Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады сьцьвярджаюць: папуляцыя мядзьведзяў у Беларусі павялічылася

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету (пры прэзыдэнце Беларусі) заявілі аб істотным павелічэньні папуляцыі мядзьведзя ў Беларусі і тэмпаў павелічэньня тэрыторыі яго пражываньня.

«Калі 20 гадоў таму лік беларускай папуляцыі бурага мядзьведзя ацэньвалася ў 100–200 асобінаў і сустрэчы зь ім мелі адзінкавы характар, то цяпер лік папуляцыі мядзьведзя ва ўгодзьдзях Беларусі ацэньваецца ўжо ў 1,5 тысячы асобінаў і значна павялічылася колькасьць сустрэч чалавека зь ім, а таксама расшырылася геаграфія такіх сустрэч», — адзначаецца ў паведамленьні інспэкцыі.

Большая частка папуляцыі жыве ва ўсходняй частцы Віцебскай вобласьці, а таксама на тэрыторыі Барысаўскага і Лагойскага раёнаў Менскай вобласьці, у якіх з 2025 году дазволілі паляваньня на мядзьведзяў.

У інспэкцыі таксама папярэдзілі, што пры сустрэчах з гэтай жывёлай варта заўсёды памятаць, што мядзьведзь — вялікі дзікі драпежнік, дастаткова небясьпечны для чалавека, паводзіны якога часам непрагназаваныя.

Найбольшую небясьпеку ўяўляюць мядзьведзіца зь мядзьведзікамі, мядзьведзь, які зьядае сваю здабычу, самцы ў пэрыяд гону, мядзьведзь падчас паляваньня, галодны зьвер, а таксама хворая ці параненая жывёла.

Што папярэднічала

За апошнія паўтара месяца ў Барысаўскім раёне падчас паляваньня паранілі двух мядзьведзяў. Ім удалося ўцячы ў лес, мясцовым жыхарам рэкамэндавалі часова не наведваць лясы. Дагэтуль няма інфармацыі, ці знайшлі параненых жывёл паляўнічыя.

Летась у Беларусі застрэлілі 39 мядзьведзяў, сёлета плянуюць забіць 35 жывёл. Наступны аўкцыён па атрыманьні дазволу на паляваньня адбудзецца 15 верасьня.

Паводле Міністэрства лясной гаспадаркі, у 2025 годзе ў Беларусі было 913 мядзьведзяў, а ў сёлета ўжо 1 491.

Чаму дазволілі паляваньне на мядзьведзя

18 лістапада 2024 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі. Гэты дакумэнт дазволіў паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», каб «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі сваёй пастановай № 10 ад 14 сакавіка 2025 году зацьвердзіла пералікі жывёл і расьлін, якія маюць статус рэдкіх або знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Тады ў Чырвоную кнігу дадалі такія віды, як звычайная туркаўка, касматаногі сыч, конь Пржавальскага, блакітніца арыён, шаўкапрад дубовы цёмнакрылы, але да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі), бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі).

Ігар Шуневіч быў адным з тых, хто лабіяваў магчымасьць паляваньня на мядзьведзяў. 19 кастрычніка 2022 году ён ужо у статусе старшыні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў заявіў, што «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».

Ягоная жонка Тацяна Шуневіч у канцы 2025 году стала першай паляўнічай, удастоенай адзнакі «Вялікая беларуская пяцёрка». Для атрыманьня гэтага знаку трэба было ўпаляваць пяць жывёл: глушца, лася, казулю, аленя і дзіка. Тацяна Шуневіч упалявала гэтых жывёл цягам аднаго году.

Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёл. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёл.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG