Аб росьце колькасьці загінулых ад забойстваў у Беларусі у студзені–кастрычніку 2026 году заявіў міністар унутраных справаў Іван Кубракоў на нарадзе з кіраўнікамі тэрытарыяльных органаў міліцыі 19 лістапада ў Менску.
Паводле яго, пачасьціліся і выпадкі наўмыснага прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Канкрэтных лічбаў прэс-служба МУС не падала.
Паводле ведамства, амаль 90% тых, хто зьдзейсьніў цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы супраць жыцьця і здароўя, былі ў стане ап’яненьня, палова не працавала, чвэрць — раней асуджаныя. Кожны восьмы быў раней асуджаны, ня меў працы і ў момант злачынства пʼяны.
Як прыклад Кубракоў прывёў забойства трох чалавек у Столінскім раёне ў канцы кастрычніка. З словаў міністра, падчас сумеснага расьпіваньня сьпіртнога траіх забіў беспрацоўны мужчына, які раней ужо пазбавіў жыцьця чалавека.
Кубракоў прызнаў, што магчымасьці перадухіляць такія злачынствы міліцыя выкарыстоўвае «недастаткова эфэктыўна»:
«Мы павінны дайсьці да кожнага, асабліва да тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцьця».
Што сьведчыць афіцыйная статыстыка
Паводле зьвестак Вярхоўнага суду, у 2025 годзе за забойства (арт. 139 КК) у Беларусі былі асуджаныя 138 чалавек, годам раней — 174.
За наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня (арт. 147 КК) асуджаныя 479 чалавек, у 2024 годзе такіх было 519.
Форум