Музэй у Строчыцы просіць дапамогі ў аднаўленьні інтэр’ераў драўлянай царквы з Глыбоцкага раёна

Сьвята-Траецкая царква зь вёскі Вялец (Глыбоцкі раён) у Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту. Вёска Строчыца Менскага раёну
Сьвята-Траецкая царква зь вёскі Вялец (Глыбоцкі раён) у Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту. Вёска Строчыца Менскага раёну

Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту, разьмешчаны ў Строчыцы Менскага раёну, зьвярнуўся па дапамогу ў справе аднаўленьня інтэр’ераў Сьвята-Траецкай царквы, якая тут знаходзіцца.

Царква паходзіць зь вёскі Вялец Глыбоцкага раёну. Цяпер яна зьяўляецца адным з аб’ектаў драўлянай архітэктуры ў музэі ў Строчыцы.

Музэй народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцы Менскага раёна зьвярнуўся па дапамогу да ў справе аднаўленьня інтэр’ераў гэтай царквы.

«У нашым музэі пад адкрытым небам, у Строчыцы, беражліва захоўваюцца часьцінкі душы Беларусі — старадаўнія хаты, млыны, школы і храмы. Але сярод іх ёсьць помнік зь вельмі няпростым і амаль забытым лёсам. У 2026 годзе мы пачалі вялікую і сьвятую справу — аднаўленьне Сьвята-Траецкай царквы зь вёскі Вялец (Глыбоцкі раён), якую ў народзе таксама звалі Старапарэцкай або Макавееўскай.

Калісьці ў XIX стагодзьдзі яе перавезлі туды зь вёскі Буртулёўка, і доўгія дзесяцігодзьдзі пад яе скляпеньнямі гучалі малітвы, хрысьцілі дзяцей, вянчалі маладых і праводзілі ў апошні шлях продкаў. Але сёньня мы стаім перад пустымі сьценамі і горкай праўдай: мы амаль нічога ня ведаем пра тое, якой гэтая царква была ўнутры», — паведамляецца на інтэрнэт-сайце музэя.

Супрацоўнікі музэя паведамляюць, што яны не ведаюць, як выглядаў іканастас царквы, якія абразы там былі, хто са сьвятароў, псаломшчыкаў і званароў працаваў тут.

«Без гэтых дэталяў храм пры рэстаўрацыі рызыкуе застацца проста прыгожым зрубам — без сваёй сапраўднай, жывой душы», — пішуць супрацоўнікі музэя.

Яны зьвяртаюцца да суграмадзян з просьбай аб дапамозе — зазірнуць у старыя сямейныя альбомы, распытаць бабуль і дзядуль, суседзяў і старажылаў аб тым, якой была царква ўнутры, і знайсьці іншыя падрабязнасьці. Музэй цікавяць старыя фатаздымкі, успаміны, прозьвішчы і лёсы сьвятароў і прыхаджан, захаваныя прадметы ці іх фота.

Чым вядомы музэй у Строчыцы

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (вядомы таксама як «Строчыца») — адзіны ў Беларусі музэй-скансэн пад адкрытым небам, дзе сабраныя аўтэнтычныя помнікі драўлянага дойлідзтва канца XVIII — пачатку XX стагодзьдзя з розных куткоў краіны.

Комплекс займае 151 гэктар паміж вёскамі Азярцо і Строчыца непадалёк ад Менска.

На працягу 1987-1994 гадоў для наведнікаў былі адчыненыя тры навукова-экспазыцыйных сэктара: «Цэнтральная Беларусь» і часткова сфармаваныя «Паазер’е» і «Падняпроўе».

Цяперу экспазыцыю Беларускага дзяржаўнага музэя народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 абʼектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі. Музэй захоўвае больш за 20 тысяч этнаграфічных экспанатаў.

​
XS
SM
MD
LG