Каляж са стоп-кадраў зь відэа, апублікаваных карыстальнікамі сацыяльных сетак, на якіх дрон ляціць над Кішынёвам 17 лістапада
Малдова ў аўторак вечарам закрыла ўсю паветраную прастору пасьля таго, як быў выяўлены дрон тыпу «Шахед», які ляцеў з поўдня ў бок Кішынёва, паведаміла Міністэрства абароны.
«Сёньня ўвечары жыхары Кішынёва занепакоіліся праз тое, што дроны вайны, якую пачала Расея, далятаюць ужо проста да гораду. Людзі занепакоеныя, бо разумеюць, што Расеі няма справы ні да нэўтралітэту, ні да сувэрэнітэту, ні да чалавечага жыцьця», — напісала ў Фэйсбуку прэзыдэнт краіны Мая Санду.
Усяго над тэрыторыяй краіны праляцелі 7 дронаў, пяць зь іх дакладна ўпалі ў Малдове. Інфармацыя пра магчымае падзеньне шостага на момант публікацыі яшчэ правяраецца. Сёмы дрон зьнік з сыстэмаў назіраньня паблізу румынскай мяжы, паведаміла Міністэрства абароны.
Хоць ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну паветраную прастору Малдовы дзясяткі разоў перасякалі ракеты і бесьпілётныя лятальныя апараты, большасьць такіх парушэньняў фіксавалася ў раёнах на мяжы з Украінай або ў Прыднястроўі, піша Малдоўская служба Радыё Свабода.
Каля 16-й гадзіны мясцовага часу армія Малдовы паведаміла яшчэ пра два ўварваньні ў паветраную прастору на ўсходзе краіны на фоне масаваных расейскіх атак на Ўкраіну.
Паліцыя заявіла, што атрымала некалькі зваротаў ад жыхароў Кішынёва і іншых мясьцінаў пра выбухі або моцныя гукі.
Адэская вобласьць стала мішэньню паўторных расейскіх атак
Апошнімі днямі ўзмацніліся расейскія атакі на Адэскую вобласьць, якая мяжуе з Малдовай.
Сёлета ў Малдове зафіксавалі больш за 70 парушэньняў паветранай прасторы. Толькі ад 7 да 13 лістапада паведамлялася пра пяць інцыдэнтаў.
Форум