Місія дэмакратычных сіл можа атрымаць дыпляматычны статус ва Ўкраіне
Як паведамілі ў Telegram-канале Сьвятланы Ціханоўскай, у дыскусіі «Украіна як хаб Новай Беларусі: пэрспэктывы, магчымасьці, выклікі» ўзяў удзел дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі Дзяніс Кучынскі і дарадца ў парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька.
Сярод асноўных тэм абмеркаваньня былі роля Ўкраіны як аднаго з цэнтраў Новай Беларусі побач з Варшавай і Вільняй, легалізацыя і інтэграцыя беларусаў ва Ўкраіне, магчымасьці для адукацыі і прафэсійнага разьвіцьця, удзел беларусаў у пасьляваенным аднаўленьні Ўкраіны, разьвіцьцё супрацы паміж украінскімі палітыкамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Па выніках дыскусіі ўдзельнікі вызначылі прыярытэтныя напрамкі далейшай супольнай працы. «Сярод іх — стварэньне міжведамаснай рабочай групы па інтэграцыі беларусаў ва Ўкраіне і запуск сямі беларуска-ўкраінскіх рабочых груп па розных напрамках супрацоўніцтва, таксама прапануецца прапрацаваць пытаньне дыпляматычнага статусу Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве», — адзначаецца ў паведамленьні.
У форуме таксама ўзялі ўдзел кіраўніца Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Ўкраіне Вольга Зазулінская, амбасадар МЗС Украіны ў спэцыяльных даручэньнях па Беларусі Яраслаў Чарнагор і дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны Сяргей Собалеў і Ўладзімір Ар’еў.
Асобную ўвагу накіравалі на парлямэнцкае і заканадаўчае ўзаемадзеяньне, у тым ліку на падрыхтоўку мэмарандуму аб супрацы зь Вярхоўнай радай Украіны, прасоўваньне заканадаўчых ініцыятыў па прававым статусе беларусаў і сумеснай працы над пакетам рэформаў «Пазытыўная альтэрнатыва для Новай Беларусі». Сярод іншых прапаноў — разьвіцьцё міжпартыйных кантактаў і падтрымка Моладзевага Люблінскага трохкутніка як пляцоўкі для рэгіянальнай супрацы.
Што кажуць экспэрты
На форуме, як вынікае з сайту арганізацыі «Украінская прызма», прадставілі дасьледаваньне «Беларуска-ўкраінскія дачыненьні ва ўмовах дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам».
У ім адзначаецца, што Ўкраіна спазьняецца з сваёй стратэгіяй датычна Беларусі на тле актывізацыі кантактаў паміж Беларусьсю, ЗША, Польшчай і Літвой.
«Доўгі час Кіеў заставаўся на пэрыфэрыі гэтых працэсаў і займаў пасіўную пазыцыю, пакуль зьмена публічнай рыторыкі датычна рэжыму Лукашэнкі і першая сустрэча прэзыдэнт Зяленскага з Сьвятланай Ціханоўскай не засьведчылі заўважную карэкцыю падыходаў», — адзначаецца ў дакумэнце.
Паводле экспэртаў, матывацыя Менску для пошуку дыялёгу з Вашынгтонам і больш актыўная пазыцыя Польшчы і Літвы ў сукупнасьці азначаюць, што вакол Беларусі фармуецца новая рэгіянальная канфігурацыя, у якой кожны актор намагаецца абараняць уласныя інтарэсы.
«Для Ўкраіны гэта стварае адразу і рызыкі, і магчымасьці: з аднаго боку, рашэньні, што тычацца Беларусі, могуць ухвальвацца без удзелу Кіева, зь іншага, перад Украінай адкрываюцца магчымасьці і насьпявае ўсё большая патрэба ў больш дакладным артыкуляваньні ўласных інтарэсаў», — гаворыцца ў дасьледаваньні.
Экспэрты мяркуюць, што найбольш прадуктыўнай можа быць мадэль «двух трэкаў»:
- Практычныя кантакты з уладамі Беларусі. Такія кантакты апраўдваюць як бясьпекавыя і гуманітарныя меркаваньні, так і тым, што аднаўленьне эканамічнай супрацы, лягістыкі і гандлю можа стаць магчымым пры адпаведнай канфігурацыі пэўны’ палітычных дамоўленасьцяў або мірных пагадненьняў.
- Падтрымка беларускай грамадзкасьці і дэмакратычных сіл. Гэты кірунак арыентаваны непасрэдна на беларускую грамадзкасьць, паводле аналёгіі з тым, як выбудоўвае сваю палітыку да Беларусі Эўрапейскі зьвяз, то бок — набор праграм і ініцыятыў падтрымкі дэмакратычных сіл і людзей, ляяльных Украіне.
«Менавіта разбудова другога трэку зьяўляецца важным элемэнтам сыстэмы бясьпекі Ўкраіны ў дачыненьнях зь Беларусьсю, а разьдзяленьне гэтых двух трэкаў зьяўляецца аптымальнай мадэльлю для Кіева, хоць [...] на тактычным узроўні асобныя рашэньні ў адным непазьбежна паўплываюць і на другі», — адзначаецца ў дасьледаваньні.
Сярод тэм, па якіх Кіеў можа кантактаваць з афіцыйным Менскам, экспэрты назвалі бясьпеку мяжы (у тым ліку гарантыі невыкарыстаньня беларускай тэрыторыі для запуску дронаў), гуманітарныя пытаньні (абмен палоннымі і вяртаньне грамадзян), палітычныя пытаньні (стрыманьне далейшага паглыбленьня вайсковай супрацы Беларусі з Расеяй).
«На практыцы гэтая лёгіка ўжо часткова працуе: камунікацыя паміж сілавымі структурамі дзьвюх краін працягваецца ня толькі вакол гуманітарных пытаньняў. Ключавой тэмай спачатку было пытаньне наступу з тэрыторыі Беларусі, і калі ўкраінскі бок цягам 2022–2023 гадоў атрымаў пераканаўчыя аргумэнты, [...] гэта дазволіла перакінуць частку войскаў на іншыя ўчасткі фронту», — адзначаецца ў дасьледаваньні.
Практычная супраца з дэмакратычнымі сіламі і беларускім грамадзтвам павінна ахопліваць скасаваньне бюракратычных перашкодаў для беларусаў ва Ўкраіне (банкаўскія рахункі, легалізацыя, правы беларускіх добраахвотнікаў і іх сем’яў), а таксама абнаўленьне фармату палітычнай камунікацыі — пераход ад адзінкавых публічных заяў да фармаваньня сталых рабочых груп па розных кірунках, якія здольныя напрацоўваць супольныя пляны дзеяньняў, нават, калі яны непублічныя.
Чаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаны шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Аднак за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Амбасада Беларусі ва Ўкраіне спыніла сваю дзейнасьць у 2022 годзе.
Першыя абмены палоннымі празь Беларусь адбыліся ў верасьні 2022 году, але сталі рэгулярнымі толькі ў 2024 годзе — пасьля так званай Курскай апэрацыі ўкраінскіх войскаў.
Сёлета ў лістападзе празь Беларусь пры пасярэдніцтве Мэланіі Трамп адбылася першая ад пачатку поўнамаштабнай вайны гуманітарная місія па эвакуацыі жыхароў Алешак Херсонскай вобласьці, якая знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.
Форум