У ноч на 4 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 310 ударнымі дронамі, у Запароскай вобласьці ад абстрэлаў пацярпелі 51 населены пункт.
Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны змаглі абясшкодзіць 272 расейскія дроны.
У пасёлку Камышуваха працягваюць шукаць людзей
У Запароскай вобласьці абвясьцілі трохдзённую жалобу па загінулых у школе Камышувахі. Ратавальнікі працягваюць шукаць пацярпелых пад заваламі зруйнаванай расейскімі войскамі ўстановы, у якой раздавалі гуманітарную дапамогу. Школу атакавалі некалькімі авіяцыйнымі бомбамі.
Паводле мясцовых уладаў, з-пад завала дасталі целы 31 загінулага. Пакуль што змаглі ідэнтыфікаваць толькі 12 чалавек. Дагэтуль зьніклымі бязь вестак лічаць 59 чалавек. Папярэдне, пад заваламі могуць знаходзіцца прыблізна 38 чалавек.
Ратавальна-пошукавыя работы працягваюцца ва ўмовах сталых абстрэлаў рэгіёну. У ноч на 4 лістапада пацярпеў 51 населены пункт Запароскай вобласьці — два чалавекі загінулі і тры атрымалі раненьні.
Расейскія войскі працягваюць атакаваць энэргетыку
Па ўсёй Украіне ўводзяць адключэньні электраэнэргіі, праз яе адсутнасьць узьнікаюць праблемы з вода- і цеплазабесьпячэньнем.
У ноч на 4 лістапада ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі энэргетычныя і інфраструктурныя аб’екты Кіраваградзкай, Ровенскай, Адэскай і Харкаўскай абласьцей. Паводле ўладаў, у гэтых рэгіёнах два чалавекі атрымалі раненьні.
У Жытомірскай вобласьці дагэтуль ня могуць аднавіць дзейнасьць гарадзкога электрычнага транспарту.
У Цярнопальскай вобласьці расейскія дроны таксама пацэлілі ў энэргетычны аб’ект. Аб маштабах і пацярпелых пакуль не паведамляюць.
У Расеі ад украінскіх дронаў загарэўся чарговы склад
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 4 лістапада перахапілі 709 украінскіх бесьпілётнікаў над тэрыторыямі Белгарадзкай, Бранскай, Курскай, Калускай, Тульскай, Разанскай, Арлоўскай, Варонескай, Саратаўскай, Самарскай, Растоўскай вобласьцяў, Краснадарскага краю, Маскоўскага рэгіёну, Рэспублікай Адыгея і анэксаваным Крымам.
Кіраўнік Рэспублікі Адыгея Мурат Кумпілаў заявіў аб пажары на тэрыторыі лягістычнага цэнтру OZON у Адыгейску. Пэрсанал нібыта пасьпелі эвакуаваць, інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум