Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запасы для новай вайны? Расея напаўняе новымі танкамі базы захоўваньня

"Уралвагонзавод", падрыхтоўка танкаў Т-90М "Прарыў" да ваеннага парада на Краснай плошчы 9 мая 2020 года
"Уралвагонзавод", падрыхтоўка танкаў Т-90М "Прарыў" да ваеннага парада на Краснай плошчы 9 мая 2020 года

Новыя танкі Т-90М замест вайны ва Ўкраіне адпраўляюцца на 22-ю Цэнтральную базу рэзэрву танкаў — яна знаходзіцца ўсяго за 500 кілямэтраў ад мяжы Расеі з краінамі NATO.

У 2024 годзе Радыё Свабода разам з OSINT-аналітыкам Jonpy і блогерам Covert Cabal выпусьцілі сэрыю матэрыялаў, прысьвечаных апусьцелым расейскім базам захоўваньня бронетэхнікі і артылерыі. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, як паказаў аналіз спадарожнікавых здымкаў, запасы старых савецкіх танкаў, якія захоўваліся на базах яшчэ з часоў халоднай вайны, пачалі хутка зьнікаць, а тэхніку, якая заставалася, разьбіралі на запчасткі.

Прычынай высокага ўзроўню стратаў цяжкай тэхнікі як Расеяй, так і Ўкраінай стала ўразьлівасьць танкаў і браняваных машын перад дронамі, якія станавіліся ўсё больш дасканалымі. З таго часу расейская армія часткова адаптавалася да новага тыпу вайны, замяняючы масаваныя атакі калёнамі танкаў і БТР «мяснымі штурмамі» пяхоты і невялікімі мабільнымі групамі салдатаў, якія прасочваюцца за лінію сутыкненьня ў тыл праціўніка. Аднак расейскія заводы ўвесь гэты час працягвалі выпускаць новыя і рамантаваць пашкоджаныя ў баях танкі, бронетранспартэры і артылерыю.

Упершыню на тое, што апусьцелыя базы захоўваньня зноў пачалі запаўняцца тэхнікай — цяпер ужо новымі танкамі і БМП, — Jonpy зьвярнуў увагу яшчэ ў чэрвені 2026 году, вывучыўшы спадарожнікавыя здымкі 349-й Цэнтральнай базы захоўваньня танкаў у Топчысе (Алтайскі край). Яшчэ адзін яскравы прыклад — 22-я Цэнтральная база рэзэрву танкаў у горадзе Буй Кастрамской вобласьці.

Як і многія іншыя базы захоўваньня, пасьля пачатку вайны з Украінай яна практычна апусьцела, аднак у пэрыяд з кастрычніка 2025 году па кастрычнік 2026-га зноў запоўнілася танкамі, прычым не адрамантаванымі, а новымі Т-90М, якія толькі выйшлі з заводу, а таксама новымі БТР-82А. Запаўненьне базы новай тэхнікай добра відаць пры параўнаньні яе спадарожнікавых здымкаў, зробленых год таму, 18 кастрычніка 2025-га, і зусім нядаўна, 3 кастрычніка 2026-га.

Як адзначалі ў сваім дасьледаваньні вясной 2025 году аналітыкі расьсьледніцкай групы Conflict Intelligence Team, да моманту пачатку сэрыйнай вытворчасьці танка Т-90М у 2020 годзе «Уралвагонзавод» выпусьціў для расейскай арміі ад 120 да 150 арыгінальных танкаў Т-90, а таксама каля 280 мадэляў Т-90А. Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну прадпрыемства запусьціла сэрыйную вытворчасьць і мадэрнізаванай вэрсіі танка — Т-90М «Прарыў», паставіўшы ў дзейныя часткі ад 66 да 85 машын.

«УВЗ працуе над нарошчваньнем вытворчых магутнасьцяў. У прыватнасьці, прадпрыемства разьмясьціла тэндэры на пастаўку і ўвод у эксплюатацыю пазыцыі для зваркі карпусоў і стэнда для іх мэханічнай апрацоўкі. Абсталяваньне плянуецца выкарыстоўваць 24 гадзіны на суткі, 365 дзён на год. Зыходзячы з гэтага, можна чакаць дадатковага павелічэньня тэмпаў вытворчасьці танкаў», — гаварылася ў дасьледаваньні.

Вось толькі на полі бою ва Ўкраіне сустрэць гэтыя танкі цяпер складана: апошнія выпадкі іх зьнішчэньня або захопу ў баі фіксаваліся ў канцы 2025 — пачатку 2026 году. На сёньняшні дзень праекту Oryx удалося пацьвердзіць паводле адкрытых крыніц страту Расеяй 159 такіх машын.

