Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 лістапада: каталіцкага сьвятара Парахневіча асудзілі на тры гады зьняволеньня

Анатоль парахневіч. Архіўнае фота
Анатоль парахневіч. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Пробашча рыма-каталіцкай парафіі ў Альковічах Вілейскага раёну ксяндза Анатоля Парахневіча асудзілі ў крымінальнай справе.

Як паведамілі ў Telegram-канале «Katolik.life. Неафіцыйнае» з спасылкай на каталіцкіх вернікаў Беларусі, прысуд вынесьлі ў кастрычніку, а працэс адбываўся ня ў Менску, як паведамлялася раней, а ў судзе Вілейскага раёну.

Пасяджэньні праходзілі ў закрытым рэжыме, таму ў судовую залю нікога не прапускалі і сутнасьць справы застаецца невядомай. Паводле зьвестак вернікаў, нават кіраўніцтва Курыі ня мае інфармацыі, у чым дакладна абвінавацілі сьвятара.

Паводле інфармацыі каналу, па першапачатковым абвінавачаньні ў «здрадзе дзяржаве» 66-гадовага ксяндза не змаглі асудзіць, (імаверна, не знайшлі доказы) і зьмянілі артыкул на больш мяккі. Сьвятара нібыта абвінавацілі ў «абразе ўлады і экстрэмізьме» і прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі і вялікі штраф.

Анатоля Парахневіча затрымалі 17 сакавіка 2026 году. Вобшук у будынку ксяндза, у касьцёле і парафіяльным доме праводзіў КДБ.

Што вядома пра сьвятара

У Анатоля Парахневіча няма родных і блізкіх, таму даведацца пра яго няма ў каго, акрамя біскупаў. У Альковічах сьвятар служыў з 2007 году, раней служыў у Ракаве і Заслаўі, а вучыўся ў Беластоку. Летась ён адзначыў 30-годзьдзе сьвятарскага пасьвячэньня — як і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Ксёндз Анатоль у Альковічах стварыў невялікі музэй пры касьцёле. Тут захоўваў вышытыя шоўкам арнаты XVIII стагодзьдзя, аздобленыя зрэбнымі слуцкімі паясамі, унікальную калекцыю беларускіх ручнікоў, старадаўнія кнігі.

У раённай газэце сьвятара называлі «пастырам душ чалавечых, гісторыкам і зьбіральнікам даўніны», адзначалі яго ўменьне ўпрыгожваць алтар і ўвесь храм непаўторнымі кветкавымі кампазыцыямі. Кветкі ён вырошчваў ва ўласным садзе, таксама меў свой пчальнік, пёк пірагі і торты.

Парафія ў Альковічах малая, касьцёл на нейкі час зачынілі пасьля ператрусу, але потым ключы вярнулі — цяпер служыць прыяжджае іншы ксёндз. Плябанія па-ранейшаму замкнёная.

Яго затрыманьне адбылося праз чатыры месяцы пасьля вызваленьня пры пасярэдніцтве Ватыкану двух дагэтуль зьняволеных сьвятароў — ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 3 лістапада 2026 году прызнаў палітвязьнямі 887 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 932.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG