У сваім выступе на IV Мінскай міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы 3 лістапада Аляксандр Лукашэнка закрануў шмат аспэктаў міжнароднай палітыкі. Але на тле разнастайных развагаў пра сьвет лейтматывам праходзіла адна галоўная ідэя. Міжнародныя праблемы ён разглядае скрозь прызму ўласнай ролі ў сусьветнай палітыцы. І, калі ўважліва яго слухаць, то атрымоўваецца, што гэтая роля цэнтральная. Магчыма, ён і сам да канца не ўсьведамляе, да якіх высноваў прыходзіць на ўзроўні падсьвядомага. І ягоны выступ можна было б умоўна назваць так: «Я і сусьветная палітыка».
Прымярае на сябе
Разважаючы пра сусьветныя праблемы, кшталту войнаў, перадзелу сьвету, разбурэньне ранейшай сыстэмы міжнародных адносін, мілітарызацыю, Лукашэнка раптам зьвяртаецца да тэмы, якая яго найбольш хвалюе.
«Выкраданьне прэзыдэнта Мадура. Навошта? — кажа ён. — Камусьці патрэбна нафта? Ну там сапраўды вялікія запасы. З падачы тых жа амэрыканцаў я быў уцягнуты да захопу прэзыдэнта Вэнэсуэлы ў гэты працэс. І можна было без усялякай гэтай дурніны, без захопу прэзыдэнта (ганьба ў сучасным сьвеце) вырашыць усе праблемы… Не — „гераічна“ напалі на краіну ноччу, захапілі Мадура. Добра, лёс наш, прэзыдэнтаў, такі. А жонка ў чым вінаватая?».
Тое, што паводле Лукашэнкі, ён «быў уцягнуты» у драматычныя падзеі ў далёкай лацінаамэрыканскай краіне, прагаворваецца мімаходзь, як усім відавочная рэч. Але галоўнае тое, што ён прымярае гэтыя падзеі на сябе. («Лёс наш, прэзыдэнтаў, такі»). І гэта яго страшыць.
Нагадаў Лукашэнка і аб нядаўніх падзеях у Іране, зноў узгадаўшы пра сьмерць кіраўніка: «Для чаго разбамбілі краіну і забілі яе вярхоўнага лідэра разам зь сям’ёй?». То бок не праблема атрыманьня Іранам ядзернай зброі, не блякада Армускай пратокі, у выніку чаго моцна вырасьлі сусьветныя кошты на паліва, хвалююць Лукашэнка а, найперш лёс рахбара Алі Хамэнэі.
«Наступная Куба?» — з трывогай пытае Лукашэнка. Можна меркаваць, што трывога не за народ, які перажывае вялікія сацыяльныя цяжкасьці, а за лёс тамтэйшага палітычнага рэжыму.
Падобным чынам Лукашэнка ацэньвае палітыку краін Эўропы. Паводле яго, галоўны сэнс іх варажнечы палягае ў наступным: «Яны хочуць пакараць мяне і Пуціна… У цяперашняй сытуацыі для Эўразьвяза самае простае выйсьце — працягваць дэманізаваць Беларусь, Расею». То бок асноўная мішэнь падступных дзеяньняў ЭЗ — Лукашэнка, Беларусь, а Пуцін і Расея тут прыцягнутыя за кампанію.
Лукашэнка і замірэньне ва Ўкраіне
Паслухаўшы Лукашэнку, можна прыйсьці да высновы, што вайна ва Ўкраіне ня можа закончыцца без удзелу Беларусі і ейнага кіраўніка ў мірным працэсе. Ён тлумачыць удзельнікам канфэрэнцыі: «Гатовы і далей рабіць рэальны ўнёсак ва ўрэгуляваньне канфлікту і мінімізацыю яго наступстваў… Калі хочаце дамовіцца (я зьвяртаюся да тых, хто хоча дамовіцца), калі ласка, прыяжджайце. Прыяжджайце ў Менск. У любым месцы — у „Прэзыдэнт-Гатэлі“, Палацы Незалежнасьці — усё аддаю. Прыходзьце, як гэта некалі было, будзем дамаўляцца».