За апошні год, як ужо было сказана вышэй, вырасла і колькасьць тэхнікі на 349-й Цэнтральнай базе захоўваньня танкаў у Топчысе. Такі рост назіраўся і раней — сюды звозілі БМП у напаўразабраным і непрыдатным для выкарыстаньня стане. Цяпер, як мяркуе Jonpy на падставе фатаздымкаў базы з космасу, яна, хутчэй за ўсё, атрымлівае на захоўваньне адноўленыя танкі Т-72Б3М узору 2016 году і БМП-2.

«Пасьля першых паставак улетку — да 78 танкаў і больш за сотню БМП — 349-я Цэнтральная база захоўваньня танкаў апошнім часам папоўнілася яшчэ мацней. Хоць якасьць здымкаў ня самая лепшая і надзейна ідэнтыфікаваць тэхніку немагчыма, відавочна, што за апошнія тыдні на гэтую базу завезьлі яшчэ да некалькіх соцень адзінак тэхнікі», — адзначае Jonpy ў размове з Радыё Свабода.

Зрэшты, калі база ў Алтайскім краі знаходзіцца далёка ад заходніх межаў Расеі, то ад сховішча новенькіх танкаў Т-90М у Кастрамской вобласьці — усяго 500 кілямэтраў да межаў балтыйскіх дзяржаваў, такіх як Латвія або Эстонія.

Улады гэтых краінаў актыўна рыхтуюцца як да магчымых расейскіх правакацыяў у «гібрыдным» фармаце, так і да спробаў Масквы па-сапраўднаму праверыць NATO «на трываласьць» з дапамогай абмежаванага наземнага ўварваньня. У Маскве катэгарычна адмаўляюць пляны нападу на адну або некалькі краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу, сярод якіх экспэрты часта называюць таксама Фінляндыю: яшчэ ў чэрвені 2025 году журналісты фінскай грамадзкай тэлерадыёкампаніі Yle заўважылі на спадарожнікавых здымках, што Расея пачала маштабныя будаўнічыя працы ў закрытым вайсковым гарадку ў Кандалакшы, разьмешчаным за 100 кілямэтраў ад мяжы зь фінскай Ляпляндыяй.

Праз год, у чэрвені 2026 году, супольнае расьсьледаваньне Дацкага радыё (DR), нарвэскай тэлерадыёкампаніі NRK, швэдзкага вяшчальніка SVT і балтыйскага выданьня Delfi паказала, што Расея пашырае вайсковыя базы каля межаў краінаў Паўночнай Эўропы і Балтыі — зносіць старыя будынкі, будуе новыя казармы і склады, перакідвае вайсковую тэхніку. 13 кастрычніка міністар абароны Эстоніі Мартын Херэм заявіў, што Расея абавязкова «выпрабуе» якую-небудзь з краінаў, незалежна ад таго, чым скончыцца расейска-ўкраінская вайна.

Не выключана, што ў гэтых «выпрабаваньнях» спатрэбяцца і танкі — праз тое, што арміі краінаў NATO пакуль падрыхтаваныя да вайны з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў горш, чым Украіна. Асноўнай жа рызыкай, як гаворыцца ў апублікаваным у ліпені 2026 году дакладзе амэрыканскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, застаецца трывожны разрыў у тэмпах і кошце вайсковай вытворчасьці паміж Расеяй і краінамі Захаду. Расея пасьля заканчэньня вайны з Украінай можа захаваць «вайсковы» рэжым працы абаронных прадпрыемстваў (або нават будзе вымушаная зрабіць гэта, каб не дапусьціць каляпсу эканомікі пры яе рэзкім пераводзе на «мірныя рэйкі»), тады як заходнія краіны могуць пачаць супастаўную мабілізацыю вытворчасьці толькі пасьля пачатку буйнога вайсковага канфлікту.

«Расейцы масава спальваюць людзей у штурмах — рэсурс, якога ў Расеі гістарычна ніколі асабліва не шкадавалі. Менавіта таму стратэгія выбіваньня жывой сілы расейцаў — пройгрышная. Відавочна, што матэрыяльныя рэсурсы для іх куды больш каштоўныя за чалавечыя жыцьці, а таму тэхніку яны берагуць значна больш, чым людзей. Прамысловасьць, заточаная пад доўгую вайну, — яшчэ адзін важкі фактар, які тлумачыць, чаму Масква не спыняе баявыя дзеяньні», — піша ў Facebook ізраільскі вайсковы аналітык Ігаль Левін.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG