Такія вынікі прыводзіць міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House ў штогадовай справаздачы «Свабода ў сеціве» (Freedom on the Net 2026). Сярод 38 дасьледаваных краінаў ніжэйшыя за Беларусь ацэнкі атрымалі толькі пяць: Куба (19 балаў), Расея (16), Кітай, Іран і М’янма (па 9).
У параўнаньні зь мінулым годам ацэнка Беларусі павысілася на адзін бал: у справаздачы за 2025 год краіна мела 20 балаў. Аднак яе статус не зьмяніўся. Да катэгорыі краінаў зь несвабодным інтэрнэтам Freedom House адносіць дзяржавы, якія набіраюць ад 0 да 39 балаў.
Найбольш свабодным сярод дасьледаваных краінаў інтэрнэт прызнаны ў Эстоніі, якая атрымала 91 бал.
Справаздача ахоплівае пэрыяд ад 1 чэрвеня 2025 году да 31 траўня 2026 году. Аўтары ацэньваюць перашкоды для доступу да інтэрнэту, абмежаваньні кантэнту і парушэньні правоў карыстальнікаў.
Сёлета Freedom House прыпыніла агляд 34 краінаў. На дзяржавы, якія засталіся ў дасьледаваньні, прыпадаюць каля 71% інтэрнэт-карыстальнікаў сьвету.
Свабода інтэрнэту пагаршаецца шаснаццаты год запар
Паводле Freedom House, свабода інтэрнэту ў сьвеце зьніжаецца шаснаццаты год запар. Сярод краінаў, ахопленых сёлетнім дасьледаваньнем, сытуацыя пагоршылася ў 16 і палепшылася ў васьмі.
Найбольшае пагаршэньне зафіксавалі ў Іране. Значнае зьніжэньне паказьнікаў таксама адбылося ў Ярданіі і Нігерыі.
Грузія перайшла з катэгорыі краінаў са свабодным інтэрнэтам у катэгорыю з часткова свабодным. Аўтары зьвязваюць гэта з працягам перасьледу інтэрнэт-актывістаў і карыстальнікаў за выказваньні, якія ўлады ўспрымаюць як крытыку кіроўнай партыі «Грузінская мара».
Найбольшае паляпшэньне другі год запар зафіксавалі ў Бангладэш, за ім ідзе Гамбія. Freedom House зьвязвае прагрэс у гэтых краінах з рэформамі пасьля адхіленьня ад улады аўтарытарных кіраўнікоў. Разам з тым у Бангладэш захоўваюцца сур’ёзныя праблемы, у тым ліку палітычна матываваны перасьлед журналістаў.
Аўтарытарныя ўлады ўзмацняюць лічбавую ізаляцыю
Адной з галоўных тэндэнцыяў аўтары называюць спробы аўтарытарных уладаў ізаляваць насельніцтва ад глябальнага інтэрнэту, захоўваючы доступ да ўхваленых дзяржавай сэрвісаў.
Паводле справаздачы, агульнанацыянальнае адключэньне інтэрнэту ў Іране, якое пачалося ў лютым, працягвалася каля 88 дзён. Гэта найдаўжэйшае агульнанацыянальнае адключэньне за ўсю гісторыю дасьледаваньня. Адначасова ў краіне фармавалася сыстэма, у якой доступ да глябальнай сеткі захоўвала толькі прывілеяваная меншасьць.
У Расеі пашыраліся адключэньні мабільнага інтэрнэту і абмежаваньні VPN, якія дазваляюць абыходзіць блякаваньні. Улады таксама стварылі пералік «сацыяльна значных сэрвісаў», доступ да якіх правайдэры павінны захоўваць падчас адключэньняў. У яго ўвайшлі дзяржаўныя мэдыя, сацсеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», мэсэнджар Max.
Праверка ўзросту і рэгуляваньне штучнага інтэлекту
Яшчэ адна тэндэнцыя тычыцца патрабаваньняў правяраць узрост карыстальнікаў. Станам на чэрвень 2026 году ў дзесяці з 38 дасьледаваных краінаў такія нормы для сацсетак або іншага непарнаграфічнага кантэнту прапанавалі, ухвалілі ці ўжо пачалі ўжываць.
Аўстралія ўвяла забарону на акаўнты дзяцей да 16 гадоў у шэрагу буйных сацсетак. У Інданэзіі падобная забарона ахапіла плятформы, аднесеныя да катэгорыі высокай рызыкі.
Freedom House прызнае неабходнасьць абароны дзяцей, аднак адзначае, што праверкі ўзросту могуць абмяжоўваць доступ да інфармацыі і ствараць рызыкі для прыватнасьці. Аўтарытарныя ўлады могуць выкарыстоўваць іх для ўзмацненьня сачэньня.
Падобныя рызыкі аўтары бачаць у рэгуляваньні кантэнту, створанага штучным інтэлектам. Новыя нормы дапамагаюць змагацца з махлярствам, выдаваньнем сябе за іншых людзей і стварэньнем інтымных выяваў без згоды чалавека. Аднак асобныя законы ўлады ўжо выкарыстоўвалі для абмежаваньня свабоды выказваньня і перасьледу журналістаў.
Freedom House заклікае дэмакратычныя ўрады і тэхналягічныя кампаніі падтрымліваць сродкі абыходу цэнзуры, доступ да спадарожнікавага інтэрнэту і лічбавую бясьпеку журналістаў ды праваабаронцаў.
Форум