Расейская чыгунка зарабляе мільён даляраў у дзень на дастаўцы беларускага калію і нафтапрадуктаў — расьсьледаваньне

Порт у Мурманску значна даражэйшы для Беларусі за порт у Клайпедзе
Порт у Мурманску значна даражэйшы для Беларусі за порт у Клайпедзе

Былыя беларускія чыгуначнікі, якія вымушана зьехалі за мяжу пасьля рэпрэсій, правялі расьсьледаваньне і высьветлілі, колькі зарабляюць расейскія ўстановы і ведамствы на перавалцы беларускіх тавараў, якія праз санкцыі ідуць праз Расею, а не празь Літву, як раней.

Хопэр з 68 тонамі калійных угнаеньняў праходзіць ад станцыі Калій IV у Салігорску да Усьць-Лугі 1100 км, зь іх 585 па Расеі. За абарот такога вагона (да порта і парожнім назад) РЖД (Расейская чыгунка) па тарыфах на лістапад 2026 году атрымлівае 185 тыс. расейскіх рублёў, або $2240.

Пры гэтым літоўская чыгунка LTG па сваім цяперашнім тарыфе ўзяла б за такі ж вагон да Клайпеды €1140 ($1285), а ў 2018-2021, калі ўгнаеньні ішлі празь Літву, атрымлівала з вагона менш за $500.

Для беларускіх калійных угнаеньняў Клайпеда зачыненая з 1 лютага 2022 году, нафтапрадукты пачалі сыходзіць у расейскія парты яшчэ раней.

З даных па перавозках БЧ і тарыфах на лістапад 2026 году, «Беларуская супольнасьць чыгуначнікаў» палічыла, у колькі абыходзіцца новая лягістыка экспарту і хто на ёй зарабляе, а таксама параўналі яе зь перавозкай да Клайпеды паводле цяперашніх тарыфаў.

Згодна зь лічбамі па перавозках БЧ, у 2025 годзе «Беларуськалій» адправіў на расейскія партовыя станцыі 167 423 вагоны з 8,68 млн тон, гэта 86% усёй масы адправак. Разам з «Гродна Азот», Гомельскім хімзаводам і іншымі адпраўнікамі на расейскія партовыя станцыі сышло 9,08 млн тон угнаеньняў і спадарожных грузаў.

Падагульненьне лічбаў выглядае наступным чынам:

  • У 2025 годзе «Беларуськалій» адправіў на расейскія партовыя станцыі 8,68 млн тон калійных угнаеньняў, а беларускія адпраўнікі нафтапрадуктаў — 2,59 млн тон.
  • РЖД атрымлівае з гэтых перавозак ад $327 да $383 млн у год, гэта каля мільёна даляраў у дзень: $238 млн за калійныя ўгнаенні і $89-145 млн за нафтапрадукты, у залежнасьці ад таго, ці ўжываюцца да іх зніжкі РЖД 2026 гады. Гэта больш, чым да 2022 года атрымлівалі за транзіт беларускіх калійных угнаеньняў літоўская чыгунка, тэрмінал BKT і порт Клайпеды разам (€170 млн. у год).
  • Тона калійных угнаеньняў да Усьць-Лугі абыходзіцца па расейскай чыгунцы ў $54, а праз Клайпеду па цяперашніх тарыфах выйшла б $36, на траціну таньней. З гэтых $54 РЖД атрымлівае $33: у 1,7 разу больш, чым узяла б цяпер LTG, і ў пяць разоў больш, чым яна атрымлівала ў 2018–2021 гадах.
  • З нафтапрадуктамі розьніца меншая, але й тут расейскі маршрут абыходзіцца даражэй: на $4–7 за тону па чыгунцы і на $10–18 разам зь перавалкай.
  • Перавалка ў расейскіх партах каштуе ў 1,8-2,8 раза больш, чым у Клайпедзе.

Таксама «Беларуская супольнасьць чыгуначнікаў» адзначае, што ў пачатку 2026 году калійныя ўгнаеньні пайшлі па больш дарагіх маршрутах, у тым ліку ў Мурманск, куды тарыф РЖД амаль удвая вышэй, чым да Усьць-Лугі.

Больш падрабязна пра перавалку беларускіх нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў праз Расею можна ў матэрыяле на старонцы супольнасьці.

Колькі страчвае Клайпедзкі порт

Рада Эўразьвязу ў пачатку году працягнула санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку абмежаваньні на продаж беларускіх угнаеньняў. У Клайпедзкім порце падлічылі, што праз забарону на перавозку беларускіх угнаеньняў празь Літву порт недаатрымлівае каля 14 мільёнаў эўра даходу штогод.

Генэральны дырэктар Управы Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порту Альгіс Латакас гаварыў, што да ўвядзеньня санкцыяў у 2021 годзе перавалка беларускіх калійных угнаеньняў у порце сягала амаль 12 млн тонаў і складала амаль траціну ўсёй перавалкі (45,6 млн тонаў).

Паводле ацэнак Адміністрацыі порту, праз забароны на перавалку ўгнаеньняў празь Літву з 2022 па 2026 гады было страчана каля 56 мільёнаў эўра даходу.

​
XS
SM
MD
LG