Былая супрацоўніца Офісу Сьвятланы Ціханоўскай Настасься Касьцюгова прапануе Захаду выкарыстоўваць частку санкцыяў для вызваленьня палітвязьняў і зьмяншэньня рэпрэсіяў, а таксама даць Лукашэнку альтэрнатыву расейскаму ціску. Прадстаўнік Офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі перакананы, што празьмерныя саступкі толькі ўзмоцняць рэжым. Пра гэта яны паспрачаліся ў эфіры «ПіКу Свабоды».
00:00 — Галоўныя тэмы тыдня
00:40 — Ці патрэбны Лукашэнка Трампу і Пуціну
10:51 — Сяргей Ціханоўскі супраць Сьвятланы: раскол?
21:19 — Ці здымуць санкцыі зь беларускага калію
25:38 — Спрэчка Касьцюговай і Кучынскага: як ратаваць палітвязьняў
33:20 — Безумоўнае вызваленьне ці гандаль з рэжымам
48:07 — Плян зьняцьця санкцый: ці ўзмоцняць саступкі Лукашэнку
«Трэба прыняць рэальнасьць, у якой Лукашэнка застаецца ва ўладзе»
Настасься Касьцюгова лічыць, што Захаду варта зыходзіць з таго, што Лукашэнка яшчэ нейкі час будзе кіраваць Беларусьсю, а магчымасьці дамагчыся ад яго сыстэмных зьменаў абмежаваныя.
«Трэба прыняць рэальнасьць, у якой санкцыямі ніхто з нашых партнэраў Лукашэнку скідаць не зьбіраецца. Лукашэнка яшчэ нейкі час, на жаль, будзе заставацца ва ўладзе», — сказала яна.
На думку Касьцюговай, варта засяродзіцца на дасягальных мэтах: вызваленьні палітвязьняў, спыненьні крымінальнага перасьледу і зьмяншэньні іншых рэпрэсіяў.
Яна прапануе адрозьніваць санкцыі, уведзеныя за падтрымку расейскай агрэсіі, ад абмежаваньняў за парушэньні правоў чалавека. Першыя, на яе думку, павінны заставацца ў сіле, пакуль працягваецца вайна, а другія можна выкарыстоўваць у перамовах з Лукашэнкам.
Касьцюгова таксама лічыць нерэалістычным патрабаваць ад Лукашэнкі неадкладна спыніць усю падтрымку Расеі. Замест гэтага Захад мог бы дамагацца, каб Менск не пашыраў такой падтрымкі і не дазваляў зноў выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для ваеннай эскаляцыі.
«Чаму Захаду трэба цяпер наладжваць кантакты з Лукашэнкам? Каб у яго была альтэрнатыва гэтаму ціску», — заявіла Касьцюгова, маючы на ўвазе залежнасьць Менску ад Масквы.
Кучынскі: «Гэта толькі ўзмоцніць Лукашэнку»
Прадстаўнік Офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі не пагадзіўся з такім падыходам. Ён падкрэсьліў, што амэрыканскія і эўрапейскія санкцыі маюць розныя мэханізмы, а значная частка абмежаваньняў Эўразьвязу зьвязаная ня толькі з рэпрэсіямі, але і з вайной, міграцыйным крызісам і гібрыднымі атакамі.
«Спрабаваць зараз аддаць Лукашэнку ўсе карты на рукі, паздымаць эўрапейскія санкцыі, мне здаецца, гэта толькі яго ўзмоцніць», — заявіў Кучынскі.
Паводле яго, Захад павінен захоўваць рычагі ціску, каб дамагацца ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і спыненьня новых рэпрэсіяў. Інакш можа паўтарыцца сытуацыя мінулых гадоў, калі пасьля вызваленьняў пачыналіся новыя хвалі перасьледу.
Кучынскі лічыць, што цяперашнія амэрыканскія перамовы ўжо даюць вынікі, а Эўразьвяз можа падтрымліваць іх, не адмаўляючыся ад уласнай санкцыйнай палітыкі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст пра самыя важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Чатыры разы на тыдзень — з панядзелка па чацьвер — дасьведчаныя журналісты і рэдактары Свабоды выбіраюць для вас галоўныя навіны дня і тлумачаць, што яны значаць.
Па пятніцах мы рыхтуем тыднёвы аналітычны выпуск, у якім разам з вартымі даверу экспэртамі разьбіраем працэсы і тэндэнцыі ў палітыцы, эканоміцы, грамадзтве і культуры.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода. Падзеі і камэнтары» (@svaboda-news).
Новы выпуск дасяжны на канале штодня а 1830 менскага часу.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум