Рэвалюцыйна свабодны сьвет. Расказваем пра легендарную гульню GTA, выхаду новай вэрсіі якой чакаюць мільёны

Скрыншот з Grand Theft Auto VI, якая выйдзе 19 лістапада
Скрыншот з Grand Theft Auto VI, якая выйдзе 19 лістапада
Слухаць
11 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Геймэры ўва ўсім сьвеце ўжо замовілі больш за 10 мільёнаў копіяў 6-й часткі легендарнай сэрыі гульняў, якая існуе 29 гадоў. Як эвалюцыянавала GTA за гэты час і чаму яе так любяць.

19 лістапада выходзіць Grand Theft Auto VI ад студыі Rockstar Games для кансоляў PS5 і Xbox. Яна ж «шостая» GTA. І гэта самы чаканы рэліз у сьвеце GameDev на плянэце. Цяпер гульню замовілі ўжо больш за 10 мільёнаў чалавек, а распрацоўнікі сабралі на перадзамовах больш за 1 мільярд даляраў, паводле ацэнкі аналітычнай кампаніі Sensor Tower. Ні распрацоўнікі, ні выдаўцы сваіх лічбаў пакуль не называлі, як і дату выхаду вэрсіі гульні для настольных кампутараў. Расказваем, як стваралася гэта легендарная сэрыя гульняў і чаму яе выхад такі чаканы для геймэраў.

Чаму столькі ажыятажу і што будзе ў новай вэрсіі

Новай сэрыі GTA геймэрам давялося чакаць амаль 13 гадоў. Цяпер дзеяньне будзе адбывацца ў выдуманым штаце Леаніда (Leonida), а галоўным горадам стане Вайс-Сіці (Vice City), знаёмы гульцам зь мінулых рэлізаў сэрыі. Аднак лякацыя не абмяжуецца адным горадам: гульцам абяцаюць аддаленыя раёны, балоты, прыбярэжныя тэрыторыі, невялікія паселішчы.

Джэйсан Дзюваль (Jason Duval) і Люсія Камінас (Lucia Caminos) стануць асноўнымі героямі новай GTA
Джэйсан Дзюваль (Jason Duval) і Люсія Камінас (Lucia Caminos) стануць асноўнымі героямі новай GTA

Гуляць давядзецца за дваіх пэрсанажаў: Джэйсан Дзюваль (Jason Duval) і Люсія Камінас (Lucia Caminos). Гэтая пара і асабліва адносіны паміж імі мусяць стаць важнай часткай сюжэту. Люсія нядаўна выйшла з турмы, Джэйсан зьвязаны з крымінальным асяродзьдзем, і, вядома ж, у пэўны час гісторыя ідзе не паводле пляну, а галоўныя героі ўцягваюцца ў маштабную змову, якая ахоплівае ўсю Леаніду.

У апублікаваных ужо трэйлерах гульні распрацоўнікі паказалі рэвалюцыйна рэалістычную графіку і дэталізацыю, а таксама свабоду дзеяньняў — пагоні і перастрэлкі, усё тое, чым славіцца GTA. Трэйлеры гульні набіраюць на YouTube дзясяткі мільёнаў праглядаў.

Ад пагоні за злачынцамі да адкрытага сусьвету

Першую GTA выпусьцілі яшчэ ў 1997 годзе, яе зрабіла кампанія DMA Design, а працоўныя варыянт назвы гульні быў іншым — «Гонкі і пагоні» (Race’nʼChase). У пачатковай задумцы гулец мусіў кіраваць паліцыянтам і перасьледаваць злачынцаў на аўтамабілі зь вялікай хуткасьцю. Аднак пры далейшай распрацоўцы стваральнікам такі сюжэт здаўся сумным.

