Францускія гаўбіцы Caesar для Літвы
Прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што францускі лідэр Эманюэль Макрон паабяцаў знайсьці спосабы паскорыць пастаўку самаходных гаўбіц Caesar у Літву, паведамляе агенцыя BNS.
«Вайсковае супрацоўніцтва Літвы і Францыі носіць інтэнсіўны характар, мы абмеркавалі тэрміны паставак артылерыйскіх сыстэм Caesar. У некаторых аспэктах мы б хацелі, каб яны былі рэалізаваныя хутчэй, паколькі гэта вельмі важны элемэнт стварэньня нашай нацыянальнай дывізіі. І прэзыдэнт, і яго каманда паабяцалі пашукаць спосабы скарачэньня гэтых тэрмінаў паставак», — сказаў прэзыдэнт Літвы Наўседа.
У сьнежні мінулага году Літва падпісала кантракт на суму 252 млн. эўра з францускай абароннай кампаніяй KNDS France на набыцьцё гаўбіц Caesar Mk II. Гэта другая закупка гэтых сыстэм і адначасова найбуйнейшае набыцьцё Літвою зброі ў Францыі.
Першая дамова была падпісаная ў 2022 годзе, у адпаведнасьці зь ёй Літва купіла 18 гаўбіц Caesar Mk II з тэрмінам пастаўкі ў 2027 годзе. Пасьля набыцьця новай партыі гаўбіц Літва стане другой краінай па колькасьці гэтых сыстэм пасьля самой Францыі.
Паводле BNS, у верасьні Міністэрства абароны таксама аб’явіла аб пагадненьні з KNDS France, згодна з якім у Літве плянуецца інвэставаць 12 млн. эўра ў будаўніцтва і аснашчэньне спэцыялізаваных майстэрняў па рамонце артылерыйскіх сыстэм Caesar.
Caesar — адна з нямногіх колавых 155-мм самаходных артылерыйскіх сыстэм, што вырабляюцца ў краінах NATO і Эўрапейскага зьвязу, якая прайшла практычную праверку на полі бою ва Ўкраіне.
Гранатамёты Carl-Gustaf M4 з Швэцыі
Як паведамляе BNS, 10 лістапада на склады Ўзброеных сіл Літвы паступілі супрацьтанкавыя гранатамёты Carl-Gustaf ад швэдзкага вытворцы Saab Dynamics AB. Паводле Міністэрства абароны Літвы з пастаўкай гэтых гранатамётаў і запасных частак да іх быў рэалізаваны кантракт на закупку ўзбраеньняў на суму 14 млн. эўра, падпісаны ў канцы 2024 году.
Агенцтва BNS раней паведамляла, што ў траўні 2026 году з Saab Dynamics AB быў заключаны новы дзесяцігадовы кантракт на набыцьцё дадатковых гранатамётаў Carl-Gustaf M4, запчастак і навучальнага абсталяваньня, а таксама пагадненьне аб прамысловым супрацоўніцтве на суму 17 млн. эўра. Агульны кошт кантракту, у тым ліку магчымыя дадатковыя замовы, можа скласьці каля 58 млн. эўра. Паводле Мінабароны Літвы, у рамках гэтага пагадненьня літоўскаму войску ўжо перадалі першыя гранатамёты.
Міністар абароны Літвы Робэртас Каўнас адзначаў, што супрацоўніцтва з Saab Dynamics AB «садзейнічае ўмацаваньню нацыянальных кампэтэнцый у галіне захоўваньня боепрыпасаў, лягістыкі, інжынэрных рашэньняў і тэхналёгій бясьпекі, а таксама стымулюе разьвіцьцё магутнасьцяў абароннай прамысловасьці краіны».
Carl-Gustaf M4 — 84-мм шматразовы гранатамёт, прызначаны для зьнішчэньня браняваных цэляў і жывой сілы праціўніка, а таксама для агнявой падтрымкі падразьдзяленьняў. Сыстэма ўзбраеньня прайшла праверку ў рэальных баявых умовах.
Два батальёны ЗША каля мяжы Беларусі
На наступным тыдні ў Літве завершыцца дысьлякацыя новай ратацыі амэрыканскіх вайскоўцаў, паведаміў 10 лістапада прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
«16 лістапада ў 11 гадзін на палігоне ў Падбродзьдзі (Пабрадэ) будзе ўзьняты сьцяг ЗША. Іншымі словамі, у Літве будуць дыслякаваныя два ратацыйныя батальёны ЗША», — сказаў Наўседа.
Гэты палігон знаходзіцца за 15 кілямэтраў ад мяжы Беларусі.
Паводле кіраўніка літоўскай дзяржавы, гэта абавязацельства Вашынгтону, якое ён «выканаў на 100 працэнтаў».
