Жыхароў Барысаўскага раёну папярэдзілі пра параненага мядзьведзя, які блукае па мясцовых лясах. Людзей заклікалі быць асьцярожнымі ў барысаўскіх лясах, бо сустрэча з параненым мядзьведзем небясьпечная. Пра гэта напісала 1 жніўня барысаўская раённая газэта «Адзінства».
Паводле выданьня, падчас дазволенага паляваньня на мядзьведзя паблізу вёскі Гарэлы Луг Барысаўскага раёну жывёлу паранілі, і паранены мядзьведзь пайшоў у лес.
У 2025 годзе ў Беларусі панізілі прыродаахоўны статус мядзьведзя і дазволілі паляваць на яго з 1 ліпеня па 31 сьнежня. У сярэдзіне ліпеня 2025 году ўпалявалі першага мядзьведзя, а ўжо ў верасьні паведамілі аб 10 упаляваных жывёлах.
Паляваньне на мядзьведзя працягваецца і ў 2026 годзе. 22–23 жніўня ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласьці паляўнічыя ўпалявалі адразу трох мядзьведзяў, паведамляла Беларускае таварыства паляўнічых і рыбакоў (БТПР) на мінулым тыдні і называла ў сваім паведамленьні імёны паляўнічых, якія забілі гэтых жывёлаў з Чырвонай кнігі.
Чаму дазволілі паляваньне на мядзьведзя
Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. Мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.
Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.