Тады сюжэт вырашылі перавярнуць. Галоўны герой сам стаў злачынцам: гулец змог выходзіць з машыны і красьці чужыя аўтамабілі. Тады ж зьявілася і назва Grand Theft Auto, якая ў амэрыканскім крымінальным праве азначае буйны крадзеж аўтамабіля. Пазьней, калі гульню пачалі тэставаць у фокус-групах яшчэ да выхаду, выявілася праблема. Гульнёвы сьвет аказаўся настолькі свабодным, што людзі замест выкананьня місіяў проста зганялі машыны, ваявалі з паліцыяй і сеялі хаос. Пасьля гэтага было вырашана стварыць сыстэму, пры якой гульцу трэба набіраць пункты, каб пераходзіць на наступны ўзровень. Гульня мела двумерную графіку з выглядам зьверху. Так стваралася адчуваньне, нібыта гулец кіруе працэсам з вышыні птушынага палёту. Гэта надавала гульні асаблівую атмасфэру. Паводле сюжэце трэба было выконваць заданьні мафіі, зьвязаныя з крадзяжом аўтамабіляў.

Так выглядала самая першая гульня GTA
Так выглядала самая першая гульня GTA

У 1999 годзе выйшла GTA: London ʼ69. Гэта быў праект на тым жа рухавіку і з той жа сыстэмай кіраваньня, што і ў першай частцы, але дадаліся новыя місіі, новыя машыны, а само дзеяньне адбывалася ў Лёндане 1969 году.

А гэта ўжо скрыншот з GTA II
А гэта ўжо скрыншот з GTA II

Таксама ў 1999 годзе выйшла GTA II, дзеяньне якой адбывалася ў рэтрафутурыстычным мэгаполісе, а гульня сумяшчала ў сябе элемэнты кібэрпанку з рэтра-аўтамабілямі. Горад дзяліўся на сфэры ўплыву розных бандаў, да якіх гулец мог далучыцца. Цяпер гульца перасьледавалі ў дадатак да паліцыі яшчэ і спэцназ, фэдэральныя агенты і вайскоўцы. На той момант студыя DMA Design ужо ўвайшла ў склад Rockstar Games.

Больш свабоды дзеяньняў

Наступная гульня сэрыі — GTA III, якая выйшла ў 2001 годзе, стала рэвалюцыяй у GameDev. Цяпер гэта была ўжо прыгодніцкая стралялка ад першай асобы ў 3D сьвеце зь відам у пэрспэктыве ад 3-й асобы. Гуляць трэба было за безыменнага злачынцу, які стаў ахвярай змовы. Вядома, у гульні былі захапляльны сюжэт і місіі, але многія проста зганялі машыны, змагаліся з паліцыяй ці каталіся па горадзе. Бо асноўнай фішкай, якія і раней была, а цяпер раскрылася напоўніцу, стаў цалкам свабодны сьвет. Агульны наклад прададзеных копіяў перавысіў 14 мільёнаў, а GTA III лічыцца знакавай для жанру і адной зь першых гульняў з адкрытым 3D сьветам. У 2002 годзе выйшаў працяг — GTA: Vice City.

GTA III
GTA III

А ў 2004-м Grand Theft Auto: San Andreas. Пасьля посьпеху трэцяй часткі сэрыі і GTA: Vice City распрацоўнікі зрабілі сьвет яшчэ больш адкрытым: гэта быў ужо ня проста горад, а цэлы штат. З палямі, лясамі, маленькімі гарадамі і адкрытай мясцовасьцю. Таксама ў праект дадалі элемэнтаў ролевай гульні: можна было мяняць прычоску, вопратку героя, ягоныя фізычныя здольнасьці. Можна было наведваць кавярні, крамы, набываць нерухомасьць, кіраваць рознымі відамі транспарту. Распрацоўнікі ня толькі пашырылі адкрыты сьвет, але дадалі больш магчымасьцяў узаемадзейнічаць зь ім: рабі што хочаш — катайся па горазе, зганяй машыны, канфліктуй зь мінакамі ці паліцыяй.

GTA San Andreas
GTA San Andreas

Наступная гульня — GTA IV — выйшла ў 2008 годзе і была больш рэалістычнай, змрочнай і мела драматычную дэталізаваную сюжэтную лінію героя. Гэта той жа адкрыты сьвет, але больш жорсткі і больш рэальны.

А ў пятай частцы сэрыі, якая зьявілася ў 2013-м, распрацоўнікі аб’ядналі тэхналягічныя графічныя рашэньні 4-й часткі з маштабнасьцю San Andreas. Таксама зьмяніўся стыль аповеду: гуляць трэба было за чатырох розных пэрсанажаў.

У гэтай сэрыі гульняў ёсьць асаблівасьць, якая дазваляе захоўваць папулярнасьць некаторых частак шмат гадоў пасьля выхаду: у іх дазваляюцца аматарскія мадыфікацыі. Гульцы ствараюць на падставе гульні свае сусьветы зь іншымі машынамі, людзьмі, будынкамі, вуліцамі. Напрыклад, існуе мадыфікацыя GTA у постсавецкім асяродзьдзі з адпаведнымі дамамі, вуліцамі і машынамі, а ёсьць мадыфікацыя, натхнёная сэрыяй постапакаліптычных фільмаў Mad Max.

«Хадзіў у клюб, каб пагуляць, і проста езьдзіў па горадзе»

Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці з адданым фанатам сэрыі, які гуляў у 5-ю частку некалькі тысяч гадзінаў, а ўпершыню адкрыў для сябе гэтыя гульні ў канцы 90-х гадоў.

«У GTA гуляў яшчэ з канца 90-х, калі выйшлі першыя часткі для кампутара. І тады ў гульні вабіў свабодны сьвет, а ў GTA 2 — яшчэ і ўтульная атмасфэра кібэрпанку. Калі выйшла GTA 3, яе чакалі абсалютна ўсе геймэры пачатку нулявых. І з сумам падлічвалі, колькі будзе каштаваць апгрэйд кампутара, каб у яе пагуляць. Праз 20 гадоў сытуацыя, у істоце, зьмянілася ня вельмі. У тыя гады я хадзіў у кампутарны клюб (там кампутары былі магутнейшыя за хатнія), проста каб пакатацца па горадзе. Выкрадаеш аўтамабіль, проста езьдзіш і атрымліваеш асалоду ад жыцьця вялікага гораду», — кажа суразмоўца.

Графіка "Grand Theft Auto VI" будзе значна пераўзыходзіць тую, якая была ў ранейшых вэрсіях
Графіка "Grand Theft Auto VI" будзе значна пераўзыходзіць тую, якая была ў ранейшых вэрсіях

Сыстэмныя патрабаваньні новай GTA VI сапраўды могуць ударыць па кішэні геймэраў. Пакуль анансаваны выхад толькі на кансолях, але, напрыклад, на Play Station 4 гульня ня пойдзе, трэба будзе аднаўляцца да 5-й сэрыі. Пра патрабаваньні да кампутараў распрацоўнікі афіцыйна не заяўлялі, але, з папярэдніх ацэнак, спатрэбіцца магутная відэакартка — да 12 гігабайт памяці. Каштуюць такія відэакарткі цяпер 550–680 эўра.

Яшчэ адна фішка сэрыі гульняў GTA, з словах нашага суразмоўцы, — гэта выдатны гумар.

«Цяпер GTA 6 я ўжо не чакаю як фанат — думаю, пагуляю ў яе пазьней. Не чакаю, бо GTA 6, несумненна, будзе выдатнай гульнёй, але гэта ўжо не рэвалюцыя сярод адкрытых сьветаў. А люблю гэтую сэрыю менавіта за тое, што ў маім асабістым сьпісе яна была першай гульнёй, у якой я ўбачыў такі свабодны сьвет. Ну і, вядома, стыль — вельмі кінэматаграфічны і ў добрым сэнсе клішаваны.

Яшчэ асобна паважаю Rockstar за ўменьне ператвараць гульню ў камэдыю. У істоце камэдыя — адзін з самых складаных жанраў з гледзішча сцэнара. Калі чалавеку паказаць дрэнную камэдыю, ён ня проста засумуе, а раззлуецца», — мяркуе суразмоўца.

​
XS
SM
MD
LG