Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўхваліў продаж Украіне 500 ракет Patriot PAC-3

Запуск ракеты Patriot PAC-3
Запуск ракеты Patriot PAC-3

Ацэначны кошт угоды складае 2,1 мільярда даляраў. Ракеты надзвычай важныя для Ўкраіны на тле штодзённых расейскіх абстрэлаў.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пагадзіўся прадаць Украіне 500 ракет Patriot PAC-3 MSE, паведаміў у Х (былы Твітэр) журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекс Раўфоглу.

Прапанаваны пакет таксама ўключае запасныя часткі (як сакрэтныя, так і адкрытыя), лягістычнае і праграмнае забесьпячэньне, патрэбнае для падтрыманьня працаздольнасьці сыстэмаў Patriot, якія Ўкраіна ўжо мае, ува ўмовах пастаянных пагрозаў з паветра.

Галоўным падрадчыкам выступае кампанія Lockheed Martin. Паводле зьвестак Дзяржаўнага дэпартамэнту, угода не патрабуе накіраваньня ўва Ўкраіну дадатковага амэрыканскага пэрсаналу і не паўплывае на абараназдольнасьць ЗША.

Украіна аплаціць ракеты за кошт сродкаў, дадзеных Канадай, Нямеччынай і Нарвэгіяй праз амэрыканскую праграму Jumpstart, а таксама за кошт уласных рэсурсаў, фінансаваных у рамках крэдыту Эўрапейскага зьвязу на падтрымку Ўкраіны.

Што папярэднічала?

Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна амаль месяц чакае ад ЗША ўзгадненьня паставак крытычна важных ракет. І гэта адбываецца на тле таго, як Расея ўзмацніла ўдары па энэргетычнай і цывільнай інфраструктуры.

Украінскі прэзыдэнт неаднаразова заклікаў ЗША, якія пастаўляюць ракеты, набытыя хаўрусьнікамі па NATO ў межах праграмы PURL, — паскорыць пастаўкі напярэдадні зімы.

Раней стала вядома, што Ўкраіне востра бракуе ракетаў-перахопнікаў для сыстэмаў MIM-104 Patriot. Гэта адзіная сыстэма, здольная эфэктыўна зьбіваць ракеты «Іскандэр-М», «Кінжал» і «Цыркон», якія ляцяць па балістычнай і квазібалістычнай траекторыях. На фоне дэфіцыту перахопнікаў расейскія войскі ўзмацнілі ракетныя ўдары па Ўкраіне. У іх штотыдзень гінуць дзясяткі ўкраінцаў.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG