Губэрнатар Кузбасу Ільля Серадзюк паведаміў, што ў раёне вёскі Ягунава пад Кемерава «адбылося авіяцыйнае здарэньне».
Блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы «112» і Baza пішуць, што разьбіўся вайсковы самалёт Ан-12, загінулі 17 чалавек. Пра гэта ж паведамляе фэдэральны тэлеканал РЕН ТВ. Паводле Baza, самалёт загарэўся падчас палёту, пасьля чаго разьбіўся.
Паводле інфармацыі Shot, самалёт ляцеў з Новасібірску ў Канск і ўпаў у полі. Абломкі раскідала ў радыюсе 500 мэтраў.
Пра тое, што самалёт ляцеў транзытам, паведаміў і губэрнатар Кузбасу.
«Осторожно, новости» піша, што ў мясцовых чатах жыхары таксама абмяркоўваюць магчымае падзеньне самалёта.
Аляксандар Лукашэнка выказаў Уладзіміру Пуціну спачуваньне ў сувязі з авіякатастрофай.
Гэта ня першае крушэньне вайсковых самалётаў у расейскіх рэгіёнах за нядаўні час
21 кастрычніка разьбіліся за адзін два зьнішчальнікі Су-30 — у Падмаскоўі і Калінінградзкай вобласьці.
29 верасьня ў Амурскай вобласьці разьбіўся бамбавік-ракетаносец Ту-95.
23 ліпеня пад Масквой разьбіўся зьнішчальнік Су-57.
7 верасьня паводле расейскіх тэлеграм-каналаў у Курскай вобласьці сутыкнуліся два зьнішчальнікі Су-35С. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
15 чэрвеня ў Іркуцкай вобласьці разьбіўся ракетаносец-бамбавік Ту-22М3.
3 красавіка ў Крыме разьбіўся Су-30.
31 сакавіка ў Крыме разьбіўся Ан-26, загінулі 29 чалавек.
Форум