Як адзначаецца ў Telegram-канале арганізацыі, пераможцай стала Кацярына Дуднік. Яна зможа ўдзельнічаць у паляваньні 31-31 кастрычніка і 1 лістапада.
У адкрытых крыніцах імя, імя па бацьку і прозьвішча паляўнічай супадае з аналягічнымі дадзенымі галоўнай бухгальтаркі рэспубліканскага савета «Беларускага рэспубліканскага таварыства выратаваньня на вадзе». Такое імя згадваецца таксама і на афіцыйным сайце Акадэміі нацыянальнай адукацыі як кіраўніцы ўпраўленьня бухгальтарскага ўліку і фінансаў.
Раней аб сваім жаданьні ўпаляваць мядзьведзя неаднойчы выказвала Тацяна Шуневіч — жонка колішняга міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча, які цяпер ачольвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбакоў (БТПР). Яны абодва ўдзельнічаюць у розыгрышах, але пакуль не змаглі перамагчы.
Што папярэднічала
18 лістапада 2024 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі. Гэты дакумэнт дазволіў паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», каб «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі сваёй пастановай № 10 ад 14 сакавіка 2025 году зацьвердзіла пералікі жывёл і расьлін, якія маюць статус рэдкіх або знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Тады ў Чырвоную кнігу дадалі такія віды, як звычайная туркаўка, касматаногі сыч, конь Пржавальскага, блакітніца арыён, шаўкапрад дубовы цёмнакрылы, але да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі), бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі).
Ігар Шуневіч быў адным з тых, хто лабіяваў магчымасьць паляваньня на мядзьведзяў. 19 кастрычніка 2022 году ён ужо у статусе старшыні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў заявіў, што «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».
Ягоная жонка Тацяна Шуневіч у канцы 2025 году стала першай паляўнічай, удастоенай адзнакі «Вялікая беларуская пяцёрка». Для атрыманьня гэтага знаку трэба было ўпаляваць пяць жывёл: глушца, лася, казулю, аленя і дзіка. Тацяна Шуневіч упалявала гэтых жывёл цягам аднаго году.
Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёл. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёл.
У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў раней паведамлялі, што сёлета для адстрэлу заплянавалі каля 20 асобін мядзьведзя і столькі ж дазволаў прададуць праз аўкцыён. Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.
Наступны розыгрыш правядуць 3 лістапада.
Форум