Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наймацнейшы абстрэл Украіны: у Прылуках 20 чалавек загінулі, больш за паўсотні пацярпелі. Ёсьць загінулыя ў Кіеве

абноўлена
Зьнішчаны расейскім ударам шматпавярховік у Прылуках
Зьнішчаны расейскім ударам шматпавярховік у Прылуках

Расейскія войскі пасьля начных удараў дронамі а 6-й раніцы пачалі атакаваць Украіну ракетамі.

Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, у ноч на 7 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну супрацькарабельнымі ракетамі «Цыркон», балістычнымі ракетамі «Іскандэр», 48 крылатымі ракетамі і 130 ударнымі дронамі.

Папярэдне сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьняшкодзіць 5 балістычных ракет, 39 крылатых ракет і 11 бесьпілётнікаў.

Асноўныя кірункі ўдараў — Кіеўская, Харкаўская, Палтаўская і Днепрапятроўская вобласьці.

Зяленскі назваў расейскую атаку «балючай і паказальнай»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сёньня ад абстрэлу пацярпеў горад Прылукі ў Чарнігаўскай вобласьці.

«Сёньня Пуціну на дзень нараджэньня расейская армія „падарыла“ зьнішчэньне жылога дому ў Прылуках на Чарнігаўшчыне. Гэта быў звычайны пяціпавярховік. [...] Пад заваламі дагэтуль могуць быць людзі. На месцы безь перапынку працуюць ратаўнікі — робяць усё, каб знайсьці кожнага і кожную», — сказаў Зяленскі.

Разбор завалаў разбурнага шматпавярховіка ў Прылуках
Разбор завалаў разбурнага шматпавярховіка ў Прылуках

Пазьней улады Чарнігаўскай вобласьці ўдакладнілі, што загінулі 20 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей, траім зь якіх было па 1 годзе. Больш за 50 чалавек пацярпелі.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што адной з галоўных цэляў для расейскага войска застаецца энэргетыка.

«Расейцы хацелі ўдарыць балюча і паказальна. Гэта быў адзін з найбольш подлых удараў: агулам 70 ракет, шмат балістыкі, таксама „шахеды“. На жаль, удалося зьбіць толькі частку. Расейская балістыка застаецца найбольшым выклікам. І пакеты СПА для нас цяпер — жыцьцёвая неабходнасьць», — адзначыў Зяленскі.

Ад абстрэлаў пацярпелі Кіеў, Дніпро, Палтаўская і Запароская вобласьці

У сталіцы Ўкраіны пацярпелі тры раёны — Падольскі, Абалонскі і Дарніцкі. Расейскія войскі атакавалі гаражны каапэратыў і склады. Загінулі сама меней 2 чалавекі. У Дарніцкім раёне паліцыянты працуюць над разьмінаваньнем расейскай ракеты, якая не здэтанавала.

У Дніпры пацярпела прамысловае прадпрыемства, шматкватэрныя жылыя дамы і спартовы клюб. Тры раёны гораду расейскія войскі атакавалі амаль 20 разоў — ракетамі і дронамі. Паводле абласных уладаў, у Нікапальскім раёне вобласьці сама меней два чалавекі атрымалі раненьні.

У Запарожжы ў выніку абстрэлаў пацярпела транспартная інфраструктура. Улады папярэдзілі аб магчымым абмежаваньні руху на некалькіх участках дарог.

У Палтаўскай вобласьці расейскія войскі ракетамі і дронамі абстралялі жылы раён у Краменчуку. Улады паведамілі аб двух загінулых і 7 параненых.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG