Пра гэта ў пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Сейме паведаміў дасьледнік Саўлюс Подзярыс, які раней займаўся пошукам каралеўскіх інсыгніяў у Катэдры, піша LRT.
Паводле яго, парэшткі Вітаўта, імаверна, і цяпер знаходзяцца ў сталічнай сьвятыні.
«Мы ўжо вызначылі месца, дзе можа знаходзіцца гэты шкілет. Патрэбная толькі палітычная воля, дазволы і ўсе неабходныя працэдуры — і яго можна знайсьці», — адзначыў дасьледнік.
Подзярыс сьцьвярджае, што існуюць абгрунтаваныя падазрэньні: у 1931 годзе, пасьля вялікай вясновай паводкі, у Катэдры былі знойдзеныя чатыры каралеўскія пахаваньні — Аляксандра Ягайлавіча, Альжбеты Габсбуржанкі, Барбары Радзівілянкі і Вітаўта Вялікага.
У архівах дасьледнік знайшоў дакумэнты, якія сьведчаць, што у той час плянавалася паставіць саркафагі для чатырох асобаў, але ўладам Польшчы, у склад якой тады ўваходзіла Вільня, паведамілі толькі пра тры знойдзеныя пахаваньні. Яшчэ ў 1806 годзе пралат Катэдры Францішак Ксавэры Богуш пісаў у лісьце, што ў крыпце Аляксандра пахаваны таксама і Вітаўт, аднак паказаць гэтае месца яму не змаглі.
Гіпотэзу пра чатыры пахаваньні пацьвярджаюць нэгатывы, якія Подзярыс знайшоў у архіве ў Гданьску. На іх зафіксаваны рамонт Катэдры і будаўніцтва каралеўскага маўзалея. На адным здымку бачны тры шкілеты, на іншым — чатыры.
«Ёсьць вялікая-вялікая імавернасьць, што сёньня мы вам пакажам выяву Вітаўта», — сказаў дасьледнік, дэманструючы фатаграфію.
Паводле яго інтэрпрэтацыі, на пярэднім пляне знаходзяцца парэшткі дзьвюх каралеваў — Альжбеты і Барбары, збоку — Аляксандар, а першы шкілет, хутчэй за ўсё, належыць Вітаўту.
Археоляг Гінтаўтас Рацкявічус адзначыў, што здымак, падобна, зроблены падчас антрапалягічнага аналізу: на ім акуратна раскладзеныя чарапы і косткі чатырох чалавек. «Магчыма, чацьвёртыя парэшткі — гэта і ёсьць Вітаўт Вялікі», — сказаў ён.
Разам з тым дасьледнікі падкрэсліваюць, што канчатковых высноваў пакуль няма.
Гісторык Альвідас Нікжантайціс адзначыў, што сабраныя зьвесткі выглядаюць сур’ёзнымі і патрабуюць праверкі. Ён таксама падкрэсьліў неабходнасьць збору ДНК-профіляў прадстаўнікоў дынастыі Гедзімінавічаў.
Паводле яго, такая магчымасць зьявілася дзякуючы супрацы з украінскімі дасьледнікамі, якія працуюць у Кіева-Пячорскай лаўры, дзе пахаваныя прадстаўнікі гэтай дынастыі.
Форум