Словы Аляксандра Лукашэнкі перадае дзяржаўная агенцыя БелТА.
«Наша дзяржаўнасьць (славянскіх народаў, — заўвага БЕЛТА) у старажытныя, сярэднія вякі — з XI–XII стагодзьдзя — пайшла адтуль, ад Кіеўскай Русі. Гэта бясспрэчны факт. І сёньня гаварыць аб тым, што вось гэтыя землі расейскія спрадвеку былі… Калісьці яны былі расейскімі. Дык і расейскія землі, калі глыбей глядзець, былі мангола-татарскімі. Памятаеце? Дык тады трэба ўсю Расею аддаць каму, Манголіі?»
Пазьней, як сказаў Лукашэнка, у XVIII–XIX стагодзьдзях усходнія землі Ўкраіны былі ў складзе расейскай дзяржавы.
«Пуцін гэта цудоўна разумее. Хітры, разумны палітык, ён цудоўна гэта разумее. Я ніколі ад Пуціна ня чуў, каб ён адмаўляў украінскі народ. Ён нават украінскай дзяржавы не адмаўляе. Гэта ўнутраная яго перакананасьць. Ён, наадварот, гаворыць, што мы былі і будзем разам».
Лукашэнка выказаў меркаваньне, што Ўладзімір Пуцін мог абмовіцца, разважаючы пра ўкраінскі народ, або ягоныя словы наконт гэтага былі няслушна перададзеныя.
Ці памыліўся Пуцін у словах?
Лукашэнка не ўпершыню бароніць Пуціна пасьля ягоных заяваў пра магчымую вайну або гісторыю Ўкраіны. Але насамрэч у пуцінскіх прамовах няма словаў пра супольнае жыцьцё народаў у будучыні, ёсьць толькі гаворка пра тое, што ўкраінцы гэта нібыта частка адзінага народу з расейцамі. За тры дні да поўнамаштабнага ўварваньня ўва Ўкраіну, а менавіта 21 лютага 2022 году Пуцін заявіў, што Ўкраіна нібыта ня мела сапраўднай уласнай дзяржаўнасьці, а сучасная Ўкраіна наагул створаная бальшавікамі і павінна дзякаваць Уладзіміру Леніну.
Стварэньне ўкраінскай дзяржавы ў савецкі час ён і тады, і пазьней шматкроць называў гістарычнай памылкай. Існуюць дзясяткі відэа- і гуказапісаў, на якіх Пуцін гаворыць пра «штучнасьць» украінскай нацыі і дзяржавы, нібыта абгрунтоўваючы патрэбу ваяваць супраць яе і вярнуць Кіеў пад кантроль Масквы.
А яшчэ раней, калі паўнамаштабнага ўварваньня не было, але была вайна на Ўсходзе Ўкраіны, Пуцін і расейскія дзяржаўныя прапагандысты шматразова заяўлялі пра тое, што на Данбасе і ў Крыме быццам жывуць не ўкраінцы, а расейцы. А ў чэрвені 2021 году Пуцін выпусьціў артыкул «Пра гістарычную еднасьць расейцаў і ўкраінцаў». Там ён настойваў, што ўкраінцы — частка «трыадзінай нацыі», прапагандысцкага словазлучэньня, якое заклікана апраўдваць маскоўскія прэтэнзіі на Беларусь і Ўкраіну.
Напрыклад, у 2014 годзе ў час простай лініі Пуцін заявіў:
«Намер падзяліць Расію і Ўкраіну, разьяднаць тое, што па многіх прыкметах ёсьць, па сутнасьці, адзіным народам, на працягу стагодзьдзяў застаецца пытаньнем міжнароднай палітыкі».
Пра трыадзінства славянскіх народаў і «гістарычны лёс быць з Масквою» шматкроць за палітычную кар’еру выказваўся й Лукашэнка, таму цяперашнія ягоныя словы францускаму выданьню нельга патлумачыць толькі хаўрусам з Пуціным.
Ягоныя словы можна прызнаць адпаведнымі палітычным поглядам і настальгіі па СССР, якія Лукашэнка выказваў пасьлядоўна.
Форум