Забойства адбылося ў студзені 1999 году на менскім праспэкце газэты «Известия». Каля аднаго з дамоў знайшлі труп дзяўчыны з больш як 20 нажавымі раненьнямі.
Ахвяра займалася нелегальным абменам валюты. Па гарачых сьлядох адшукаць забойцаў не ўдалося.
Злачынства доўгі час заставалася нераскрытым, пакуль у 2026 годзе мужчына, які адбывае пажыцьцёвы тэрмін за трайное забойства, не зрабіў шчырае прызнаньне і не назваў двух іншых саўдзельнікаў, паведаміў Сьледчы камітэт.
Тых, каго ён назваў, затрымалі. Адзін з мужчынаў жыў у Магілёве, другі працаваў кіроўцам-дальнабойнікам.
На момант злачынства нападнікам было 15, 17 і 22 гады. Старэйшы зь іх прыехаў у Менск з Магілёва, а двое малодшых вырасьлі ў суседніх сталічных пад’ездах. Пры гэтым правадыром у кампаніі быў малодшы, 15-гадовы падлетак, які вылучаўся агрэсіўнасьцю.
Абвінавачаныя захацелі грошай. Яны вывучылі звычкі і маршрут пацярпелай. Увечары 16 студзеня 1999 году яны прайшлі за дзяўчынай у пад’езд. 17-гадовы і 22-гадовы саўдзельнікі паспрабавалі вырваць у яе з рук торбу, але дзяўчына стала супраціўляцца і клікаць на дапамогу.
Спалохаўшыся, што на шум выйдуць суседзі, правадыр дастаў нож і больш за 20 разоў ударыў ім дзяўчыну. Сьмяротна параненая мянчанка з апошніх сілаў выбралася з пад’езду і ўпала за некалькі мэтраў ад уваходу.
Усе ўдзельнікі злачынства, падобна, адчулі сваю беспакаранасьць — іх не знайшлі. І кожны пасьля таго забойства ўчыніў новыя забойствы.
Абодва затрыманыя мужчыны ўжо прызналіся ў забойстве валютніцы.
Што гэта значыць
У Беларусі часам удаецца раскрыць забойствы і іншыя злачынствы, учыненыя шмат гадоў таму. Гэтаму дапамагаюць новыя допыты сьведкаў, удасканаленыя падыходы да павядзеньня экспэртызаў рознага кшталту, а таксама сьведчаньні зьняволеных, якія з розных прычынаў даюць паказаньні на былых саўдзельнікаў або прызнаюцца ўва ўчыненым.
У верасьні 2025 году міліцыя паведаміла пра раскрыцьцё забойства ў 1995 годзе, калі мянчук забіў былога мужа сваёй жонкі на вуліцы Палявой. На месцы здарэньня заўважылі не да канца ўкручаную лямпачку над ліфтам, на якой захаваліся адбіткі пальцаў. Менавіта гэты сьлед праз гады дапамог выйсьці на падазраванага.
У Віцебску тады ж раскрылі забойства 37-гадовага валютніка і ягонай жонкі, якое адбылося ў 1999 годзе. Злачынцы вынесьлі золата і валюту з кватэры. Целы забітых неўзабаве знайшлі мясцовыя жыхары, што прыйшлі абмяняць валюту. Забойцамі былі два мужчыны, якім на момант арышту было 45 і 47 гадоў адпаведна.
У кастрычніку 2025 году выкрылі сэрыйнага маньяка Юрыя Дзям'янава, які з 1996 па 1999 гг. учыніў мінімум восем забойстваў дзяўчынак і жанчын у Магілёве, Воршы, Жодзіне і Віцебску. Цягам сьледзтва высьветліліся недапрацоўкі і няякасная праца міліцыянтаў, якія займаліся гэтай справай раней.
У лістападзе таго ж 2025 году на Гомельшчыне знайшлі забойцу 9-гадовай дзяўчынкі, якое здарылася ў 1991-м. Ім быў брат ахвяры, які задушыў сястру, каб тая не расказала бацькам пра скрадзены ім ровар. Мужчына працягнуў крымінальны шлях, трапіўся на крадзяжы і праз гады прызнаўся ўва ўчыненым забойстве.
Але не заўсёды сілавікам удаецца знайсьці злачнцу, пакуль той жывы. У плённым на раскрытыя забойствы 1990-х 2025 годзе міліцыя знайшла вінаватых у злачынстве 1998 году. Чатыры мужчыны забілі свайго 26-гадовага прыяцелі ў час разборак вакол наркотыкаў. Дваіх затрымалі ў Воршы і аддлі пад суд. Двух іншых забойцаў арыштаваць ужо не змаглі, абодва да таго часу, як іх выкрылі, памерлі.
Форум