беларусі.

Паліцыя распачала крымінальную справу за кантрабанду, учыненую арганізаванай групай і ў буйным памеры. Беларусам пагражае да дзесяці гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Чаму гэта важна

Улады суседніх зь Беларусьсю краін расцэньваюць маштабную кантрабанду цыгарэт, якая адбываецца апошнім часам, патураньне ёй зь беларускага боку як палітычны гібрыдны ціск.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў студзені 2026 году заявіў: «Беларусь вядзе гібрыдную вайну з нашай краінай. Гэта чарговая праява гэтай вайны». «Гэта паказвае прыроду рэжыму — такое спляценьне сілавых структур і мафіі, бо тут спалучаюцца і зьнешняя палітыка, і нейкія брудныя грошы. Вось з такім суседам мы маем справу».

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў кастрычніку 2025 году падымаў тэму балёнаў зь Беларусі падчас размовы з кіраўніком NATO Маркам Рутэ. «Гэта беспрэцэдэнтная гібрыдная атака супраць Літвы, якая стварыла непасрэдную пагрозу бясьпецы грамадзянскай авіяцыі, працы Віленскага аэрапорту», — сказаў Наўседа пра адну з такіх атак.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс у сьнежні 2025 году зазначыў, што «паветраныя балёны цяпер у большай ступені ёсьць гібрыднай атакай, чым сродкам перавозкі кантрабанды».

Аляксандар Лукашэнка ў кастрычніку 2025 году заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных шарах займаюцца не беларускія грамадзяне: «Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, высьветліце і зь іх запатрабуйце». Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюг», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG