Лошыцкі Mak стаў 29-м пунктам сеткі ў Беларусі, таксама летась дзьве Mak-кавярні зьявіліся ў Нацыянальным аэрапорце, а цяпер ставяць будынкі для сеткі ў Мазыры і Наваполацку. Будынак рэстарацыі ў Лошыцы пабудавалі за некалькі месяцаў: пляцоўку пачалі рыхтаваць сёлета ў ліпені.
Пры гэтым ежа спадкаемца McDonaldʼs, а таксама сэрвіс у ім задавальняюць ня ўсіх. Нядаўна гарачыя дыскусіі ў сацыяльнай сетцы Threads выклікала бульба-фры ад Mak. Карыстальніца прапанавала абмеркаваць прадукт, і ёй адказалі, што «бульба стала нясмачнай: астылая, разьмяклая, дробная, напаўзвараная». Адзін з карыстальнікаў ацаніў яе на 2 з 10. А іншы напісаў, што «пара звыкнуцца, бо гэта ўжо не McDonaldʼs».
McDonaldʼs і Mak — параўноўваем
У беларускім Mak.by некаторыя пазыцыі супадаюць з тымі, што ёсьць у міжнароднай сетцы McDonaldʼs, а некаторыя адрозьніваюцца. Ёсьць, напрыклад, бургер «Папараць-біф» за 17,9 рубля зь ялавічынай. Ёсьць «Папараць-чыкен» з курыцай за 14,9 рубля. Падобных пазыцыяў міжнародны брэнд ня мае. «Маэстра-біф» зь дзьвюма катлетамі, сырам і зелянінай каштуе 19 рублёў, а «Мак Бургер» таксама зь дзьвюма, але меншымі катлетамі, сырам і зелянінай каштуе 11,8 рубля. Абодва гэтыя варыянты нагадваюць сусьветна вядомы Біг Мак. У Беларусі таксама дадалі шмат варыяцыяў бульбы-фры: ёсьць звычайная, вясковая, зь сьмятанай, з грыбным соўсам.
Ёсьць і звыклыя для міжнароднай сеткі пазыцыі: гамбургер, чызбургер, бульба, бургер з рыбай, тосты ды іншае. У сьнежні 2022 году Свабода фіксавала цэны на некаторыя пазыцыі ў беларускім аналягу McDonaldʼs, калі брэнд ужо пайшоў зь Беларусі. Цяпер можна параўнаць, як яны зьмяніліся.
За гэты час гамбургер у Менску падаражэў у рублях у 1,4 раза, да 4,2 рубля. Чызбургер вырас у цане ў 1,5 раза — да 4,5 рубля. Малая бульба таксама падаражэла ў 1,5 раза.
Параўнайма, колькі каштуе гэтая традыцыйная ежа ўсясьветнага брэнду за мяжой і ў Беларусі ў пераліку на эўра.
Беларусь:
- Гамбургер — 1,26 эўра
- Чызбургер — 1,35 эўра
- Малая бульба — 1,35 эўра
Літва:
- Гамбургер — 1,4 эўра
- Чызбургер — 1,7 эўра
- Малая бульба — 1,7 эўра
Польшча:
- Гамбургер — 1,57 эўра
- Чызбургер — 1,71 эўра
- Малая бульба — 2,1 эўра
McDonaldʼs не публікуе на сваім сайце агульных цэнаў для пэўнай краіны, яны могуць адрозьнівацца ў розных рэстарацыях.
Што зь якасьцю ежы і сэрвісам
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі аматарамі ежы ад McDonaldʼs. Некаторыя зь іх раскрытыкавалі беларускія аналягі, якія прапануе Mak.by, іншыя, наадварот, адказалі, што «розьніцы амаль няма».
«Дадалі новых бургераў зь беларускім калярытам, з грыбамі, напрыклад. Гэта ўжо зусім не McDonaldʼs, але месцамі смачна. Прыемна, што імкнуцца рабіць нейкую беларускую ежу. Памятаю, што на самым пачатку, калі брэнд сышоў, я паехаў туды паесьці і зьдзівіўся, наколькі нясмачна і не падобна да таго, што было раней. А зараз, магчыма, нешта палепшылі, а магчыма, я проста звыкся і забыўся, які арыгінал на смак», — кажа адзін з суразмоўцаў.
Іншы суразмоўца заўважае, што ежа нестабільнай якасьці: «часам нармальна, а часам ня вельмі». Ён кажа, што гэта горш, чым было, калі існаваў арыгінальны брэнд, але не катастрафічна: на 4 балы з 5.
Пастаянны наведнік сеткі Mak.by, які, бываючы за мяжой, адмыслова наведвае ўстановы сеткі McDonalds, у размове з Свабодай зьвяртае ўвагу, што беларускі адпаведнік саступае амэрыканскаму арыгіналу найперш нават ня якасьцю ежы і яе асартымэнтам.
«Мы зь дзецьмі ходзім туды пастаянна, — гаворыць суразмоўца. — Я сам, вядома, не хадзіў бы адзін, але дзецям цікава. Дык вось розьніца ў абслугоўваньні ў першую чаргу. Напачатку было яшчэ больш-менш аднолькава. Але зараз Mak.by моцна саступае. Могуць у замове нешта ня тое прынесці, ежа там можа быць ужо халодная. Недакладуць нечага, бывае, што доўга даводзіцца чакаць замову. У McDonalds было іначай, калі яны ў Беларусі працавалі. Дзеці, магчыма, ня памятаюць, але я бачу розьніцу. Ну і ўсьмешкі, здаецца, у супрацоўнікаў ужо ня тыя».
Суразмоўца дадае, што працягне наведваць беларускую сетку — нягледзячы на тое, што ў Беларусі надалей працуюць міжнародныя Burger King i KFC. Паводле яго, у Маk.by, як і некалі ў McDonalds, усё ж удаецца заховаўць сямейны фармат. Туды па-ранейшаму прыходзяць зь дзецьмі, што ўплывае на агульную атмасфэру.
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды зь Беларусі таксама зьвяртае ўвагу на сэрвіс: зь ягоных словаў, раней узімку заўжды чысьцілі паркоўку каля McDonaldʼs, а цяпер не. Ежа стала меншага аб’ёму і падаражэла, але «на агульным фоне пагаршэньня жыцьця Маk не вылучаецца».
Сеткай Маk.by Беларусі, паводле зьвестак на мінулы год, валодае кампанія «Кволiцi Фуд», 90% якой належыць бізнэсоўцу ад малочнай прамысловасьці Аляксею Саўчуку, а 10% — Вікторыі Данько, якая раней кіравала сеткай McDonaldʼs у Беларусі. Раней бізнэс належаў кампаніі «КСБ Віктары Рэстараны», зьвязанай з казахстанскім бізнэсоўцам Кайратам Баранбаевым. У 2025 годзе ўлады засакрэцілі зьвесткі аб уладальніках беларускага Mak.by. Калі ўсясьветны брэнд McDonaldʼs у лістападзе 2022 году пакінуў Беларусь, перш сетка рэстарацыяў працавала пад шыльдай «Мы адкрытыя», але пасьля назву зьмянілі на сёньняшнюю.
Форум