Вайсковыя кантынгенты ЗША з перапынкамі замяняліся ў Літве кожныя дзевяць месяцаў, пачынаючы з 2014 году. Улетку гэтага года ў рамках перагляду вайсковай прысутнасьці ЗША ў Эўропе ў краіне заставалася крыху больш за 100 амэрыканскіх вайскоўцаў, аднак у верасьні было абвешчана аб прыбыцьці двух батальёнаў. Гэта супастаўнае з колькасьцю войскаў, якія дысьлякаваліся ў Літве ў апошнія гады, — больш за тысячу салдат.
Экспэрт: Літва рыхтуецца да магчымай агрэсіі Расеі і беларускага рэжыму
Новыя захады кіраўніцтва Літвы дзеля павышэньня абароназдольнасьці краіны Свабодзе пракамэнтаваў палітычны аглядальнік зь Вільні Вітаўтас Брувярыс.
Брувярыс патлумачыў крокі, якія робіць кіраўніцтва краіны, усё больш небясьпечнай абстаноўкай на яе межах. Пры гэтым ён не хаваў уласных крытычных заўваг на адрас літоўскіх уладаў:
«Гэта робіцца, каб лепш падрыхтавацца да магчымай агрэсіі Расеі і беларускага рэжыму, якая асабіста мне падаецца непазьбежнай. Па ўсім пэрымэтры краін Эўразьвязу, у тым ліку на межах балтыйскіх краін, гэтыя два дыктатарскія рэжымы ўжо праводзяць тэрарыстычная акцыі: дроны, дывэрсіі, спробы прарвацца праз мяжу, як было нядаўна ў Латвіі з боку нейкай групы „чорныя русы“. Пакуль ім толькі не ўдаецца дасягаць шмат ахвяраў, але спробы ўжо ёсьць. Менавіта зыходзячы з гэтага можна дапусьціць, што поўнамаштабная адкрытая агрэсія зь іх боку — пытаньне часу».
Вітаўтас Брувярыс такім чынам ацаніў траекторыю геапалітычных працэсаў, якія на яго думку, ідуць па эскаляцыйнай сьпіралі.
«Таму нам даводзіцца рэагаваць, закупляюць новую зброю і павялічваць вайсковую прысутнасьць хаўрусьнікаў з NATO. Але як па мне, дык тут галоўнае пытаньне — гэта ці не запозна і не павольна робяцца нашы крокі ў адказ? Шмат хто ў Літве крытыкуе ўлады, што прыярытэты ў сыстэме бясьпекі выбіраюцца ня тыя, якія патрабуе час і абстаноўка», — зазначыў Вітаўтас Брувярыс.
Ён згадаў сярод іншага і тое, што ў ноч на 11 лістапада ў Літве абвяшчалі трывогу ў сувязі з пралётам небясьпечных дронаў.
«Гэтай ноччу ў нас у Літве быў хаос — ляталі дроны і паветраныя балёны, у тым ліку з боку Беларусі, супраць іх уздымалі зьнішчальнікі. Паводле маіх зьвестак двойчы цэлілі па гэтых аб’ектах, але адна ракета не патрапіла па цэлі. Добра, што тая ракета самаліквідавалася і ад яе абломкаў ніхто не пацярпеў. Ноч была вельмі трывожная, а дзе пасьпяховыя дзеяньні супрацьпаветранай абароны Літвы?
Таму добра, што закупляюць зброю, чым яе больш, тым людзям будзе спакайней, але трэба ўсё рабіць хутчэй і пасьлядоўней, а таксама больш рашуча расстаўляць палітычныя прыярытэты. Расейскі і беларускія рэжымы ўжо тэстуюць 5-ы артыкул Статута NATO, паводле якога напад на аднаго сябра ёсьць напад на ўвесь хаўрус. Але радыкалізацыя гэтых рэжымаў на маю думку непазьбежная і наступны два гады, да новых прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША будуць найбольш небясьпечнымі для Эўропы», — мяркуе літоўскі палітоляг Вітаўтас Брувярыс.
Што папярэднічала
Сейм Літвы раней ухваліў папраўку аб зьняцьці з Канстытуцыі забароны на валоданьне і разьмяшчэньне зброі масавага зьнішчэньня, у тым ліку ядзернай зброі.
Паводле прэзыдэнта Наўседы, гэта патрэбна зрабіць, бо геапалітычная сытуацыя працягвае пагаршацца, а Канстытуцыю прымалі ў зусім іншых геапалітычных умовах. Такі крок быў бы «наймацнейшым сыгналам для стрымліваньня варожай агрэсіі», прызнаў Наўседа.
Раней Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін ня раз заяўлялі аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі і правядзеньні вучэньняў у яе выкарыстаньні.
Гэтыя заявы выклікалі непакой у суседніх Беларусі краінах, хоць незалежнага пацьверджаньня разьмяшчэньня такой зброі няма.
Раней выданьне Financial Times паведаміла, што ЗША вядуць перамовы зь некалькімі эўрапейскімі краінамі NATO у пытаньні разьмяшчэньня на іхных тэрыторыях амэрыканскай ядзернай зброі.
Ідзецца аб дзяржавах, дзе яшчэ няма такога ўзбраеньня. Найбольшую цікавасьць да тэмы праяўляюць Польшча і краіны Балтыі.