На Алясцы сэнатаркай абралі прадстаўніцу карэннага народу дэмакратку Пэлтолу

Мэры Пэлтола
Мэры Пэлтола

Упершыню з 2008 году ў такіх выбарах на Алясцы перамаглі дэмакраты, яны цяпер будуць мець у Сэнаце ЗША 56 месцаў з 100.

Дэмакратка Мэры Пэлтола перамагла дзейнага сэнатара-рэспубліканца Дэна Салівана на выбарах у Сэнат ЗША ад Аляскі. Аб яе перамозе амэрыканскія СМІ паведамілі пасьля абнаўленьня падліку галасоў 17 лістапада. Аляска стала апошнім штатам, дзе вызначылі пераможцу выбараў, якія адбыліся 3 лістапада.

Пэлтола набрала 50,1 працэнта галасоў выбарнікаў, заняўшы першае месца. На Алясцы дзейнічае сыстэма рэйтынгавага галасаваньня: выбарнік расстаўляе кандыдатаў адпаведна сваім перавагам.

Пэлтола паходзіць з народу юпік. Яна стане першай прадстаўніцай карэнных народаў Аляскі ў Сэнаце ЗША. Гэта першая перамога Дэмакратычнае партыі ў сэнацкай гонцы ў штаце з 2008 году.

У перадвыбарнай кампаніі Пэлтола рабіла акцэнт на інтарэсах жыхароў Аляскі і зьніжэньні кошту жыцьця. Пасьля абвяшчэньня перамогі яна заявіла, што мае намер змагацца з прагнасьцю карпарацыяў і дабівацца зьніжэньня выдаткаў. Паводле Axios, істотны ўклад у перамогу Пэлтолы ўнесьлі раёны, дзе жывуць карэнныя народы.

Асобная спрэчка ўзьнікла вакол іншага кандыдата дэмакратаў у Алясцы з такім жа прозьвішчам, як і ў дзейнага сэнатара-рэспубліканца Салівана. Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, у тым ліку Дональд Трамп, абвінавацілі штаб Пэлтолы ў спробе заблытаць выбарнікаў. Дэмакраты адпрэчылі гэтыя абвінавачаньні. Спробы заблякаваць зацьверджаньне вынікаў выбараў праз суд былі марнымі.

Пасьля падліку галасоў на Алясцы ў новым Сэнаце ЗША ў дэмакратаў будзе 56 месцаў, а ў рэспубліканцаў — 44.

​
XS
SM
MD
LG