Гэтая ініцыятыва зьявілася пасьля веснавой заявы дасьледніка гісторыі Саўлюса Подзярыса, які сьцьвярджаў, што мае доказы адшуканьня парэшткаў Вітаўта Вялікага яшчэ ў міжваенны пэрыяд, калі Вільня належала Польшчы, але з палітычных прычын іх ізноў схавалі.
Подзярыс заявіў, што парэшткі вялікага князя трэба шукаць у замураванай нішы каля колішняга (цяпер таксама замураванага) уваходу Вазаў, у падмурку капліцы Сьвятога Казімера ў заходняй сьцяне маўзалею.
Першы этап дасьледаваньняў праводзілі ў межах праекту пад назвай «Лякальнае дасьледаваньне муру Віленскай архікатэдры каля капліцы Сьвятога Казімера», фінансаванага канцылярыяй ураду Літвы, паведаміла Літоўскае тэлебачаньне.
Літоўскі інстытут гісторыі 5 лістапада прызнаў, што пакуль гіпотэза пра разьмяшчэньне парэшткаў Вітаўта Вялікага не пацьвердзілася.
4 лістапада падчас працаў у рамках міждысцыплінарнага навуковага дасьледаваньня ў муры прасьвідравалі адтуліну, што дазволіла агледзець паражніну з дапамогай 3D-камэры і 3D-сканэра. Паводле папярэдніх зьвестак, унутры ня выявілі ні чалавечых парэшткаў, ні прыкметаў саркафагу, бачная толькі крушня камянёў.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Літоўскага інстытуту гісторыі, сабраныя зьвесткі сьведчаць, што гіпотэза, якую раней вылучыў доктар Вітаўтас Урбанавічус, а пазьней паўтарыў Саўлюс Подзярыс, пра магчымае разьмяшчэньне парэшткаў Вітаўта Вялікага ў гэтай канкрэтнай паражніне не пацьвердзілася.
Пакуль археолягі шукаюць парэшткі Вітаўта Вялікага ў Віленскай архікатэдры, прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус спадзяецца, што іх удасца знайсьці да 2030 году — да 600-х угодкаў сьмерці манарха.
«Давярайма нашым спэцыялістам, якія працуюць з абсталяваньнем. Набліжаюцца значныя юбілейныя даты, і я спадзяюся, што да году Вітаўта, мы будзем гатовыя і знойдзем парэшткі», — заявіў прэм’ер-міністар журналістам у чацьвер.
Форум