Паводле новага вугорскага ўраду, адкрыцьцё архіваў дапаможа вугорскаму грамадзтву пераадолець траўмы, нанесеныя 45 гадамі камуністычнага панаваньня.
Крытыкі сьцьвярджаюць, што гэта адбылося занадта позна, многія рассакрэчаныя дакумэнты няпоўныя, а падобныя дзеяньні могуць прывесьці да расколу ў грамадзтве і прычыніць непатрэбныя пакуты сваякам згаданых у іх людзей.
Дата адкрыцьця архіваў сымбалічная: 4 лістапада 1956 году савецкія танкі ўвайшлі ў Будапэшт і іншыя гарады, каб задушыць кароткачасовую вугорскае паўстаньне супраць камуністаў, піша BBC.
«Я заклікаю ўсіх паставіцца да гэтай публікацыі дакумэнтаў — якая, дарэчы, моцна затрымалася — з годнасьцю і чалавечнасьцю», — заявіў журналістам прэм’ер-міністар Пэтэр Мадзяр у Будапэшцкім дзяржаўным архіве.
«Многім сем’ям цяпер давядзецца сутыкнуцца зь няпростай інфармацыяй, якая часта тычыцца іх памерлых сваякоў, — дадаў ён. — Немагчыма пераадолець траўму без абмеркаваньня і пошуку адказаў на пытаньні».
Мадзяр назваў гэты крок выкананьнем абяцаньня, дадзенага тымі, хто ў 1989 годзе зрынуў у Вугоршчыне ўладу Камуністычнай партыі. Адкрыць архівы старых спэцслужбаў было адным з ключавых пунктаў перадвыбарчай праграмы Мадзяра. Ён атрымаў пераканаўчую перамогу на красавіцкіх выбарах, спыніўшы доўгае кіраваньне партыі «Фідэс» і ейнага кіраўніка Віктара Орбана.
У наступныя дзесяцігодзьдзі ўрады розных палітычных сілаў — кансэрватары, сацыял-лібэралы і прадстаўнікі партыі «Фідэс» — неаднаразова разглядалі магчымасьць адкрыцьця архіваў, але ўсё ж адмаўляліся ад гэтага кроку.
Што было зроблена раней?
Пачынаючы з 1998 году, грамадзяне Вугоршчыны маглі атрымаць доступ да ўласных дасье, а гісторыкі — да дакумэнтаў іншых асобаў. Аднак многія імёны былі затушаваныя, а значная частка дакумэнтаў заставалася ў распараджэньні постсацыялістычных спэцслужбаў дзеля іх уласных патрэбаў.
На працягу апошніх 36 гадоў інфармацыя з гэтых архіваў нярэдка трапляла ў публічную прастору, калі ўрады, якія зьмянялі адзін аднаго, выкарыстоўвалі яе для дыскрэдытацыі палітычных апанэнтаў. Акрамя таго, у пэрыяд страты ўлады Камуністычнай партыяй у 1988–1989 гадах многія дакумэнты былі зьнішчаныя.
Колькі дакумэнтаў апублікавалі?
Дзякуючы пастанове вугорскага ўраду, апублікаваныя імёны і пэрсанальныя зьвесткі прыкладна 60 000 чалавек, завербаваных спэцслужбамі ў камуністычную эпоху. Яны сталі даступныя на сайце nyitottaktak.hu.
Запіс зьмяшчае сапраўднае імя інфарматара, яго апэратыўны псэўданім, дату нараджэньня, адрас і імя маці, матыў вярбоўкі (добраахвотная згода, шантаж ці прымус), а таксама імя куратара — афіцэра, які працаваў з гэтым чалавекам.
Яшчэ адна група папераў, вядомая як «B-дасье», цяпер праходзіць працэс аблічбоўкі; яна стане даступнай 25 лютага. Гэтыя матэрыялы ўтрымліваюць значна больш падрабязную інфармацыю пра працэс вярбоўкі, а таксама пра тое, наколькі каштоўнымі былі зьвесткі, якія давалі інфарматары.
Паводле розных ацэнак, у пэрыяд ад сьнежня 1944 па люты 1990 году ў Вугоршчыне ў якасьці інфарматараў камуністычныя ўлады завербавалі ад 150 да 160 тысяч чалавек.
Што гэта значыць?
Чарговая краіна былога сацыялістычнага блёку адкрыла архівы спэцслужбаў. Гэта паспрыяе стварэньню мноства навуковых дысэртацый, журналісцкіх публікацый з раскрыцьцём праўды або пераказам старых падзей. Гэта дазволіць праліць сьвятло на пакрытыя белымі плямамі здарэньні і рашэньні зь мінулага.
У розных краінах, якія раней уваходзілі ў Варшаўскую дамову або кіраваліся камуністамі з цплывам Масквы, архівы ўжо адкрываліся ў папярэднія дзесяцігодзьдзі. Напрыклад, можна атрымаць доступ да спраў спэцслужбаў Stasi (Усходняя Нямеччына), Securitate (Румынія), Sigurimi (Альбанія) і многіх іншых. Пры гэтым не паўсюль доступ да спраў вольны і неабмежаваны.
У Беларусі большасьць архіваў МГБ, КГБ дагэтуль пад грыфам сакрэтнасьці. Іх раскрыцьцё істотна дапамагло бы ў раскрыцьці матываў шэрагу гістарычных падзей мінулага, адзначалі беларускія гісторыкі.
Форум