Як вынікае з паведамленьня БТПР, у сьпісе прэтэндэнтаў было 415 чалавек, сярод якіх было шмат жанчын, а таксама сямейных пар ці бацькоў з сынамі.
Пераможцамі сталі тры чалавекі, у тым ліку Алег Лебядзінскі. Ягоныя прозьвішча, імя і імя па бацьку супадае з імем генэральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.
Як адзначаецца на сайце гэтага цэнтру, ягоныя супрацоўнікі ажыцьцяўляюць навуковае суправаджэньне дзяржаўнай экалягічнай палітыкі ў галіне захаваньня і рацыянальнага выкарыстаньня расьліннага і жывёльнага сьвету, прыродных і экалягічных сыстэм, а таксама захаваньня і выкарыстаньня біялягічнай разнастайнасьці і біярэсурсаў.
У Беларусі паляваньне на мядзьведзяў стала магчымым пасьля таго, як унесьлі зьмены ў Чырвоную кнігу, згодна зь якімі ахоўны статус бурага мядзьведзя панізілі зь першай, найвышэйшай для аховы катэгорыі, да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені. Разам зь мядзьведзямі таксама да першай катэгорыі панізілі статус зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі).
Што папярэднічала
18 лістапада 2024 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі. Гэты дакумэнт дазволіў паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», каб «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі сваёй пастановай № 10 ад 14 сакавіка 2025 году зацьвердзіла пералікі жывёл і расьлін, якія маюць статус рэдкіх або знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Тады ў Чырвоную кнігу дадалі такія віды, як звычайная туркаўка, касматаногі сыч, конь Пржавальскага, блакітніца арыён, шаўкапрад дубовы цёмнакрылы, але да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі), бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі).
Ігар Шуневіч быў адным з тых, хто лабіяваў магчымасьць паляваньня на мядзьведзяў. 19 кастрычніка 2022 году ён ужо у статусе старшыні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў заявіў, што «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».
Ягоная жонка Тацяна Шуневіч у канцы 2025 году стала першай паляўнічай, удастоенай адзнакі «Вялікая беларуская пяцёрка». Для атрыманьня гэтага знаку трэба было ўпаляваць пяць жывёл: глушца, лася, казулю, аленя і дзіка. Тацяна Шуневіч упалявала гэтых жывёл цягам аднаго году.
Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёл. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёл.
У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў раней паведамлялі, што сёлета для адстрэлу заплянавалі каля 20 асобін мядзьведзя і столькі ж дазволаў прададуць праз аўкцыён. Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.
Наступны аўкцыён адбудзецца 15 верасьня.
Форум