У акупаваны расейскімі войскамі горад Алешкі прыбылі ўкраінская і расейская дэлегацыі. Пра гэта паведамілі ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец і расейская амбудсмэнка Яна Лантратава.
«Мы ў Алешках! Украінская дэлегацыя бясьпечна дабралася да гораду. Рэжым цішыні доўжыцца ўжо 80 гадзін і працягваецца далей. Цяпер на месцы размаўляю зь мясцовымі жыхарамі, каб пачуць пра іхныя патрэбы і зразумець, якая дапамога ім найбольш патрэбная», — напісаў Лубінец.
У Алешкі таксама даставілі гуманітарную дапамогу, у тым ліку прадукты, лекі, пітную ваду, сродкі гігіены і паліва для генэратараў.
Лантратава паведаміла, што жыхары Алешак, якія хочуць выехаць на тэрыторыю Расеі і Ўкраіны, ужо сядаюць у аўтобусы. Для гэтага, як паведамлялася, падрыхтавалі 25 аўтобусаў, разьлічаных ня менш як на 750 чалавек.
«Асобны і ня менш важны кірунак нашай працы — забесьпячэньне магчымасьці выезду цывільнага насельніцтва. Кожнаму, хто хоча пакінуць Алешкі, будзе дадзеная магчымасьць бясьпечна выехаць. У той жа час тыя, хто вырашыў застацца, могуць застацца і атрымаюць усю неабходную гуманітарную падтрымку», — заявіў раней упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека.
Прэм’ер-міністар Украіны Сяргей Карэцкі паведаміў, што ва Ўкраіну гатовыя вярнуцца 527 чалавек. Паводле яго, для іх падрыхтавалі месцы пражываньня ў розных рэгіёнах.
Вяртацца яны будуць аб’язным маршрутам цераз Расею і Беларусь: спачатку ў акупаваны Расеяй Крым, потым у Анапу, адтуль самалётам у беларускі Гомель, а потым аўтобусамі ў Чарнігаўскую вобласьць Украіны.
Мяркуецца, што пералёт адбудзецца 31 кастрычніка. Далейшы маршрут пакуль не ўдакладняецца.
Эвакуацыя жыхароў, якія хочуць вярнуцца на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, прадугледжвае маршрут праз расейскую Анапу. Адтуль людзей разам з украінскай дэлегацыяй плянуюць перавезьці вайскова-транспартным самалётам Міністэрства абароны Расеі ў беларускі Гомель.
Украінская журналістка Марыя Сяменчанка, якая вырасла ў Алешках, 29 кастрычніка сказала ў эфіры Ўкраінскай службы Радыё Свабода, што некаторыя жыхары гораду, якія гадамі жылі пад расейскай акупацыяй, асьцерагаюцца эвакуацыі цераз расейскую тэрыторыю, баючыся так званай фільтрацыі — прымусовых праверак і допытаў расейскімі сілавікамі.
«Я ведаю некалькі чалавек, якія баяцца фільтрацыі. Бо яны альбо ўжо перажылі катаваньні раней, альбо маюць прычыны баяцца гэтай фільтрацыі. Я ведаю прынамсі аднаго чалавека, які менавіта з гэтай прычыны ня хоча выяжджаць».
Гуманітарная апэрацыя адбываецца ва ўмовах лякальнага спыненьня агню, якое дзейнічае з 27 кастрычніка да позьняга вечара 1 лістапада. Паводле заяваў удзельнікаў місіі, да раніцы пятніцы парушэньняў рэжыму цішыні не зафіксавалі. Апэрацыю каардынуюць Лантратава і Лубінец пры пасярэдніцтве першай лэдзі ЗША Мэланіі Трамп.
Як раней паведаміла Лантратава, падчас размінаваньня дарог да Алешак загінулі два чалавекі, у тым ліку сапёр. Абставіны гібелі і асоба другога загінулага не ўдакладняюцца.
Алешкі з 2022 году пад расейскай акупацыяй. Паводле ацэнак украінскіх уладаў, у горадзе заставаліся каля дзьвюх тысяч жыхароў.
Паводле Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа, «Настоящее время», «Радіо Свабода».
Блякада Алешак
Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю ўжо ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня. Горад месьціцца на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.
Да вайны ў Алешках жылі каля 24 тысяч чалавек, але ў выніку масавага выезду жыхароў і гібелі людзей праз разьвязаную Расеяй вайну насельніцтва гораду рэзка скарацілася. Разбурэньне суседняй Кахоўскай дамбы ў чэрвені 2023 году прывяло да затапленьня каля 90% тэрыторыі гораду.
Паводле Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі, у Алешках заставаліся каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. Адміністрацыя сьцьвьвярджала, што расейскія войскі перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна пазбаўляюць жыхароў магчымасьці пакінуць горад.
Там ад пачатку акупацыі няма электрычнасьці, газу, а пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС — і пітной вады. Эвакуавацца было немагчыма: дарогі былі замінаваныя.
Кіеў абвінавачваў Маскву ў няздольнасьці гарантаваць бясьпеку і дабрабыт цывільнаму насельніцтву. Крэмль, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што зрабіць гэта яму перашкаджалі ўдары ўкраінскіх дронаў.
Форум