Даты дня
27 лістапада беларусы неафіцыйна адзначаюць Дзень Герояў у гонар пачатку Слуцкага збройнага чыну. У гэты дзень жаўнеры Слуцкай брыгады БНР уступілі ў бой з чырвонаармейцамі каля вёскі Васільчыцы. Збройны супраціў савецкім войскам працягваўся каля месяца. Хоць паўстанцы пацярпелі паразу, іхны чын стаў гераічнай старонкай у змаганьні беларусаў за незалежную дзяржаву.
Гэты дзень у гісторыі
1095 — папа Урбан II абвясьціў Сьвятую вайну супраць ісламу на Сьвятой зямлі, што стала пачаткам Першага крыжовага паходу.
1815 — расейскі імпэратар Аляксандар I даў Канстытуцыю Царству Польскаму. Царства ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі, але атрымала ўласныя сойм, войска, адміністрацыю і пэўныя грамадзянскія свабоды. Пасьля паразы польскага паўстаньня 1830–1831 гадоў гэтая аўтаномія была абмежаваная.
1859 — у Менску і Бабруйску адкрытыя паштова-тэлеграфныя станцыі, злучаныя першай у Беларусі тэлеграфнай лініяй.
1895 — Альфрэд Нобэль падпісаў свой тэстамэнт, паводле якога большая частка ягонай маёмасьці павінна была пайсьці на заснаваньне міжнародных прэміяў за выдатныя дасягненьні ў фізыцы, хіміі, мэдыцыне, літаратуры і ўмацаваньні міру.
1918 — шэсьць прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады ўвайшлі ў склад Літоўскай дзяржаўнай рады — Тарыбы. Гэта былі Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Ян Станкевіч, ксёндз Уладзіслаў Талочка, Казімер Фалькевіч і Дамінік Сямашка. Беларуская рада выступала за стварэньне незалежнай беларуска-літоўскай фэдэрацыі, у якой беларуская і літоўская часткі мелі б аўтаномію.
«Большасьць беларускіх дзеячаў ішла на супрацоўніцтва зь літоўцамі з надзеяй захаваць беларускую дзяржаўнасьць хоць бы ў форме канфэдэрацыі Беларусі і Літвы», — пісаў у «Нарысе гісторыі Беларусі» Захар Шыбека.
1988 — у Магілёве створаная філія гісторыка-асьветнага таварыства «Мартыралёг Беларусі», якое ставіла за мэту вярнуць памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
1996 — Аляксандар Лукашэнка загадаў спыніць дзейнасьць Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня пасьля спрэчнага рэфэрэндуму 24 лістапада.
1996 — з тэрыторыі Беларусі выведзены апошні эшалён зь міжкантынэнтальнымі ядзернымі ракетамі. Перадача ядзерных боегаловак Расеі завяршылася некалькімі днямі раней. Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай. Аднак у 2023 годзе Расея абвясьціла пра разьмяшчэньне ў Беларусі сваёй тактычнай ядзернай зброі, а ў канцы 2025 году — ракетнага комплексу «Арэшнік», здольнага несьці ядзерныя боегалоўкі. Зрэшты, незалежных пацьверджаньняў гэтым заявам няма.
2017 — спынены крымінальны перасьлед у справе „Белага легіёну“. Увесну таго году дзясяткі людзей былі затрыманыя напярэдадні Дня Волі. Улады абвінавачвалі іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Справа развалілася, не дайшоўшы да суду.
2020 — упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка вынес афіцыйнае папярэджаньне Беларускай праваслаўнай царкве. Папярэджаньне прагучала на фоне канфлікту паміж уладамі і сьвятарамі, якія асудзілі гвалт супраць удзельнікаў пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. БПЦ прыграізілі ліквідацыяй у выпадку паўторных парушэньняў.
2025 — затрыманыя арт-мэнэджэры Алег Ларычаў, арганізатар вядомага фэстывалю вулічнага мастацтва Urban Myths, і Сямён Малашэнкаў. Іх перасьлед зьвязаны з абвінавачаньнямі ў дзейнасьці культурніцкай ініцыятывы «Да зораў», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У лістападзе 2026 году Ларычава асудзілі на 7 гадоў, а Малашэнкава — на чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
У гэты дзень нарадзіліся
1669 — Караль Станіслаў Радзівіл, канцлер ВКЛ.
1701 — Андэрс Цэльсіюс, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, які ў 1742 годзе прапанаваў стаградусную тэмпэратурную шкалу. Першапачаткова яна была адваротнай да сучаснай: тэмпэратура кіпеньня была нулём, а замярзаньня — 100°. Пасьля сьмерці навукоўца шкалу перавярнулі.
1867 — Іван Жалтоўскі, архітэктар, акадэмік, які нарадзіўся на Піншчыне. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нэаклясыцызму ў архітэктуры XX стагодзьдзя.
1874 — у Моталі, цяпер у Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся Хаім Вайцман, першы прэзыдэнт Ізраілю.
Хаім быў трэцім дзіцем з 15. Вучыўся ў Пінску, потым — у Нямеччыне, выкладаў у Жэнэве і Манчэстэры. Урэшце ўзначаліў Усясьветную сіянісцкую арганізацыю і стаў на чале нацыянальнага габрэйскага руху ў Палестыне. У 1949 годзе яго абралі прэзыдэнтам Ізраілю.
1900 — Рыгор Пукст, беларускі кампазытар, хормайстар.
1900 — Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч. Ён уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў і працаваў сакратаром Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Загінуў у ГУЛАГу ў 1951-м.
1903 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.
1921 — Уладзімер Тарасевіч, беларускі ўніяцкі біскуп, манах-бэнэдыктынец, доктар тэалёгіі.
1929 — Норбэрт Рандаў, нямецкі славіст, беларусазнавец, перакладнік і выдавец. Ён укладаў зборнікі беларускай прозы і перакладаў творы беларускіх пісьменьнікаў. Сярод ягоных праектаў — выданьні беларускай клясыкі і праца над нямецкім перакладам аповесьці Максіма Гарэцкага «Дзьве душы», які выйшаў ужо пасьля сьмерці перакладніка.
1938 — Зоя Літвінава, беларуская мастачка.
1947 — Эдуард Белагураў, беларускі мастак.
1947 — Анатоль Цітоў, беларускі гісторык, геральдык. У 1991 годзе ўдзельнічаў у працы над дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі.
1953 — Барыс Грабеншчыкоў, расейскі паэт і музыка.
У памяці
1895 — Аляксандар Дзюма-сын, францускі пісьменьнік, вядомы раманам «Дама з камэліямі» паводле якога была створана опэра «Травіята».
1932 — Дамінік Сямашка, польскі, беларускі і літоўскі палітычны дзяяч. Выступаў за аднаўленьне ВКЛ у межах 1772 году з значнай аўтаноміяй для беларусаў.
1938 — у Менску расстраляны Сымон Рак-Міхайлоўскі, пэдагог, публіцыст, палітык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў. Аўтар музыкі да вершу Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».
1973 — Мікола Дэмух, удзельнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень савецкіх турмаў.
1990 — Восіп Любіч, францускі мастак беларускага паходжаньня.
2021 — Раман Якаўлеўскі, беларускі журналіст, палітычны аналітык.
2021 — Мікола Мятліцкі, беларускі паэт, перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы.