Высланы з Грузіі беларус Леў Міхееў атрымаў у Армэніі часовае пасьведчаньне асобы, якая прэтэндуе на прытулак

Леў Міхееў у Тбілісі зь беларускім і грузінскім сьцягамі. Архіўнае фота
Леў Міхееў у Тбілісі зь беларускім і грузінскім сьцягамі. Архіўнае фота

Беларускаму палітычнаму ўцекачу Льву Міхееву, якога 25 верасьня выслалі з Грузіі ў Армэнію, пасьля падачы заявы на атрыманьне прытулку, выдалі часовае пасьведчаньне асобы.

«Гэта другі этап, які рэалізаваўся пасьля падачы заявы. Быў невялікі тэхнічны збой: надрукавалі карту, але там была памылка, яе потым перавыдалі. Я зьезьдзіў у Службу міграцыі і грамадзянства МУС, мне вынесьлі нават без чаргі, я толькі паставіў подпіс», — паведаміў Леў Міхееў выданьню «Позірк».

Паводле яго, карты будзе дзейнічаць тры месяцы, а ня год, як у Грузіі. «Але калі разгляд заявы яшчэ не завершыцца, то праз тры месяцы я атрымаю новую карту. Пры неабходнасьці карту праз чарговыя тры месяцы выдадуць зноў», — дадаў ён.

Міхееў мяркуе, што «сама абстаноўка спрыяе, каб пытаньне вырашылася хутчэй».

«Кожны кейс індывідуальны. Аднак самі супрацоўнікі служба сказалі, што будуць намагацца цягам трох месяцаў гэта ўсё вырашыць. Нават калі будзе адмова, я змагу яе абскардзіць у судзе. Але спадзяюся на станоўчае рашэньне», — адзначыў ён.

Наступны этап — выклік на інтэрвію, адбудзецца тады, калі ў міграцыйнай службы зьявіцца магчымасьць запрасіць сэртыфікаванага перакладчыка. «У сваю чаргу я пайду туды з адвакатам», — сказаў Міхееў.

Што папярэднічала

Беларус Леў Міхееў пражыў у Грузіі пяць гадоў. Нечакана яго затрымалі грузінскія ўлады і сказалі выбіраць, у якую краіну яго вышлюць. Сярод варыянтаў была Беларусь, дзе Міхееў у вышуку. Леў абраў Армэнію. Там яго затрымалі, але на другі дзень вызвалілі. Ён зьвярнуўся па атрыманьне міжнароднай абароны Армэніі.

Беларусь і Расея абвесьцілі яго ў вышук. За што менавіта, ён ня ведае. У расейскай базе вышуку пазначана, што ўлады Беларусі шукаюць яго зь сьнежня 2022 году.

Свабодзе Леў Міхееў расказваў, што да яго ў 2021 годзе прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Ён родам зь Менску, але тады перабраўся жыць у вёску Бароўка Лепельскага раёну. Міліцыянты прыйшлі з надуманай прычыны, у справе, да якой ён мог нібыта мець дачыненьне, а мог і ня мець.

Тады сілавікі падчас ператрусу тады нічога не знайшлі. Але гэта стала апошняй кропляй, пасьля якой Міхееў сабраў рэчы, прадаў сваю кватэру і зьехаў за мяжу.

Ён быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Выходзіў на пратэсты супраць гвалту ў Лепелі ў жніўні 2020 году. Ужо ў Тбілісі браў удзел у акцыях салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і супраць вайны ва Ўкраіне. Усё гэта можа стаць падставай для арышту ў Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG