Амністыя без палітвязьняў. Шмаціна пра лёгіку рэпрэсіяў Лукашэнкі

Кацярына Шмаціна дасьледчыца ў міжнароднай бясьпецы,  аналітык Lawfare Institute
Кацярына Шмаціна дасьледчыца ў міжнароднай бясьпецы, аналітык Lawfare Institute

Ці можа да канца году адбыцца вызваленьне новай групы беларускіх палітвязьняў? Чаму Лукашэнка ня хоча вызваляць жанчын-палітвязьняў у рамках абвешчанай амністыі? Пра гэта ў эфіры «ПіКу Свабоды» разважае дасьледчыца ў міжнароднай бясьпецы, аналітык Lawfare Institute Кацярына Шмаціна.

«Пакуль ня бачу прычынаў, чаму амэрыканскі бок мусіць страціць цікавасьць»

— Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію «Нашай Ніве» сказала, што да канца году магчымы візыт спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла і чакаецца вызваленьне групы палітвязьняў. Якія дамоўленасьці могуць рыхтавацца паміж уладамі ЗША і Беларусі?

— Была крытыка і перасьцярогі, што беларускі трэк перамоваў можа запаволіцца або замарозіцца. Але я пакуль ня бачу, прынамсі ў адкрытых крыніцах, прычынаў, чаму ён мусіць цалкам спыніцца. Калі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай гаворыць пра магчымасьць гэтых перамоваў, значыць, у іх ёсьць пэўная інфармацыя пра тое, што візыт усё ж можа адбыцца. Я разважаю пра будучыню гэтага перамоўнага трэку і ня бачу вялікіх перашкодаў для таго, каб амэрыканцы цалкам страцілі да яго цікавасьць.

Трэба ўлічваць і вынікі выбараў у Кангрэс ЗША. Для Белага дому прыярытэтам застаецца вызначэньне амэрыканскай палітыкі, але Кангрэс можа выступаць супрацьвагай рашэньням Трампа. На практыцы гэта азначае, што Белы дом зацікаўлены працягваць транзакцыйную дыпляматыю і заключаць дамоўленасьці зь беларускім рэжымам. Праўда, унутраныя супярэчнасьці паміж заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады могуць запавольваць асобныя працэсы — напрыклад, праз расьсьледаваньні ў камітэтах Кангрэсу. Але я думаю, што перамоўны трэк будзе працягвацца.

Важнае пытаньне тут — пастаўкі беларускага калію. Мне падаецца, гэта адна з ключавых тэмаў, празь якую Лукашэнка можа падтрымліваць цікавасьць амэрыканцаў. Калі ў Коўла ёсьць практычныя пытаньні для перамоваў і рэжым можа быць чымсьці цікавы ЗША, амэрыканцы будуць прыяжджаць і спрабаваць вызваляць палітвязьняў. Хачу падкрэсьліць: гуманітарны трэк — гэта ня чыстая дабрачыннасьць. У ім ёсьць прагматычны складнік, які падтрымлівае працяглую зацікаўленасьць ЗША.

— Джон Коўл атрымаў новую пасаду прадстаўніка ЗША ў пытаньнях закладнікаў, але ягонае прызначэньне яшчэ не зацьверджанае Кангрэсам. Ці не перашкодзіць гэта яму надаваць дастаткова часу беларускім палітвязьням?

— Так, гэта магчыма. Я б таксама зьвярнула ўвагу на тое, што Коўл выказваў ідэю падобных дамоўленасьцяў і ў перамовах з Расеяй. Гаворка ішла пра вызваленьне палітвязьняў у абмен на паслабленьне санкцыйнага ціску. Я б сказала, што гуманітарны трэк — гэта практычны і карысны мэханізм для аўтакратаў кшталту Пуціна і Лукашэнкі. Ён дазваляе прасоўваць практычныя дамоўленасьці і дамагацца зьмяншэньня санкцыйнага ціску, прывязваючы гэта да гуманітарнай павесткі, якую цяжка аспрэчыць.

Калі б перамовы вяліся наўпрост пра зьняцьце санкцыяў, міжнародная супольнасьць успрымала б гэта значна больш складана. На беларускім прыкладзе быў апрабаваны мэханізм працяглых перамоваў і ўцягваньня амэрыканскага боку. Цяпер робіцца спроба скапіяваць такі падыход у дачыненьні да Расеі. Варта нагадаць, што рашэньне аб прызначэньні Коўла на новую пасаду яшчэ не зацьверджанае. У Кангрэсе ўжо крытыкавалі ідэю падобнай дамоўленасьці з Расеяй.

— Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект аб амністыі да «году беларускай жанчыны». Яна закране шматдзетных маці, цяжарных, пэнсіянэрак, жанчын з інваліднасьцю і некаторых іншых асуджаных. Але амністыя ня будзе датычыць асуджаных за так званыя «экстрэмісцкія» злачынствы. Паводле «Вясны», ня менш за 2126 жанчын сталі фігуранткамі палітычна матываваных крымінальных справаў, а 115 палітзьняволеных жанчын застаюцца за кратамі. Чаму Лукашэнка ня хоча вызваляць палітзьняволеных жанчын, нават цяпер, калі абвешчаны год жанчыны і чакаецца візыт Коўла?

— Я думаю, што тут трэба ўлічваць лёгіку рэпрэсіяў і нежаданьня вызваляць палітвязьняў у рамках амністыі. З аднаго боку, гэта страх. Лёгіка рэпрэсіяў палягае ў тым, што рэжым ня адчувае сябе ў бясьпецы і па-ранейшаму бачыць у актывістах і дысыдэнтах пагрозу для ўласнай стабільнасьці. З другога боку, ёсьць практычнае пытаньне: навошта Лукашэнку вызваляць палітвязьняў цяпер, калі ён можа працягваць гандлявацца з амэрыканскім бокам?

​
XS
SM
MD
LG