Цэны на сырую нафту дэманструюць значны тыднёвы рост: нафта маркі Brent падаражэла прыкладна на 6 даляраў за барэль, паведамляе Oilprice.
На гэты момант нафта маркі Brent каштавала 114,5 даляра за барэль, а нафта маркі WTI — 100,9 даляра за барэль.
Ваенныя дзеяньні на Блізкім Усходзе застаюцца ў цэнтры ўвагі гандляроў нафтай. Асабліва іх турбуюць атакі хусітаў на інфраструктуру Саудаўскай Арабіі, у тым ліку на аб’екты кампаніі Aramco.
Кампанія Aramco пастанавіла эвакуаваць пэрсанал з сваёй штаб-кватэры ў Дахране на ўзьбярэжжы Пэрсыдзкай затокі. Гэта сьведчыць, што емэнскія хусіты цяпер валодаюць сродкамі паражэньня большай далёкасьці, чым раней, калі яны абмяжоўваліся нападамі ў Чырвоным моры і на парты Саудаўскай Арабіі на яго ўзьбярэжжы.
Тым часам сытуацыю з ростам цэн на нафту ўскладніла паведамленьне Нацыянальнай нафтавай карпарацыі Лібіі аб прыпыненьні працы нафтаправоду, якім нафта з двух радовішчаў ішла на экспартны тэрмінал Завія ў Міжземным моры. Гэта прывяло да скарачэньня здабычы на гэтых радовішчах.
Рынкі таксама ўстурбаваныя новай эскаляцыяй ў Пэрсыдзкай затоцы, якая можа паставіць пад пагрозу пастаўкі нафты, дагэтуль даволі стабільныя.
Зьяўляюцца паведамленьні, што прэзыдэнт ЗША Трамп разглядае магчымасьць нанесьці новыя ўдары па Іране, а ЗША ўзмацняюць вайсковую прысутнасьць у рэгіёне, накіроўваючы туды другі авіяносец.
Пагроза новай эскаляцыі канфлікту паміж ЗША і Іранам разбурае надзеі на паляпшэньне сытуацыі пасьля прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША ў лістападзе.
Сёлета гэткая ж высокая цана нафты назіралася толькі ў пачатку траўня і была выкліканая баявымі сутыкненьнямі ЗША і Ірану за кантроль над Армускай пратокай. Мэтай ЗША было разблякаваць пратоку для навігацыі.
Чаму гэта важна?
Калі нафта даражэе, у сьвеце адразу растуць цэны на паліва, ацяпленьне і транспарт, што цягне за сабой падаражэньні ў іншых сэктарах эканомікі. Раскручваецца інфляцыя, людзі бяднеюць.
Аднак гэта падвышае даходы краін, якія здабываюць нафту. Прыкладам, Расея мае больш магчымасьцяў папаўняць свой дэфіцытны бюджэт, каб весьці вайну супраць Украіны.