У Беларусі зьліквідавалі яшчэ тры некамэрцыйныя фонды. Якія грамадзкія арганізацыі цяпер дазваляюць ствараць

Менскі абласны суд ухваліў рашэньне аб прымусовай ліківдацыі грамадзкіх арганізацый. Ілюстрацыйнае фота
Менскі абласны суд ухваліў рашэньне аб прымусовай ліківдацыі грамадзкіх арганізацый. Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончая і дасьледчая ініцыятыва Lawtrend выявіла інфармацыю аб прымусова зьліквідаваных ня менш як трох фондаў і адной недзяржаўнай установы.

Як адзначаецца ў штомесячным маніторынгу ініцыятывы, адпаведныя рашэньне вынесьлі Менскі і Гомельскі абласныя суды, а таксама Мёрскі райвыканкам.

«Два з трох фондаў, датычна якіх ухвалілі рашэньні аб ліквідацыі, прадстаўлялі прадугледжаную заканадаўствам справаздачнасьць за 2023 і 2024 гады. Недзяржаўная ўстанова, датычна якой ухвалілі рашэньне аб прымусовай ліквідацыі раней самастойна ініцыявала працэдуру ліквідацыі, аднак потым скасавала адпаведнае рашэньне», — адзначаецца ў публікацыі.

Апроч таго, у кастрычніку сама меней 6 некамэрцыйных арганізацый ухвалілі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі. Паводле экспэртаў, самастойная ліквідацыя, як і раней, фактычна мае прымусовы характар. Гэта абумоўлена маштабам рэпрэсій, неспрыяльным прававым асяродзьдзем, рызыкамі для кіраўнікоў, супрацоўнікаў і чальцоў арганізацый, а таксама немагчымасьцю працягваць дзейнасьць.

Сярод арганізацый, якія самастойна зьліквідаваліся, — асьветніцкі цэнтар «Разум Лайф», зарэгістраваны 22 лютага 2022 году.

Якія грамадзкія арганізацыі зьявіліся

Згодна з аналізам дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, з 1 студзеня да канца кастрычніка 2026 году ў Беларусі зарэгістравалі 25 некамэрцыйных арганізацый.

Найбольш зь іх — 13 — недзяржаўных устаноў, у тым ліку 4 — у сфэры абароны жывёл, 3 — сацыяльнай і дабрачыннай накіраванасьці, 2 — культурна-творчай накіраванасьці, 2 установы адукацыі, 2 — спартовай накіраванасьці і 1 — у сфэры разьвіцьця міжрэгіянальных ініцыятыў.

Апроч таго, зарэгістравалі яшчэ прыблізна 12 грамадзкіх арганізацый, у тым ліку, 7 — спартовай накіраванасьці, 2 — моладзевыя арганізацыі, 1 аб’яднаньне абаронцаў і жыхароў блякаднага Ленінграда, 1 аб’яднаньне афіцэраў, і 2 — сфэры міжкультурнай супрацы.

На момант падрыхтоўкі аналізу зьвестак аб рэгістрацыі новых фондаў у 2026 годзе ня выявілі.

Колькі грамадзкіх арганізацый зьліквідавалі за апошнія шэсьць гадоў

На канец кастрычніка 2026 году сукупныя інстытуцыйныя страты сэктару грамадзянскай супольнасьці з пачатку постэлектаральнага крызісу 2020 года склалі сама меней 2090 некамэрцыйных арганізацый.

Згодна з маніторынгам Lawtrend, з 2021 году сама меней 1272 некамэрцыйных арганізацый прымусова зьліквідавалі або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ сама меней 818 некамэрцыйных арганізацый ухвалілі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі.

Паводле экспэртаў, адным з асноўных інструмэнтаў ціску на грамадзянскую супольнасьць застаецца заканадаўства аб супрацьдзеяньні «экстрэмізму». Працягваецца крымінальны перасьлед за ахвяраваньні ў падтрымку грамадзкіх ініцыятыў, за ўдзел у іх дзейнасьці і супрацу зь імі, а таксама прызнаньне інфармацыйных рэсурсаў арганізацый і іх прадстаўнікоў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

​
XS
SM
MD
LG