Забыцца пра «перадачу ўлады» і «транзыт улады» ў Беларусі заклікаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію францускаму часопісу Le Point, перадае «Позірк» з спасылкай на публікацыі ў афіцыйных СМІ Беларусі.
Адказваючы на пытаньне журналісткі Ан Ніва, ці можа яго малодшы сын Мікалай стаць пераемнікам, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што той з прычыны ўзросту ня можа прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта.
«Майму малодшаму сыну, які цяпер служыць у арміі, 22 гады. Які зь яго прэзыдэнт? Ён паводле Канстытуцыі ня можа быць прэзыдэнтам. Але я не рыхтую яго ў прэзыдэнты. Ні старэйшага, ні сярэдняга, ні малодшага», — заявіў Лукашэнка.
Ён заявіў, што не зьбіраецца пакідаць пасады.
«Я яшчэ не зьбіраюся заўтра сыходзіць з пасады прэзыдэнта. Не, заўтра не зьбіраюся. А там як Бог дасьць. Я лічу, што Бог адыграў галоўную ролю ў тым, што я стаў прэзыдэнтам. Дасьць Бог, вырашыць, калі я павінен пакінуць гэтую пасаду і сысьці», — сказаў Лукашэнка.
Раней, у апублікаваным 8 жніўня 2025 году інтэрвію амэрыканскаму выданьню Time, Лукашэнка заявіў, што не плянуе балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.
Напачатку свайго знаходжаньня ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка называў сябе атэістам.
«Мы спрабавалі выпрацаваць нацыянальную ідэю. Нічога не атрымалася. І я прапанаваў: давайце вернемся да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Сам я двойчы хаджу ў царкву, падтрымліваю яе. Філарэт — мой сябар! Хоць, калі выступаю публічна, прызнаюся, што атэіст. Мітрапаліт Філарэт неаднойчы прасіў мяне: „Вы ўжо пры людзях у атэізьме не прызнавайцеся“», — казаў Лукашэнка ў 1996 годзе.
Чаму гэта важна
Лукашэнка трымае ўладу з 1994 году. Летась 25 сакавіка пачаўся ягоны сёмы тэрмін на пасадзе кіраўніка Беларусі.
З красавіка 2024 году Лукашэнка сумяшчае пасады прэзыдэнта і старшыні Ўсебеларускага народнага сходу.
З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі празрыстай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
Форум