Не «дамаўляйцеся», а «будзем дамаўляцца». Таму што мы ўцягнутыя ў гэты ўкраінскі канфлікт, нашы інтарэсы ў гэтых мірных перамовах вельмі сурʼёзныя. Прыходзьце, будзем размаўляць. Без усялякага пасярэдніцтва. Я не хачу гуляць гэтую ролю пасярэдніка. Тым больш што нашы інтарэсы ў гэтых перамовах значныя, сур’ёзныя».
Не пасярэднік, а ўдзельнік
У гэтым пасажы шмат нюансаў. Па-першае, важна зьвярнуць увагу на наступны тэзіс пра «рэальны ўнёсак ва ўрэгуляваньне канфлікту». То бок дасюль афіцыйны Менск ужо зрабіў вялікі ўнёсак, каб урэгуляваць ваеннае супрацьстаяньне. Цікава, што маецца на ўвазе? Можа тое, што афіцыйны Менск прадставіў Расеі сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну? Ці актыўная дапамога расейскаму ВПК?
Па-другое, з гэтага сюжэту вынікае, што па-сапраўднаму дамовіцца пра замірэньне можна толькі ў Менску. І больш нідзе, безальтэрнатыўна.
Па-трэцяе, дзеля міру Лукашэнка гатовы ісьці на ахвяры. Нават Палац Незалежнасьці прадставіць («усё аддаю»). Як і належыць гасьціннаму гаспадару.
Па-чацьвёртае, у адрозьненьні ад Менскіх пагадненьняў 2014 і 2015 гадоў, дзе Беларусь толькі давала пляцоўку для перамоваў, цяпер афіцыйны Менск плянуе выступае ня як пасярэднік, а як удзельнік перамоваў («не „дамаўляйцеся“, а „будзем дамаўляцца“). То бок усе павінны зразумець, што без удзелу кіраўніка Беларусі міру ва Ўкраіне ня будзе.
Як лічыць Лукашэнка, і пасьля вайны аднаўленьне паўднёвай суседкі без Беларусі ня можа адбыцца: «Ніякі Захад Украіну аднаўляць ня будзе. Украінцы павінны разумець, што мы, расіяне і яны вымушаны будзем аднавіць Украіну і зрабіць усё, каб народы пра гэта забыліся».
Пераможца над Захадам
Даволі празрыста і адназначна Лукашэнка выказаў сваю пазыцыю адносна таго, як ён бачыць нармалізацыю адносін з Захадам. Згадваючы падзеі 2020 году, ён заявіў: «Вы павінны хаця б самі сабе непублічна прызнацца: прайгралі, давайце наладжваць адносіны. То бок пераможца (існы рэжым) гатовы прыняць капітуляцыю ў пераможаных (Захаду), і дыктаваць умовы, на якіх варта разьвіваць адносіны. Гэта да дыскусій у апазыцыйным асяродзьдзі наконт магчымасьці спыненьня рэпрэсій. Канечне, ён ня кажа заходнікам, як казаў калісьці выгнаным апазыцыянэрам, маўляў, на каленях паўзіце прасіць прабачэньня. Але дзесьці такая лёгіка маецца на ўвазе.
Пра Нобэлеўскую прэмію
І нарэшце галоўны сюжэт з таго лукашэнкацэнтрычнага сьвету, які малюе ўладар Беларусі. Разважаючы пра жаданьне Дональда Трампа атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру, Лукашэнка такім чынам вырашыў суцешыць амэрыканскага прэзыдэнта: «Калі б мне гэтую прэмію прапанавалі або Сяргею Лаўрову, мы дакладна адмовіліся б ад яе. У тым шэрагу ўжо сорамна знаходзіцца».
Так яскрава сябе ўяўляеш, як нобэлеўскі камітэт пакутліва думае, абмяркоўвае, разважае над пытаньнем: даць Лукашэнку Нобэлеўскую прэмію, ці перанесьці такое рашэньне на наступны год, калі ўнёсак кіраўніка рэжыму ў дасягненьне міру ва ўсім сьвеце стане яшчэ большым.
Форум